У рэанімацыю ў цяжкім стане патрапіў затрыманы на Плошчы перамен менчук
Вечарам 11 лістапада ў Мінску на Плошчы Перамен невядомыя накінуліся на мясцовых жыхароў.
“Учора на плошчу Перамен прыехалі невядомыя і спрабавалі зразаць бел-чырвоныя-стужкі. Завязалася бойка, паведамляюць пра затрыманага. Пазней, калі ўсе разыйшліся, зноў быў апаганены мурал з дыджэямі," - паведамляе ТГ-канал nashaniva.
У разгары канфлікту з бусіка выбеглі людзі ў масках і схапілі маладога чалавека.
Праваабаронцам вядома, што прозвішча затрыманага — Раман Бандарэнка. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі хуткай медыцынскай дапамогі ў рэанімацыйным аддзяленні.
У лякарню на аперацыю яго даставіла хуткая дапамога з Цэнтральнага РУУС Мінска.
Дыягназ Рамана Бандарэнкі, якога пабілі на «плошчы Перамен»:
цяжкая закрытая ЧМТ, вострыя субдуральныя гематомы на галаве,
кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак.