«Нехта перапалоханы, адна дзяўчынка плача...» Ганна Севярынец распавяла, як вучыла дзяцей у дзень вайны
«Як я правяла сённяшні дзень і як збіраюся праводзіць бліжэйшыя», — распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку пісьменніца і педагог Ганна Севярынец. Прыводзім тэкст цалкам.
— Самымі складанымі былі першыя ўрокі — у пяціклашак, — піша Ганна Севярынец. — Дзеці ўзбуджаныя. Нехта ўжо ведае, што адбылося, нехта не ведае, нехта прыгнечаны, нехта перапалоханы, адна дзяўчынка плача, бачу, калі не ўзяць сітуацыю пад кантроль, будзе кепска. Таму ныць і панікаваць самой ніяк нельга, хаця насамрэч унутры ўсё калацілася ад нянавісці, разгубленасці і разумення, што вось проста так, проста зараз, тлумачыць дзецям правілы рускай мовы я не толькі не магу, але і тупа ня буду. Хаця б сёння. Але адначасова было ясна, што і проста так адмахнуцца ад тэмы нельга — гэтым дзецям расці, сталець і кіраваць светам пасля нас, і я не маю права сёння, менавіта сёння кінуць іх без контураў і межаў рэакцыі на вайну.
Пакуль прымала рашэнне, стоячы пасярод воклічаў, піску, шэпту і слёз, ліхаманкава перабірала ўсё, што магу зрабіць: і віды працы, і жанры, і тэмы; бачыла, што нельга давіць на тэму вайны (з-за перапалоханых), нельга падымаць тэму нацыянальнасцяў (дзеці розныя), але нельга і не закрануць тэму, адным словам, гэта была цяжкая хвіліна. А больш за хвіліну ў мяне часу і не было.
Таму спачатку мы пагаварылі пра мары. Якія яны бываюць, маленькія і вялікія, ці бываюць мары агульныя, для ўсіх, ці трэба пакідаць іх без увасаблення альбо трэба нешта рабіць і мары ўвасобяцца. Дзеці самі сказалі, што агульная мара для ўсіх — гэта мір на зямлі. Так і сказалі.
Потым пагаварылі пра мовы. Навошта яны розныя, калі мара — агульная, ці дапамагае нашаму шляху да мары тое, што мы ідзем да яе кожны сваім шляхам і кожны са сваёй мовай. Спыталася, на якіх мовах мы можам сёння запісаць агульныя мары, ці ёсць у нас межы. Дзеці сказалі: нас абмяжоўвае толькі колькасць моў, астатняе нам падкажа гугл.
І далей мы рабілі прыгожыя плакаты пра мір на зямлі на розных мовах. Дамовіліся, што беларуская, руская і ўкраінская будуць на плакатах абавязкова, але ўвогуле каб моў было як мага больш. Дзеці моцна захапіліся, пачалі, высунуўшы ад старання языкі, перамалёўваць арабіцу і грузінскія карункі, ідыш і бенгальскія іерогліфы, маляваць сардэчкі і галубоў, а тая дзяўчынка, што ніяк не магла супакоіцца, прыдумала намаляваць мора, а ў ім — ратавальныя кругі ў выглядзе пончыкаў. Падсела да яе, каб не выпускаць з вачэй, і кажу: мы з табой зараз панамалюем магічных пончыкаў цэлы ватман, і усё будзе добра. Адначасова навучыла яе старому, з савецкага дзяцінства, прыёмчыку, як зрабіць прыгожы фон: бярэш абрывак паперчыны, густа намазваеш алоўкам, а потым вазюкаеш абрыўкам па ватмане. Атрымліваецца сапраўднае мора.
А потым быў кантрольны дыктант па рускай мове. Хацела даць нейкі антываенны тэкст — але скласці самой не было ніякай магчымасці, словы не лезлі з рота. Тады стала ліхаманкава шукаць па кніжках і зборніках — госпадзе, адно нейкае імперскае абы што, то пра рускія бярозкі, то пра рускага салдата, то пра Маларасію (Мікалай Васільевіч Гогаль, дзякуй табе). Узяла проста прыгожы тэкст пра Кіеў з асееўскай «Дзінкі» — пра каштаны, бульвары, горы, Днепр і прыгажосць.
Ну, а потым ужо былі «Пошукі будучыні», і там мы троху пагутарылі пра вайну ўвогуле і сталі чытаць раман з таго месца, дзе спыніліся мінулы раз.
І што я думаю пра гэта.
Я думаю, што — давайце спакойна і шчыра — спыніць гэтае вар'яцтва, вайну, спадчыну дзікага дваццатага стагоддзя, мы тут у Беларусі кожны паасобку не можам, хоць бы і падпісалі сто пяцьсот петыцый альбо гукнулі мільён разоў у фэйсбуку. Хто можа, той мусіць ужо стаяць поплеч з украінцамі на кальцавых дарогах іх гарадоў, а хто не можа — не трэба ляманту і гістэрыкі. Давайце цвяроза ацэньваць падзеі: гэта вайна, і яе трэба ператрываць і перажыць, не ў куце седзячы і не галосячы па сацсетках, а ў дапамозе, салідарнасці, маленькіх і вялікіх справах дзеля тых, каму сёння цяжка.
І самае галоўнае: мы не толькі можам, але і мусім думаць пра тое, якімі вырастуць нашы дзеці. Сярод іх цяпер — будучыя прэзідэнты, міністры, дактары і настаўнікі, афіцэры, памежнікі. Мы, асклепкі свайго жудаснага стагоддзя, натуральным чынам знікнем з усімі нашымі загонамі, траўмамі, трабламі, страхамі, савецкай ментальнай спадчынай і рознымі іншымі багамі. А яны будуць кіраваць светам.
І не трэба плакаць і рваць на сабе валасы: што мы пакінем нашым дзецям. Мы мусім ім пакінуць крытычнае мысленне, непрыймальнасць гвалту, уменне дамаўляцца, уменне паважаць адзін аднаго, самастойнасць у развагах, уменне казаць «не» каму заўгодна, ад бацькі альбо настаўніка да вайсковага камандзіра, захаваць для іх сваю мову, сваю гісторыю, сваю краіну, а таксама — уменне любіць.
Як бы не было сёння страшна — мы мусім рушыць наперад, са старых часоў у новыя, якія, як заўсёды, нараджаюцца праз дзікі боль, кроў, слёзы і страх.
І яшчэ. Я катэгарычна супраць абагульнення «мы, беларусы, вінаватыя». Мы, беларусы — невінаватыя. Мы другі год супрацьстаім дыктатуры. У нас усе кошты, якія хочацца нам прад'явіць, аплочаныя нашымі загінулымі і ўвязненнымі. Хопіць пасыпаць галовы попелам і невядома з якой нагоды далучаць сябе ў хаўруснікі да хеўры. Я — не вінаватая ў гэтай вайне. Я — супраць. І я збіраюся рабіць тое, што магу, каб дзеці, з якімі я сёння размаўляю і буду размаўляць заўтра, ведалі, што даражэй за мір і чалавечае жыццё на зямлі нічога няма.
Слава Украіне.
Жыве Беларусь.