«Не рабі сабе дрэнна». Доктар Андрэй Белавешкін — пра шкоду дрэнных навін

Адмыслоўцы ўсё часцей кажуць пра магутную псіхалагічную траўму беларусаў, якія ўжо два з паловай гады жывуць у сітуацыі выклікаў і кепскіх навін. Доктар Андрэй Белавешкін дае шэраг парад, як перастаць «рабіць сабе дрэнна».

scale_1200__2__12.webp

У інфармацыйным асяроддзі ёсць некалькі тыпаў дэструктыўных паводзін:

думскролінг (doomscroling) — калі мы працягваем гартаць стужку навін нягледзячы на іх таксічнасць і пагаршэнне свайго самаадчування;

хейтвочынг (hatewatching) — калі мы глядзім тое, што нас злуе, раздражняе, выклікае гнеў і асуджэнне, павышае адчуванне ўласнай перавагі;

хейтфалоўінг (hatefollowing) — калі мы сочым за людзьмі, якія нас раздражняюць і злуюць.

Ва ўсіх гэтых мадэляў паводзін ёсць агульнае — мы шкодзім сабе і факусіруемся на шкодным і дэструктыўным, працягваем гэта рабіць і адчуваць цягу нягледзячы на наступствы.

У інфармацыйным полі выйграе той, хто атрымлівае больш ахопаў. Таму навінавыя стужкі і шоу могуць складацца практычна цалкам з нянавісці, крытыкі і зла. Нічога асабістага, гэта сапраўды эфектыўна для павелічэння праглядаў. Даследаванні паказваюць, што кожны працэнт рэакцыі «нянавісць» на шоу на 0,7% павялічвае верагоднасць прагляду наступнай серыі, а кожны працэнт рэакцыі «каханне» — усяго на 0.3%.

Навіны з нянавісцю і чарнухай набіраюць рэпосты хутчэй, таму алгарытмы аддаюць ім перавагу ў стужцы. Так узнікае бурбалка негатыву, што высушвае вашу псіхіку.

Як гэта працуе?

Першы механізм — негатыўная прадузятасць. Нашаму мозгу інфармацыя пра небяспеку, смерці, катастрофы падаецца больш важнай для выжывання, чым пазітыўная. Мозгу здаецца, што чым больш ён паглядзіць трэшу, тым больш будзе гатовы да яго.

Трэш прыцягвае больш увагі, выклікае большы выкід дафаміну — таму многія любяць глядзець пра жахі і забойствы. У нас ёсць схільнасць не выпускаць крыніцу пагрозы з-пад увагі, пастаянна сачыць за ёй.

Спытайце сябе, ці ўплывае гэта на канкрэтныя рашэнні, якія вы прымаеце? Калі не, то гэты негатыў не патрэбны (хоць і прыцягальны). Сюды ж дадаецца схільнасць да навізны — трэба больш розных дрэнных навін.

Другі механізм — гэта перамежнае падмацаванне. Мы падсаджваемся на стужку навін, роўна як гульняман на ігральны аўтамат. Выпадковая добрая навіна ў патоку дрэнных выклікае ўздым дафаміну, як выпадковы выйгрыш у азартных гульнях. І мы хочам паўтарыць, «схаваць і схаваць зноў», спадзеючыся, што вось-вось пашанцуе, вось-вось атрымаем сваю дозу.

На самай справе мы проста прайграём сваё жыццё і здароўе.

Трэці мэханізм — гэта ўласная перавага. Танны і шкодны спосаб падняць узровень свайго дафаміну —самасцвярджацца за кошт кагосьці, адчуваць сябе лепш, асуджаючы і гневаючыся. Калі вы глядзіце або сочыце за «тупымі невукамі», крытыкуеце іх, асуджаеце, гневаецеся, то, пардон, дурныя тут менавіта вы. Адчуваеце прыліў дафамінавага ўзбуджэння і сіл пасля таго, як вы «запалалі праведным гневам» або «асуджальна паглядзелі тупое шоу з тупіцамі»?

Чацвёрты механізм — гэта памылка вызначэння статусу. Мы (дый іншыя прыматы) часта блытаем прыматыўнасць з сацыяльным рангам. Прыматыўнасць — гэта «жывёльныя» паводзіны: растарможанасць, агрэсіўнасць, дэвіянтныя паводзіны, брыдкаслоўе, рызыкоўныя паводзіны, парушэнне правілаў… Але з-за асаблівасцей нашай біялогіі яны шмат каму падаюцца паказчыкам статусу (ведаў, сілы, уплыву). Таму «дрэнныя хлопцы» выглядаюць высокастатуснымі (але не з'яўляюцца такімі), а ў нас ёсць схільнасць сачыць і, што нашмат горш, пераймаць іх паводзіны. Дэфіцыт зносін і сацыяльная ізаляцыя ўзмацняюць гэтую схільнасць.

Чаму гэта небяспечна?

Акрамя таго, што вы прасаджваеце гадзіны свайго жыцця, як гульняман прасаджвае грошы, тузаючы за ручку аўтамат, усё гэта шкодзіць вашаму фізічнаму і псіхічнаму здароўю: узнікае паралізавальнае адчуванне, што ўсё вакол вельмі дрэнна, павялічваецца рызыка дэпрэсіі, трывожных расстройстваў, панічных нападаў, фобій, зніжаецца самакантроль, вы больш сядзіце, часцей пераядаеце і многа выпіваеце, узмацняюцца хранічныя болі, пагаршаецца сон, узнікаюць праблемы з шыяй, зніжаецца канцэнтрацыя, дэфармуюцца асобасныя рысы (узмацняецца нейратызм і да т.п.). Увогуле, нічога добрага.

Што ж рабіць?

Прызнаць, што вы патрапілі ў пастку залежных, адыктыўных паводзін і ўсвядоміць гэта. Цвяроза ацаніць уплыў на сваё жыццё — ад выдаткаванага часу да прамой шкоды здароўю, зразумець, што існуюць больш здаровыя і прадуктыўныя спосабы кіраваць сваімі эмоцыямі, зразумець, што гэтыя паводзіны шкодзяць, шкодзяць розуму, душы і целу.

Паколькі часцяком такія паводзіны становяцца кампульсіўнымі і выслізгваюць з-пад самакантролю, прыйдзецца дзейнічаць не толькі праз апошні, але і мяняць асяроддзе — ставіць таймеры, прасіць дапамагчы блізкіх, навучыцца метаду «спыні»: адразу спыняць паводзіны, як толькі вы ўсвядомілі, што зноў у пастцы, ставіць ліміты.

Спытаеце сябе: што я шукаю ў гэтым? Суцяшэнне? Усведамленне слушнасці або пацвярджэнне страхаў? Чаму я навучуся? Гэта важна ці можа пачакаць?

А інфармацыйны фастынг (intermittent information fast — перыядычнае інфармацыйнае галаданне) — таксама выдатная гісторыя для мозгу.