Новымі правіламі па ІП

Са студзеня 2013 года частка дробных бізнэсоўцаў, магчыма, будзе вымушаная згарнуць сваю дзейнасць. Прычыны — у новым тэхрэгламенце, прынятым Камісіяй Мытнага саюза.
 



str_1_futra_logo.jpg

1 студзеня 2013 года павінен уступіць у сілу тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». У адпаведнасці з рашэннем Камісіі Мытнага саюза, прадугледжваецца ўвядзенне забароны на рэалізацыю на тэрыторыі Мытнага саюза прадукцыі лёгкай прамысловасці без пацверджання яе адпаведнасці патрабаванням тэхрэгламенту і маркіроўкі адзіным знакам абароту прадукцыі на рынку дзяржаў-сябраў Мытнага саюза. Для пацвярджэння адпаведнасці патрабаванням бяспекі мяркуецца ўкараненне ў Беларусі працэдур «ідэнтыфікацыі і сертыфікацыі» (у тым ліку правядзенне выпрабаванняў) адпаведнай прадукцыі лёгкай прамысловасці.
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка выказаў меркаванне, што новаўвядзенне можа паралізаваць працу дробных прадпрымальнікаў, якія прадаюць абутак і вопратку.
«Цяпер ад прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, не патрабуецца наяўнасць сертыфікатаў. Калі ІП прымусяць маркіраваць тавары і атрымліваць сертыфікаты, гэта прывядзе да таго, што праца малога бізнэсу ў Беларусі будзе паралізаваная», — заявіў БелаПАН Анатоль Шумчанка. Ён адзначыў, што працэдура сертыфікацыі і маркіроўкі — дарагая і затратная па часе. «І прадпрымальнікам няма сэнсу аддаваць на сертыфікацыю частку тавару, а потым чакаць месяц-два сертыфікаты», — адзначыў кіраўнік «Перспектывы».
Шумчанка прагназуе, што калі правілы рэалізацыі прадукцыі лёгкай прамысловасці на тэрыторыі Мытнага саюза зменяцца з 1 студзеня 2013 года, усе рынкі і гандлёвыя цэнтры ў Беларусі будуць зачыненыя. Паводле ацэнак прадпрымальнікаў, больш за 100 тысяч ІП будуць вымушаныя спыніць сваю дзейнасць.
РГА “Перспектыва накіравала ліст віцэ-прэм’еру Сяргею Румасу з просьбай патлумачыць, ці патрэбна будзе прадпрымальнікам з новага года праводзіць выпрабаванні прадукцыі легпрама ў мэтах ідэнтыфікацыі і сертыфікацыі, а таксама забяспечваць яе маркіроўку адмысловымі знакамі, прадугледжанымі ў рэгламенце. Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўмовы іх працы не пагоршацца. Аднак паказальна, што да меркаваных новаўвядзенняў засталося літаральна два месяцы, а прадпрымальніцкая супольнасць фактычна ніяк не абазначыла сваёй заклапочанасці, хаця гэта тычыцца не адной тысячы “іпэшнікаў, а таксама фактычна кожнага жыхара краіны.
Лакальныя канфлікты з прадпрымальнікамі — справа ў цэлым звыклая для Беларусі. Правілы гульні мяняюцца часта, інструментаў, якія б дазвалялі эфектыўна прасоўваць інтарэсы дробнага бізнэсу, фактычна няма.
Так, у кастрычніку ў Гомелі прадпрымальнікі, якія працуюць у гандлёвым цэнтры «Сакрэт», былі вымушаныя правесці нават аднадзённы страйк. 5 кастрычніка ў ГЦ «Сакрэт» з’явіўся новы ўласнік, які ўзняў арэндную плату з 45 да 120 еўра за квадратны метр і прапанаваў да падпісання новыя дамовы. У гандлёвым цэнтры працуюць прыблізна 400 прадпрымальнікаў. 23 кастрычніка прадпрымальнікі не адкрылі свае гандлёвыя пункты, павесіўшы аб’явы «Сандзень» і «Пераўлік», і правялі сход. Яны перадалі ў міліцыю калектыўную адозву пра магчымае махлярства з боку новага ўласніка.
Гомельскі аблвыканкам пасля нарады з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады, уласніка ГЦ і прадпрымальнікаў стаў на бок “іпэшнікаў. Да 1 лістапада ўласнік гомельскага гандлёвага цэнтра «Сакрэт» павінен урэгуляваць праблемныя пытанні з прадпрымальнікамі, якія там працуюць. Калі да 1 лістапада бакі не дамовяцца, то справу будзе разглядаць гаспадарчы суд.
Начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Марына Крывунь паведаміла, што змена ўласніка ў гандлёвым цэнтры згодна з Грамадзянскім кодэксам не цягне змены арэндных адносінаў для арандатараў.
«Купля гэтага цэнтра ніякім чынам не мяняла б умовы арэнды для прадпрымальнікаў, калі б не адно: на момант куплі ГЦ яны ўсе ў добраахвотным парадку падпісалі пагадненні аб скасаванні раней дзейнага дагавору арэнды. У прынцыпе, гэта і справакавала магчымасць новага ўласніка прапанаваць умовы арэнды з арэнднай стаўкай, якая ў два і больш разы перавышае раней дзейную», — цытуе начальніка аддзела БелаПАН.
Пасля 2008 года, калі прадпрымальнікі правялі некалькі шматлюдных вулічных акцый пратэсту супраць увядзення абмежаванняў на найм работнікаў, падобнай салідарнасці і гучнасці прадпрымальніцкая супольнасць больш не мела. Відаць, зразумеўшы, што ступень кансалідацыі і гатоўнасці адстойваць свае правы не на такім узроўні, каб спрабаваць змагацца з існай сістэмай, прадпрымальнікі паціху разрульваюць свае праблемы на лакальных узроўнях ці шукаюць выйсці тыпова беларускімі метадамі — у абыход і партызанскімі сцежкамі.
Разам з тым цягам апошняга года павялічыўся памер штрафаў (вырасла базавая велічыня), скарацілася пакупная здольнасць насельніцтва, выраслі падаткі, і як вынік — колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў зменшылася на 10 тысяч. Разам з тым бізнэсоўцы сярэдняй рукі граюць важную ролю падаткаплацельшчыкаў. Так, за восем месяцаў гэтага года паступленні ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кансалідаваны бюджэт Мінскай вобласці склалі больш за 2,4 трыльёна рублёў (27% агульных паступленняў), што ў 2,3 разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.