Не «Рускі віцязь», а «Асілак»
На мапах Google некарэктная назва беларускага помніка была змененая пасля звароту сябра Руху «За Свабоду» Алеся Зайцава.

Помнік «Асілак» прысвечаны вызваленню Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На чыгунных плітах побач са скульптурай — імёны жыхароў рэгіёна, якія загінулі пад час Другой сусветнай вайны. Доўгі час на Google maps гэты помнік з нейкай нагоды называўся «Рускі віцязь», пакуль пытаннем не зацікавіліся мясцовыя актывісты.

Пасля звароту ў службу падтрымкі помнік пераназвалі.

«Белавежская пушча, частка якой знаходзіцца на тэрыторыі Свіслацкага раёна, даўно цікавіць не толькі беларусаў, але і гасцей краіны. Свіслаччыну даўно аблюбавалі замежныя госці, у памежжы знаходзяцца мноства аграсядзібаў, якія могуць задаволіць патрэбы любога „заморскага“ госця. І вельмі важна, каб уся інфармацыя даносілася да гасцей у неперакручаным выглядзе», — адзначыў Алесь Зайцаў.
А калі гаворка ідзе пра помнікі, названыя пры іх узвядзенні па-беларуску, то, дадаў ён, што і інфармацыя павінна падавацца па-беларуску. «За кожным імем і назвай помніка, вуліцы, вёскі, мястэчка стаіць гісторыя — гісторыя краіны, мовы. І хай гэтую гісторыю ведае і госць, які зайшоў на сэрвіс Google Maps, прачытаўшы назва на мове краіны, на тэрыторыі якой ён знаходзіцца», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».
pyx.by