Ніякай дапамогі выкладчыкам. Як улады закрываюць прыватныя ВНУ

Студэнты вымушаныя пераводзіцца ў дзяржаўныя ўніверсітэты і ліквідаваць акадэмрозніцу, а вось пра выкладчыкаў наогул ніхто не паклапаціўся — людзі «аказаліся на вуліцы».

Студэнты нешматлікіх беларускіх прыватных ВНУ вымушаныя пераводзіцца ў дзяржаўныя. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Студэнты нешматлікіх беларускіх прыватных ВНУ вымушаныя пераводзіцца ў дзяржаўныя. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі сёлета спынілі працу дзве прыватныя ВНУ — Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій (БІП) і Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. За бортам засталіся тысячы студэнтаў — ім ужо знайшлі новыя месцы ў дзяржаўных установах адукацыі. Што будзе з выкладчыкамі — пытанне адкрытае, піша «Зеркало» са спасылкай на Tochka.by.

Студэнты без ВНУ

Яшчэ вясной студэнтка-завочніца Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці (ІПД) Ірына здавала сесію і з радасцю пераводзілася на чацвёрты, апошні курс навучання. А летам яна і яе аднакурснікі даведаліся: ВНУ больш не будзе працаваць.

«Мы пачулі гэта з навін, нам ніхто нічога не сказаў. Проста потым пацвердзілі інфармацыю ў дэканаце. Прычыну мы не ведаем дагэтуль, але перадумовы да гэтага былі», — кажа дзяўчына.

Пасля вясновай сесіі ў ІПД, паводле яе слоў, прыходзіла «прэзідэнцкая камісія» і «ўсе стаялі на вушах». Такія праверкі былі потым некалькі разоў. А яшчэ ў гэтым годзе чамусьці не абвясцілі пра старт прыёмнай кампаніі. Кіраўніцтва ВНУ, мабыць, ужо ведала, што хутка інстытут зачыніць дзверы.

«Здаецца, тыя, хто звальняўся сёлета, ужо ўсе ведалі — а такіх было нямала. Плюс у нас летась адна спецыяльнасць не прайшла акрэдытацыю — давалі паўгода на ліквідацыю праблем. Ды і некаторыя выкладчыкі гаварылі: “Пабачыце, нас закрыюць". Але мы спадзяваліся, што гэта проста чуткі», — расказвае Ірына.


Глядзіце таксама

Доўгі час толкам інфармацыі не было. Што рабіць далей і куды пераводзіцца, студэнты не ведалі.

«Плана дзеянняў не было. Нам дапамаглі хутка закрыць усе запазычанасці па вучобе — дзякуй за гэта. Папрасілі ўсіх пагасіць нейкія фінансавыя пытанні, калі такія былі. І мы не ведалі амаль месяц, куды нас будуць пераводзіць», — згадвае студэнтка ІПД.

Усяго ў ВНУ каля 400 чалавек: гэта і дзённая форма навучання, і завочная, і дыстанцыйная. Менш за ўсё пашанцавала некаторым студэнтам, якіх не так даўно перавялі з іншай закрытай прыватнай ВНУ — Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта (МІУ). Цяпер іх зноў чакаў новы стрэсавы этап — чарговы перавод у іншую ўстанову адукацыі.

Мінус — акадэмрозніца

Улетку студэнтаў былога ІПД сабралі ў БДЭУ. І тады ўжо з'явілася больш канкрэтыкі: можна перавесціся ў гэтую ВНУ.

«Нам расказалі, як і што будзе праходзіць. Стала больш зразумела і спакойна. Наш інстытут усё яшчэ не разумеў, як правільна аформіць перавод па дакументах. Балазе, нам усё патлумачылі», — кажуць студэнты.

У БДЭУ на спецыяльнасці «Эканаміст» было некалькі падспецыялізацый. Студэнтам прапанавалі выбраць, хто куды пойдзе. Пры пераводзе ўтваралася акадэмічная розніца. Але тут пайшлі насустрач: яе дазволілі здаць крыху пазней, каб студэнты без праблем закрылі спачатку асноўную сесію.


Глядзіце таксама

«У верасні будзе сесія, потым нам даюць каля паўтара месяца на падрыхтоўку да акадэмічнай школы. А потым ужо дзяржіспыты і дыплом. Адзін з плюсаў — вучоба на завочным у БДЭУ на паўгода карацей, чым у нашым былым інстытуце», — расказвае Ірына.

Яшчэ адзін мінус — студэнты разумеюць, што да адукацыі ў дзяржаўнай ВНУ будуць падыходзіць куды больш патрабавальна.

«Але ў плане якасці адукацыі, думаю, мы выйграем. Таму што ў нас выкладчыкі маглі на нешта заплюшчваць вочы. Напэўна, так у многіх ВНУ да платнікаў-завочнікаў ставяцца. Але вось тая ж "дыстанцыёнка", што ў нас была: людзі здавалі іспыты ў выглядзе тэстаў дыстанцыйна. Канешне, нешта можна было і па інтэрнэце зрабіць. Цяпер дыстанцыйная форма стане звычайнай завочнай. Вядома, гэта не ўсім падабаецца», — кажа дзяўчына.

Плюсаў больш

Першае, што пазрадавала новых студэнтаў БДЭУ, — гэта істотная розніца ў аплаце. Паводле слоў студэнтаў, калі яны толькі паступалі ў ІПД у 2021 годзе, то «завочка» абыходзілася куды танней, чым у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Кожны год аплату сур'ёзна павышалі.

«Выкладчыкі скардзіліся, што заробак у іх не рос. Студэнтаў станавілася ўсё менш, таму падымалі цану за вучобу. За гэтыя гады "наргас" дадаў у кошце толькі 150 рублёў, а ў нас у разы падаражэла ўсё», — дзеліцца Ірына.

Калі год у ІПД на завочным абыходзіўся ў 2300 рублёў, то ў БДЭУ ён цяпер будзе каштаваць 1290 рублёў. З улікам таго, што вучоба карацейшая, студэнты заплацяць за семестр толькі 700 рублёў. Зэканомілі добрыя грошы, атрымліваецца.

А што ж будзе з выкладчыкамі? Яны сказалі студэнтам, што ўсе «аказаліся на вуліцы» — ніякай дапамогі з працаўладкаваннем ім не прапанавалі.


Глядзіце таксама

Выданне Tochka.by задало гэтае пытанне Міністэрству адукацыі, але пакуль не атрымала адказу.

Пра закрыццё прыватнай ВНУ «БІП — Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій», адной з найстарэйшых у Беларусі, стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. У сакратарыяце рэктара «Зеркалу» паведамілі, што такім было рашэнне заснавальнікаў.

Усяго праз некалькі дзён з'явілася інфармацыя пра закрыццё яшчэ адной камерцыйнай ВНУ — Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці (ІПД). Акрамя таго, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва заявілі, што не будуць набіраць першакурснікаў, астатнія студэнты працягнуць вучобу.