«Не хацеў стаць цяжарам для сваёй сям’і»: як склаўся лёс адміна лідскай «Дошкі ганьбы»
Іван Каспяровіч — лідскі актывіст, адміністратар Telegram-каналу «Дошка ганьбы — Ліда». Ён быў вымушаны з’ехаць ва Украіну пасля асуджэння на хімію і ўзбуджэння супраць яго чарговай крымінальнай справы, павкдамляе «Белсат».
Журналісты «Белсата» пазванілі яму
якраз у той момант, калі ён знаходзіўся на кіеўскім вакзале і рыхтаваўся ехаць
на польскую мяжу. «Дабяруся да польскай мяжы, пасля адбуду 10-дзённы каранцін,
і там ужо будзе вырашацца мой лёс», — кажа лідчанін.
Яму 43 гады. Працаваў у Лідзе аўтаэлектрыкам, займаўся кампутарнай дыягностыкай аўтамабіляў. Мае 4 дзяцей, двое з якіх — няпоўнагадовыя (малодшай дачцэ 5 год, сыну — 11).
Падчас выбарчай кампаніі ў мінулым годзе быў валанцёрам у Святланы Ціханоўскай, дапамагаў з арганізацыяй пікетаў у Лідзе ў яе падтрымку. Пасля выбараў заняўся адміністраваннем некалькіх тэлеграм-каналаў і чатаў, у тым ліку таго, дзе выкладаліся асабістыя дадзеныя дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў: адрасы, фота, тэлефоны.
«Мне скідвалі інфармацыю і на іх дзяцей. Але я прынцыпова быў супраць таго, каб гэта публікаваць. Дзеці не адказваюць за сваіх бацькоў. А заняўся гэтым з-за парыву злосці на тое, што рабілі сілавікі з людзьмі пасля выбараў. У нас у Лідзе, напрыклад, некалькі асобаў проста зніклі. Падчас службы ў войску я даваў прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам. Народу, а не Лукашэнку. Таму не магу прыняць і прабачыць той гвалт сілавікоў», — узгадвае Іван.
Восенню на яго выйшаў ГУБАЗ. Актывіста затрымалі 27 лістапада па дарозе на працу.
«Былі допыты, пагрозы. Завезлі ў ІЧУ ў Горадню. Праз тры дні адпусцілі пад заклад у 100 базавых, які ўнесла мая сям’я», — распавядае Іван.
Суд над ім адбыўся ў Лідзе 20 студзеня, па артыкулу 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пацярпелым праходзіў кіраўнік прэс-службы гродзенскай міліцыі Яўген Дудко, які запатрабаваў 3 тысячы рублёў маральнай кампенсацыі за размешчаную пра яго інфармацыю на канале. Таксама Каспяровічу далі два гады «хатняй» хіміі.
На гэтым судзе адбылася сапраўдная аблава на тых, хто прыйшоў падтрымаць Каспяровіча. Было затрымана восем чалавек: пяцёра з іх пазней былі адпушчаныя без пратаколаў, а трое былі апытаныя ў межах крымінальнай справы па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства») і таксама адпушчаныя. Затрыманне было звязанае з сітуацыяй, што здарылася на два дні раней, падчас вынясення 18 студзеня прысуду вядомаму лідскаму актывісту, цяпер — палітзняволенаму Вітольду Ашурку, якога пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі. Тады людзі пасля вынясення прысуду пачалі скандаваць у судовай зале «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!».
Іван Каспяровіч падаў апеляцыю на вырак. Таксама апеляцыю падаў і Яўген Дудко разам з пракурорам — маўляў, калі актывіст застанецца ў хаце, то зноўку будзе адміністраваць тэлеграм-каналы. У выніку 25 сакавіка адбыўся новы суд, на якім два гады «хатняй» хіміі замянілі на два гады рэальнай, з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Кампенсацыю маральнай шкоды знізілі ўдвая, да 1,5 тысяч рублёў.
Перад гэтым новую справу супраць Каспяровіча ўзбудзілі ў Дзятлаве — за слова «асобіна», якое палічылі абразлівым, і распаўсюд асабістых звестак. У дзятлаўскім ІЧУ Іван Каспяровіч прабыў трое содняў.
«Там мне напрамкі сказалі, што атрымаю яшчэ нямала. Я зразумеў, што ад мяне проста так не адчэпяцца. Калі мяне пасадзяць, то гэта дорага будзе каштаваць маёй сям’і. Мая жонка мае інваліднасць, атрымлівае толькі 300 рублёў заробку. Таму вырашыў з’ехаць, спачатку ва Украіну», — кажа Іван Каспяровіч.
Прыехаў у Кіеў, зрабіў там візу і накіроўваецца ў Польшчу. У Беларусі яго абвясцілі ў вышук.
«Не хацеў станавіцца цяжарам для сваёй сям’і. На волі змагу зрабіць для яе больш», — падсумаваў актывіст.