Пад сцягам пінгвіна
Сёння адзначаецца 25 год існавання аперацыйнай сістэмы Linux. Праект, распачаты энтузіястамі чвэрць стагоддзя таму, змяніў свет кампутарных тэхналогій і стаў адным з рухавікоў інфармацыйна-тэхналагічнай рэвалюцыі.
Афіцыйнай датай заснавання прынята лічыць дзень 25 жніўня 1991, калі фінскі студэнт Лінус Торвальдс апублікаваў у праграмісцкай рассылцы анонс праекту, над якім ён працаваў апошнія некалькі месяцаў.
На той момант у свеце існаваў ужо дастаткова шырокі рынак персанальных кампутараў, але прафесійныя праграмісты адчувалі недахоп якасных інструментаў. Арыентаваныя на
на карыстальніка сістэмы ад Microsoft і Apple былі неаптымальнымі для вырашэння інжынерных задач. Больш тэхналагічныя рашэнні сямейства Unix распрацоўваліся ў першую чаргу для вялікіх ЭВМ, каштавалі дорага і малі шмат патэнтных абмежаванняў.
Новая свабодная сістэма Linux у спалучэнні з наборам праграм GNU дазволіла ажыццявіць тэхналагічны прарыў. Праграмісты ўсяго свету атрымалі магчымасць безкаштоўна (альбо па мінімальным кошце) працаваць з Unix-сумяшчальнай платформай і свабодна абменьвацца сваімі напрацоўкамі.
У выніку за два з паловай дзесяцігоддзі тое, што пачыналася як хобі-праект, стала адным са складнікаў сусветнай тэхналагічнай інфраструктуры.
- Да пачатку 2000-х Linux захапіў лідэрства на рынку вэб-сервераў, і ўтрымлівае яго дагэтуль
- Большасць сучасных мікрапрылад (ад мадэмаў да мабільных тэлефонаў) працуюць на Linux. У тым ліку на ядры Linux заснаваная папулярная сістэма Android.
- Воблачныя датацэнтры вялікіх кампаній (такіх як Google і Amazon) будуюцца з вялікай колькасці сервераў пад кіраваннем Linux
- У сярэдзіне 2000-х кампанія Microsoft разглядала Linux як асноўную пагрозу свайму дамінаванню на рынку настольных кампутараў і ноўтбукаў. Што праўда, гэтую бітву свабодная аперацыйная сістэма не выйграла.
Праект быў рэвалюцыйным і ў сацыяльным плане.
Гэта быў першы тэхналагічны праект сусветнага маштабу, які распрацоўваўся супольнасцю добраахвотнікаў праз інтэрнэт.
Паводле мадэлі Linux (інтэрнацыянальная валанцёрская распрацоўка, свабодны абмен тэхналогіямі і вынаходніцтвамі) далей была створаная большасць свабодных праграм, якія забяспечваюць працу сучаснага інтэрнэту.
Адпрацаваныя ў межах распрацоўкі Linux і свабодных праграм практыкі дэмакратычнага валанцёрскага супрацоўніцтва стварылі арганізацыйны падмурак для такіх праектаў як Wikipedia і Ethereum.
Свабодныя праграмы сталі альтэрнатывай камерцыйнай практыцы 90-х (максімальныя кошты і абмежаванні для карыстальнікаў). Нават у тых сегментах, дзе свабодныя праграмы не сталі дамінаваць, лідары IT-рынку былі вымушаныя зніжаць кошты і стаць больш лаяльнымі да сваіх карыстальнікаў.
Танныя ноўтбукі з Linux распаўсюджваліся ў развіваючыхся краінах пры падтрымцы ААН.
У некаторых еўрапейскіх краінах былі прынятыя тэхнічныя рэгламенты, якія аддавалі перавагу свабодным праграмам пры аўтаматызацыі дзяржаўных устаноў і рэалізацыі іншых тэхнічных праектаў за кошт дзяржбюджэту. Мэтай такога рашэння было абмежаванне бюджэтных выдаткаў і пазбяганне тэхнічнай залежнасці ад карпаратыўных пастаўшчыкоў.
Сёння супярэчнасці між карпарацыямі і супольнасцю свабодных праграм збольшага мінімізаваныя, былой PR-вайны ўжо няма.
Linux не стаў шырока прызнанай сістэмай для дэсктопаў, але й розніца паміж Ubuntu, Windows ды Mac для шэраговага карыстальніка сёння не такая істотная як нават дзесяць гадоў таму. Большасць праграм сёння працуе праз інтэрнэт і існуе ў аблоках, якія былі б немагчымыя без Linux.
Актывісты няўрадавых арганізацый і журналісты часта абіраюць Linux, як сістэму найбольш дасканала абароненую ад узлому спецслужбамі.
І толькі беларуская падатковая інспекцыя дагэтуль патрабуе для працы са сваім парталам выкарыстоўваць выключна Windows з Internet Explorer.