Пачнуць «з падкоркі»

Расійска-ўкраінскі канфлікт, а асабліва шалёная расійская прапаганда прымусіла заарушыцца актыўных беларусаў. Моладзевае аб’яднанне «Альтэрнатыва», пабачыўшы ў расійскай прапагандзе асаблівую небяспеку, пачынае культурніцка-асветніцка-інфармацыйную кампанію «За незалежную Беларусь».



korban_oleg.jpg

Лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан адзначыў, што галоўная задача маладых энтузіястаў — арыентаваць насельніцтва Беларусі ў бок беларушчыны. «Гэта, ў першую чаргу, прызнанне і павага нацыянальнай спадчыны, гістарычных каштоўнасцей, нашай культуры. Сёння важна давесці грамадству, што беларусы — гэта сапраўдныя нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага, еўрапейскай цывілізацыі. І мы не мусім здраджваць сваім караням», —заявіў Корбан.

Не менш важна, па ягоных словах давесці адзін просты пасыл: Беларусь — не Расія. Але, нягледзячы на яго «простасць», шмат людзей лічыць, што беларусы і рускія — адзін народ, у іх адна мова, адна «славянскасць» і гэтак далей. «Беларусь — суверэнная дзяржава, са сваёй славутай гісторыяй. На нашай зямлі мусяць гаспадарыць самі беларусы, а не расійцы, кітайцы, ці яшчэ хто-небудзь. Таму, у адказ на розныя прапагандысцкія перадачы расійскіх СМІ, часткова беларускіх СМІ, у адказ на бясплатную раздачу і вывешванне рознай расійскай сімволікі, героргіеўскіх стужачак, мы ў нашай кампаніі збіраемся рабіць акцэнт на папулярызацыю нашых гістарычных сімвалаў, нацыянальнай сімволікі», — заявіў Корбан.

Зразумела, кампанія будзе разлічана пераважна на моладзь. Але, як адзначыў Корбан, гэта разлік на тую моладзь, якая знаходзіцца ў стане «балота». «Ёсць частка моладзі, якая не цікавіцца ні культурай Беларусі, ні гісторыяй, ні палітыкай», — адзначыў Корбан і паведаміў, што працаваць актывісты новай кампаніі будуць збольшага з гэтым кантынгентам.

«Ужо бліжэйшым часам мы абвесцім аб правядзенні конкурсу, які будзе скіраваны на студэнцкую і працоўную моладзь, людзей з творчым патэнцыялам. Мы збіраемся таксама ладзіць адмысловыя цікавыя вандроўкі, экскурсіі па вывучэнні нашых культурных каштоўнасцяў, перадусім у Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Мы будзем рабіць у кампаніі і своеасаблівы «акцэнт дабрачыннасці». Некаторыя структуры ўжо займаліся тым, што перадавалі ў дзіцячыя садкі і інтэрнаты беларускія кнігі, беларускую літаратуру, найперш, канешне, дзіцячую. Мы будзем працягваць гэтую працу, бо гэта неабходна. Мы з дзяцінства прывучаем людзей да нашых казак, легендаў, паданняў, а значыць, да бачання ўсяго, што адбываецца, вачыма беларуса», — заявіў Корбан.

Канешне, па словах Корбана, не застануцца ўбаку і фірмовыя вулічныя акцыі «Альтэрнатывы»: пікеты, флэш-мобы, перфомансы. Па словах Корбана, актывісты будуць «спрабаваць не разыходзіцца з сённяшнім беларускім заканадаўствам», але… «Ну, як атрымаецца», — дадаў ён.

Прысутныя на прэзентацыі новай ініцыятывы заўважылі, што такая «асветніцка-культурніцкая кампанія» неяк пераклікаецца, і нават, можа, дублюе ўжо існуючыя ініцыятывы. Напрыклад, кампанію «Будзьма беларусамі!», якая таксама прасоўвае «беларушчыну ў масы» і таксама займаецца канцэртамі, вандроўкамі і іншымі «беларускімі пікнікамі».

Корбан адзначыў, што добра, што ёсць «Будзьма беларусамі», і добра, што існуюць іншыя грамадскія ініцыятывы такога кшталту. Але чым падобных арганізацый, структураў і кампаній больш, тым лепш, а ў нашых умовах іх увогуле недастаткова, бо не ўсе з іх працуюць. «Тым не менш, я пакуль не бачу ніводнай ініцыятывы, якая б працавала на глебе адраджэння беларушчыны, папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцяў, распаўсюду інфармацыі, як кажуць, на вуліцы, на вулічных акцыях. Сення як мага больш трэба рабіць працы з людзьмі, з шырокімі коламі грамадства», — сказаў Корбан.

Адзін з удзельнікаў кампаніі, вядомы грамадскі дзеяч Ілля Дабратвор дадаў, што цэнтральным момантам кампаніі будзе ўсё ж папулярызацыя гістарычнай нацыянальнай сімволікі. «Што тычыцца «Будзьма беларусамі», то яны неяк самаўхіліліся ад гэтага», — падначыў ён «Будзьму».

«Відавочна, што мы гатовыя да дыяльгу, да камунікацыяў, да сумесных дзеянняў», — дадаў Корбан.

Такім чынам, выхоўваць у беларусаў павагу і разуменне каштоўнасці сваёй незалежнасці актывіствы новай кампаніі пачануць «з падкоркі» — з гістарычных каранёў і ўбівання беларускіх казак у падсвядомасць. Такі шлях, безумоўна, доўгі, і разлічаны, хутчэй, на перспектыву. Тым не менш, трэба ж калісці пачынаць?