Не ў рэйтынгу справа
У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна ўвайсці ў першую трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці. Аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) лічаць, што Беларусь ужо да 2012 года мае шанцы патрапіць у другі дзесятак краін рэйтынгу, і нават не змяняючы асноў эканамічнай палітыкі.
У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна ўвайсці ў першую трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай
дзейнасці. Аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) лічаць, што Беларусь ужо да 2012 года мае шанцы патрапіць у другі дзесятак краін рэйтынгу, і нават не змяняючы асноў
эканамічнай палітыкі.
«Гэту задачу перад урадам я ўжо стаўлю не першы год. Трэба прызнаць, што на шляху лібералізацыі ўмоў гаспадарчай дзейнасці мы дамагліся пэўных поспехаў. Большасць рашэнняў у гэтай сферы
прымаецца пасля адпаведных кансультацый з прадпрымальніцкай супольнасцю. У выніку Беларусь уключаная ў дзесятку краін, якія найбольш актыўна праводзяць рэформы», — з задавальненнем
канстатаваў беларускі лідэр. Рэйтынгавая мэта з’явілася яшчэ ў 2008 годзе. За гэты час было прынята 80 нарматыўных актаў, што прывяло да абмежаванай лібералізацыі інвестыцыйнага клімату і
насамрэч пасунула пазіцыю дзяржавы ў рэйтынгу Doing Business Report Сусветнага банка на 24 пункты — да 58-га месца.
Першая хваля лібералізацыі ўмоў бізнесу ў 2007–2008 гадах стала магчымай шмат у чым дзякуючы супрацоўніцтву ўрада Беларусі з Сусветным банкам і Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, якая
кансультавала кіраўніцтва дзяржавы па пытаннях спрашчэння працэдур рэгістрацыі прадпрыемстваў і стварэнні стартавых умоў для вядзення бізнесу. Далейшы пад’ём Беларусі ў рэйтынгу
бізнес-клімату патрабуе рэформ у сферах крэдытавання, падаткаабкладанні, абароны інвестараў і ўмоў вядзення знешняга гандлю. Аналітычны даклад эксперты BISS называюць своеасаблівай
«шпаргалкай» беларускаму ўраду па «накачванню» рэйтынга, і падкрэсліваюць, што ён хутчэй арыентаваны на метадалогію Сусветнага банка, чым на рэальныя патрэбы
беларускай эканомікі.
У падатковай палітыцы эксперты прапануюць спрасціць і стабілізаваць заканадаўства, знізіць сацыяльныя падаткі і адлічэнні, пашырыць практыку электроннага дэкларавання. У міжнародным гандлі —
прызнаць у Беларусі дакументы, выдадзеныя прызнанымі органамі сертыфікацыі іншых краін, спрасціць правілы, якія пацвярджаюць перамяшчэнне тавараў, адмяніць ці спрасціць статыстычнае дэклараванне, а
таксама адмяніць валютны кантроль банкамі. Таксама робіцца акцэнт на неабходнасці стварыць рыначныя і дзяржаўныя інстытуты, якія спрашчаюць доступ суб’ектаў гаспадарання да крэдытаў,
развіваць канкурэнцыю на рынку банкаўскіх паслуг.
BISS адзначае неадназначнасць некаторых аспектаў метадалогіі, што выкарыстоўваецца ў Doing Business Report. Гэта дазваляе ўраду Беларусі паспяхова карыстацца наяўнымі нішамі і ажыццявіць
«фасадную надстройку эканамічных інстытутаў пад чаканні знешніх гульцоў». Пераадоленне глыбінных фактараў, якія тармозяць стварэнне ў Беларусі сапраўды свабоднай рынкавай эканомікі,
запатрабуе фундаментальных рэформ і перагляду ўсяго комплексу падыходаў дзяржавы да кіравання эканомікай і адносінам з прыватным бізнесам.
«Аднак у тым, што адбываецца, мы бачым нейкі эвалюцыйны патэнцыял. Палавінчатыя рэформы, якія здзяйсняюцца ў іміджавых мэтах, могуць мець станоўчы эфект для краіны ў цэлым. Гэта —
пэўная эвалюцыя эканамічнай палітыкі, мадэрнізацыя мыслення кіруючай эліты краіны і паслабленне антырынкавай рыторыкі стэрэатыпаў у беларускім грамадстве, — адзначае аналітык BISS, кіраўнік
аўтарскага калектыву дакладу Аляксей Пікулік. — Рэйтынг Doing Business Report можа быць скарэляваны і выкарыстоўвацца іншымі рэйтынгамі і інвестыцыйнымі агенцтвамі, што ў некаторай ступені
ўплывае на прывабнасць для інвестараў. Таму, «накачаўшы» рэйтынг, можна чакаць пэўную станоўчую дынаміку ў прыцягненні ў краіну інвестыцый».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Сяргей Сямашка запэўнівае, што ў парламенце да рэйтынга няма
асаблівай прыязнасці. «У нас няма такога глыбока «пакланення» рэйтынгу. Так, Міністэрства эканомікі і Савет міністраў займаюцца пытаннямі паляпшэння рэйтынгу, і сёння
кіраўнік Беларусі зноў паставіў перад урадам задачу ўвайсці ў «трыццатку». Але ў нас ідзе нармальны заканатворчы працэс. Ёсць там пункты, датычныя рэйтынгу, але не так гладка яны
праходзяць і не ўсё, што было прапанавана па паляпшэнні рэйтынгу будзе ўключанае.
Разам з тым пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў зазначыў, што Сусветны банк распаўсюдзіў заяву, паводле якой рэйтынг краіны не мусіць адбівацца на рэсурсах, якія яна
атрымлівае, хаця і не выключае факту таго, што высокае месца ў рэйтынгу спрыяе інвестыцыйнаму працэсу.
«Любая станоўчая інфармацыя ўспрымаецца добра. Інвестары, якія раней прыглядваліся да Беларусі, цяпер ведаюць, што тут невысокі ўзровень карупцыі ў дзяржорганах, ёсць рынак кваліфікаванай
рабочай сілы, развітая інфраструктура... Але інвестары кіруюцца як рацыянальнымі, так і ірацыянальнымі крытэрамі ў сваіх рашэннях. Таму нават калі Беларусь патрапіць у дзесятку Doing Business Report,
гэта не будзе роўна эластычнасці інвестыцыйнай прывабнасці, умоўна кажучы, дзесятае месца не азначае аўтаматычнае павелічэнне колькасці інвестараў у дзесяць разоў. Мусіць быць сукупнасць
фактараў», — падкрэслівае прадстаўнік Сусветнага банка.