Пацыент пра псіхіятрычны шпіталь у Гомлі: Хворых часта за правіны б’юць санітары

Адныя з самых закрытых лекавых устаноў у Беларусі – псіхіятрычныя лякарні. Даволі не шмат інфармацыі пра ўмовы ўтрымання ды стаўленне да хворых прасочваецца вонкі. Гамяльчук Аляксей (імя зменена), на ўмовах ананімнасці, распавёў пра псіхіятрычны шпіталь у Гомлі на вул. Дубрушская, дзе ён ляжаў некалькі разоў. Апошні раз давялося ляжаць у аддзяленні закрытага тыпу № 9.

tgptnyvpxuk.jpg

Пра ўмовы знаходжання і шпітальны побыт у інтэрв’ю сайту «Гомельская вясна».
Аляксей, я ведаю вы ляжалі і ў закрытым і ў адкрытым аддзяленнях псіхлякарні. Якая розніца паміж імі?
Я ляжаў у аддзяленні адкрытага тыпу і было някепска даволі. Мы гулялі ў нарды, нас вадзілі на прагулкі, можна было неяк час бавіць разнастайна. Апошні раз я ляжаў у аддзяленні закрытага тыпу і ўмовы былі ўжо зусім іншыя, горшыя. На прагулкі не вадзілі, што праўда ў шашкі можна было гуляць толькі. Хворых часта білі. Заводзілі ў курылку за нейкую правіну і збівалі.
Хто?
Санітары.
А за што маглі біць хворых?
Ну, напрыклад, падлогу памылі, а чалавек не цяміць, ён хворы і ён пайшоў па падлозе і яго за гэта маглі ўдарыць, альбо прывязаць да ложку. Апошняе часта выкарыстоўваецца, калі ні за што хворага прывязваюць да ложку.
У мяне асабіста кралі цыгарэты. Мне сваякі перадавалі, напрыклад, пачак цыгарэт. Мне выдалі пяць цыгарэт, потым яшчэ пяць, а потым сказалі што больш няма. Куды рэшта падзелася? Лічу, што санітары кралі. Ежу кралі, якую сваякі перадавалі. Мне аднойчы перадалі салёны сыр, памідоры, гуркі, я прыходжу па перадачу, там гэтых прадуктаў няма. Я нешта кажу, абураюся, мне кажуць, што я гэта ўсё раздаў, то-бок, з мяне робяць дурнаватага. Быў выпадак, мне яго цяжка дагэтуль узгадваць. Мной як нейкай анучай падлогу выціралі.
За што?
Я не памятаю. Нічога не рабіў. У мяне абвастрылася мая параноя, мне падавалася, што мяне хочуць забіць, я прасіў каб мяне прывязалі, яны смяяліся, яны мяне білі, я нічога не мог зрабіць. Я вельмі часта ляжаў прывязаным. Бывала ты ляжыш гадзінамі і ты не можаш рухаць ні нагамі, ні рукамі, некаторых хворых прывязваюць без матраца і падушкі, на жалезны ложак.
Бывала з раніцы не можаш пачысціць зубы. Памяшканне дзе ўмывальнік закрыта раніцою, ты просіш адчыніць, табе адмаўляюць і ў туалет бывала не пускалі.
Ці аднолькава ставіцца да пацыентаў медперсанал?
Няма раўнапраўя ў стаўленні персаналу да хворых. Ёсць фаварыты, якіх санітары любяць, паважаюць, адчыняюць ім заўжды туалет, даюць дабаўку, па блату, у курылку ім дазволена заўжды, на вуліцу яны выходзяць, смецце выкідаць, могуць пастаяць, свежым паветрам падыхаць, а іншых наогул не выпускаюць з палаты, закрываюць.
Іншыя хворыя для іх нейкія клоўны, яны іх за людзей не лічаць. Нармальнага стаўлення не было. Ты пастаянна адчуваеш сябе прыгнечаным, падаўленым, бо да цябе ставяцца як да рэчы, ты робіш усё па правілах, але ты не можаш заўжды дагадзіць, увесь час усё не так. У некаторых хворых забіралі асадкі, запальнічкі, а ў некаторых хворых не забіралі і я пераймаўся з–за таго, што невядома што гэты хворы можа зрабіць з гэтай запальнічкай.
Агулам такое адчуванне, што ты здзейсніў нейкае цяжкое злачынства і за гэта там знаходзішся.
 Мяне дужа абкормлівалі пігулкамі. Да такой ступені, што я нават зубы не мог пачысціць, не мог рухаць рукамі.
Вы спрабавалі скардзіцца лекару на кепскае абыходжанне санітараў і крадзеж цыгарэтаў ды прадуктаў?
Так, але гэта бессэнсоўна. Яна ў гэта не верыла, казала, што я сам раздаў цыгарэты. Ды і яны гэта робяць калі лекара няма. У яе кабінет знаходзіцца за аддзяленнем, калі яна прыходзіць, яны адзін адному падаюць сігналы, каб лекар нічога не заўважыў.
Ці могуць хворыя ляжаць у ложках удзень, знаходзіцца ў палатах?
У 6.00 будзяць і з палаты выганяюць і ты толькі ў 13.00 можаш легчы на ложак, потым да вячэры яны адкрытыя, пасля вячэры зноў зачыняюць на праветрыванне.
Санітарныя нормы тут былі больш строгія ў параўнанні з аддзяленнем адкрытага тыпу, тут пастаянна праветрывалі памяшканне і мылі падлогі. Дарэчы, у калідоры прымушалі мыць падлогу саміх хворых.
Ці ёсць тэлевізар у аддзяленні?
Так, але час вельмі абмежаваны: раніцай гадзіну і ўвечары.
У туалетах няма туалетнай паперы. Калі ёсць сваякі, паперы хворым перадаюць. У каго няма сваякоў, канешне, цяжка.
А як лекуюць?
У плане лекавання, я не лекар, канешне, але я сябе пасля яго кепска адчуваю, аднойчы я страціў прытомнасць, у мяне бяссонніца.
Якое харчаванне ў шпіталі?
Каша, катлеты, супы. Можна есць. Сняданак, абед, вячэра, поўднік.
Ці можна карыстацца тэлефонам?
Забаронена. У аддзяленні ёсць тэлефон, ён заўжды гудзіць, людзі тэлефануюць, але персаналу проста лянота падыходзіць да слухаўкі.
У аднаго хворага забралі асадку, ён лекару паскардзіўся, яму вярнулі, але пасля гэтага перавялі ў іншае аддзяленне.