Новы модны адпачынак: праменады на балоце па экасцежцы

Экалагічныя актывісты дамагліся пабудовы на самым вялікім верхавым балоце Беларусі адмысловай экасцежкі. Цяпер у аматараў незвычайнага прыгожага адпачынку з’явілася новая мэта на мапе Беларусі.



Экалагічныя актывісты дамагліся пабудовы на самым вялікім верхавым балоце Беларусі адмысловай экасцежкі. Цяпер у аматараў незвычайнага прыгожага адпачынку з’явілася новая мэта на мапе Беларусі.
Балотны масіў Ельня знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, блізу горада Мёры. 25 ліпеня там адкрылася экасцежка, што вядзе да азёраўкаў –- невялікіх балотных азёраў з выспамі. 
Праз вёсачку Канахі, якую абступіў баршчавік у рост чалавека, і, падаецца, хутка захопіць; пешшу па лясной дарозе і 1,5 кіламетра проста па балоце, куды б не наважыўся сунуцца сам і дзе мясцовыя мяхамі збіраюць журавіны — гэта ты, хто апынуўся ля самага дзікага балота Беларусі і ідзе па першай у краіне экасцежцы.
Месцамі тут будаўнікі цягалі дошкі на сваіх руках, увёсну – у гумавых касцюмах па плечы, а 25 ліпеня 2014 году экасцежка пачала прымаць гасцей. Будоўля ішла год і скончылася два тыдні таму. Экасцежку зрабілі за грошы ПРААН, Еўрасаюза і мясцовых уладаў, уклаўшы каля 120 000 даляраў. Грошы патрэбныя былі ў тым ліку на адмысловую драўніну, якая б не гніла ад пастаяннай вільгаці.
Ехаць да балота давядзецца не па трасе, а па вясковай дарозе. Апошні адрэзак у кіламетр-два лёгка прайсці і праехаць летам, але толькі ў гумовіках – вясной. Сама сцежка — драўляны насціл шырынёй каля 1,5 метра. Па баках -– трава, дробнае кустоўе, невысокія балотныя дрэўцы.
Тут можна паслухаць экскурсію, якую ладзіць візіт-цэнтр у Мёрах, пахадзіць на балотаступах па сфагнуму, паназіраць за птушкамі ў бінокль з назіральнай вежы. Таксама ўздоўж экасцежкі ёсць інфармацыйныя стэнды пра балота і яго жыхароў.
«У нас толькі зараз пачалі прыходзіць да таго, каб развіваць экатурызм у заказніках і даваць магчымасць людзям пазнаёміцца з дзікай прыродай у заказніках», — кажа Вольга Каскевіч з кампаніі «У абарону беларускіх балот». Вольга і іншыя актывісты кампаніі аддаюць сілы на ўратаванне яшчэ васьмі балот Беларусі, якія знаходзяцца пад пагрозай торфаздабычы.
Паводле Вольгі, экасцежка ў паўтары кіламетры – не так шмат, і той, хто жадае, можа сам пайсці далей па балоце – асцярожна, але ведаючы, што ў верхавым балоце нельга завязнуць – гэта толькі міф. 
«Для Беларусі гэта ўнікальная сцежка, — кажа Канстанцін Чэкалаў. – У межах нашай кампаніі мы ўвесь час агучвалі ідэю стварэння такіх экасцежак, таму што для Беларусі гэта нешта новае і перспектыўнае для прыцягвання турыстаў з Еўропы, дзе такіх балот не засталося».
generation.by