«Не супакояцца ні выкладчыкі, ні студэнты»
Кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
факультэту філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржунівэрсітэта Таццяна Сініца,
якую затрымалі ў Менску 9 лістапада, у дзень маршу пенсіянераў, пагутарыла са
Свабодай.
Тацяна Сініца — адна з паўсотні выкладчыкаў БДУ, якія выступілі з відэазваротам «Унівэрсітэт — тэрыторыя свабоды», яна падтрымала студэнтаў-страйкоўцаў.
Выкладчыца кажа, што яе затрымалі «дзіўна», бо яна не была ў калоне, а стаяла са студэнтамі ля «Макдональдса». У руцэ трымала кветку, як і бальшыня пенсіянераў.
«У мікрааўтобусе, які пад’ехаў, ужо былі адчыненыя дзверцы, выбеглі людзі ў чорным. Студэнты збеглі, а я пайшла ім насустрач, людзі ў чорным сказалі, што мяне затрымліваюць».
У РУУС на яе склалі пратакол па артыкуле 23.34 і адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. На наступны дзень суд па скайпе аштрафаваў яе на 810 рублёў.
На Акрэсціна Тацяна Сініца трапіла ў адну камеру з лекаркамі, якіх затрымалі 7 лістапада, і са студэнткай факультэту міжнародных адносін БДУ Ульянай Масалавай.
«Ульяну затрымлівалі больш жорстка, напалі ззаду, цягнулі і крычалі на яе „С..ка, зараз табе пальцы адрэжам“, бо ў яе быў бел-чырвона-белы манікюр, на яе ціснулі ў РУУС і потым далі 12 сутак. Людзі там сядзяць выдатныя, фантастычныя. Дзяўчына Наталля прыйшла ў РУУС па позве. На яе ціснулі, каб яна падпісала пратакол, што ёй выдалі кветкі і заплацілі за ўдзел грошы. Яна адмовілася, і яе накіравалі на Акрэсціна».
Паводле Тацяны Сініцы, ва ўніверсітэце «не супакояцца ні выкладчыкі, ні студэнты», хоць на гэты момант пратэсты не масавыя.
«Гэта немагчыма пагасіць, пакуль усё не павернецца ў нармальнае рэчышча. Бальшыня выкладчыкаў супраць гвалту і стараюцца як могуць падтрымліваць студэнтаў, яны разумеюць, што ў краіне поўны прававы дэфолт. Сэнс адукацыі прападае, калі нічога не памяняецца ў бок захавання законнасці, правоў чалавека. Бо калі ёсць сіла і гэта галоўны закон, то для чаго тады веды?»
У БДУ прыходзіла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Пасля гутаркі са студэнтамі Качанава сказала, што яны, маўляў, самі не ведаюць, чаго хочуць. Як Тацяна Сініца ставіцца да гэтых словаў чыноўніцы?
«Насамрэч гэта прамая маніпуляцыя. Выкладчыкі і студэнты ведаюць, чаго яны хочуць, прычым гэта нармальныя, простыя рэчы. У нас ёсць Канстытуцыя, заканадаўства, таму дзейнічайце паводле Канстытуцыі і законаў. Ня трэба перапісваць Канстытуцыю. Выпраўце, калі ласка, тое, што ўжо было сапсавана. Былі сапсаваныя выбары — вярніце гэта. Быў гвалт, недапушчальны па законах, — выпраўце гэта. Дайце нам аснову. Ёсць закон — дзейнічайце па законе».
У відэазвароце выкладчыкаў Тацяна Сініца кажа, што вышэйшая мэта сферы адукацыі і яе работнікаў — дапамагчы сфармавацца асобе, а ва ўмовах несвабоды гэта немагчыма. Ці застаецца БДУ тэрыторыяй свабоды?
«Свабода паступова сыходзіла з універсітэту цягам 26 гадоў. І цяпер, падчас абвастрэння сітуацыі, стала відавочна, што часам на чале факультэтаў стаяць некампетэнтныя людзі, якія ўмеюць рабіць пэўныя дысцыплінарныя рэчы. Універсітэт не цяпер страціў свабоду. Але цяпер узнікла вострае разуменне таго, што гэтую свабоду трэба вяртаць».