Офіс па правах людзей з інваліднасцю адзначае павелічэнне колькасці зваротаў інвалідаў у сувязі з парушэннем іх правоў
За апошні год значна павялічылася колькасць зваротаў людзей з інваліднасцю са скаргамі на парушэнне іх правоў, паведаміў 1 красавіка на прэзентацыі маніторынгу зваротаў грамадзян у Офіс па правах людзей з інваліднасцю за 2015 год каардынатар установы Сяргей Драздоўскі.
Так, паводле даных маніторынгу, колькасць зваротаў павялічылася з 979 у 2014-м да 1.390 у 2015 годзе, з якіх 1.187 было прынята да дэталёвага разгляду юрыстамі ўстановы. З Мінска паступіла 644
звароты, з рэгіёнаў — 543.
Як зазначыў Драздоўскі, у асноўным людзі скардзіліся на недастатковы ўзровень жыцця і сацыяльнай абароны ў частцы выплаты пенсій, дапамог, аказання дапамогі. Такіх зваротаў было 457 (39%). Для
параўнання, зваротаў, якія тычацца даступнасці, уключаючы безбар'ернае асяроддзе і доступ да паслуг, — 188 (16%), зваротаў, якія тычацца здароўя, — 160 (13%), працы і
занятасці — 141 (12%), самастойнасці і дзеяздольнасці — 93 (8%), доступу да правасуддзя — 57 (5%).
Спецыялісты офіса адзначаюць, што ў цэлым рост колькасці зваротаў можа быць наўпрост звязаны з падпісаннем міжнароднай Канвенцыі аб правах інвалідаў, якое адбылося ўвосень 2015 года. У сувязі з
гэтым павялічылася колькасць тэматычных публікацый у СМІ, аб праблемах людзей з інваліднасцю пачалі гаварыць больш. Грамадзяне, якія звярнуліся, чакаюць і спадзяюцца на запуск пэўных механізмаў і
інструментаў, што будуць спрыяць паляпшэнню ў Беларусі сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю.
Акрамя таго, на думку Драздоўскага, павелічэнне колькасці скаргаў наўпрост звязанае з паніжэннем узроўню жыцця людзей у сувязі з эканамічным крызісам.
"Для людзей крытычна важным стала атрыманне любой дапамогі: пенсія, адрасная сацыяльная дапамога, субсідыя, — сказаў ён. — Раней людзі спрабавалі гэта кампенсаваць
працай, але распачатае скарачэнне працоўных месцаў у першую чаргу адбілася на людзях з інваліднасцю".
Павялічыўся паток скаргаў на прызначэнне мер сацыяльнай падтрымкі, якія так ці інакш звязаныя з дзяржаўнымі выдаткамі, зазначыў кіраўнік офіса: "Напрыклад, з атрыманых скаргаў відавочна
імкненне дзяржавы да паніжэння груп інваліднасці, што азначае палёгку цяжару выплаты пенсій".
"Эканамічны спад заўсёды вядзе да таго, што дзяржава любымі спосабамі адмаўляецца ад сваіх сацыяльных гарантый і абавязкаў. Увесь мінулы год інвалідаў па-рознаму спрабавалі прымусіць
адмовіцца ад сваіх правоў і гарантый", — сказаў Драздоўскі.
"У 2015 годзе мы фіксавалі, што органы дзяржкіравання выкарыстоўвалі свае паўнамоцтвы не дзеля вырашэння праблемы чалавека, а для таго, каб ад яго пазбавіцца, — падкрэсліў ён.
— Гэта, у прыватнасці, зацягванне тэрмінаў вырашэння пытанняў — бясконцыя перапіскі. Мы падлічылі, што прасцей было б усталяваць, да прыкладу, неабходны інваліду пандус, чым
выдаткоўваць грошы на зарплату юрыстам, якія пішуць адпіскі".
Таксама, дадаў ён, практычна не ўдзельнічае ў вырашэнні праблем інвалідаў у грамадзянскіх спрэчках судовая ўлада, будучы недаступнай для людзей з інваліднасцю. "Не кожны інвалід з
невялікай пенсіяй можа заплаціць адвакату, паслугі якога каштуюць ад 3,5 млн. рублёў", — растлумачыў ён.
Паводле БелаПАН