«Падышоў мужчына ў вопратцы рыбака». Як судзілі пенсіянерак, затрыманых на выхадзе з электрычкі
У панядзелак раніцай мінчук Максім Гулянкоў прачнуўся крыху раней, каб прыехаць у суд Партызанскага раёна Мінска да адкрыцця. З раніцы тут павінны былі разбіраць справу яго 66-гадовай мамы Галіны Георгіеўны. Жанчына — адна з пенсіянерак, якіх у пятніцу затрымалі на выхадзе з «заслаўскай» электрычкі. Для Галіны Георгіеўны гэта не першы адміністрацыйны пратакол, таму суда яна чакала на Акрэсціна.
У раскладзе працэс Галіны Георгіеўны прызначаны на 9.45, паведамляе TUT.BY.
Справу вядзе Міхаіл Макарэвіч. У рэдакцыю перадалі запіс суда. На жанчыну, якая
знаходзіцца на Акрэсціна і дае паказанні па скайпе, склалі два пратаколы.
Першы — па ч.3. арт. 23.34 КаАП, другі — па арт. 23.4 КаАП.
— Як гэта? — здзівілася Галіна Георгіеўна, пачуўшы пра
непадпарадкаванне. — Мяне ўзялі за руку, я адразу пайшла.
— Цяпер будзем разбірацца, — супакоіў яе суддзя.
— У мяне артроз, я трэція суткі сплю пад сталом на падлозе, — звярнула ўвагу на ўмовы ў камеры пенсіянерка і звярнулася да суддзі. — Гэта
нармальна?
— Суд не адказвае за ваша ўтрыманне пад
вартай, — растлумачыў Міхаіл Макарэвіч. — Але я вас пачуў.
— Дзякуй, — адказала Галіна Георгіеўна і паведаміла, што ў
яе рак шчытавіцы, у 1992-м годзе яе прааперыравалі і яна знаходзіцца на ўліку
ў анкадыспансеры. — Я шмат гадоў назіраюся, таму што ў мяне можа быць рэцыдыў.
У матэрыялах, якія зачытаў Міхаіл Макарэвіч, напісана: 26
лютага, знаходзячыся на пероне Мінск-Паўночны, Галіна Георгіеўна прымала
актыўны ўдзел у пікетаванні, якое не было дазволена Мінгарвыканкамам. Падчас
акцыі яна публічна выказвала свой пратэст па факце нязгоды з рашэннямі дзеючай
улады, прыцягвала ўвагу мінакоў, жэстыкулявала. Пры затрыманні, працягнуў
суддзя, жанчына аказала непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай
асобы: упіралася, паводзіла сябе задзірліва і прыцягвала ўвагу мінакоў.
Галіна Георгіеўна віну не прызнала і патлумачыла, што ў
пятніцу вырашыла з'ездзіць на рынак у Ждановічы за джынсамі. Электрычкамі,
працягнула яна, да гэтага не карысталася, таму папрасіла людзей растлумачыць,
як і дзе ёй выходзіць, але ў выніку выйшла не там.
— [На пероне] да мяне падышоў мужчына ў вопратцы рыбака, у
яго быў прадмет, якім дзіркі ў лёдзе круцяць, — апісала яна падзеі таго дня. — Ён узяў мяне за руку і спытаў: «Што вы тут робіце?» «Выйшла з
цягніка», — адказала я. [ ... ] Ён узяў мяне за руку і кудысьці павёў. Я
настолькі разгубілася, што нават не спытала ў яго дакументы. Мяне адвялі ў
аўтобус. Я там была адна. І ён сказаў кіроўцу: «Вось табе, астатніх зараз
прывядзём».
— Чаму міліцыянты затрымлівалі грамадзян, у тым ліку вас? — удакладніў суддзя.
— Я выйшла з цягніка перад закрыццём дзвярэй. Бачыла, што
жанчыны (мабыць, пасажыры, якія таксама выйшлі з вагона. — заўв. рэд.) пайшлі ўніз да метро (побач знаходзіцца станцыя «Маладзёжная». — заўв. рэд.), а іх не пусцілі. Чаму? Я не ведаю, — патлумачыла Галіна
Георгіеўна. — Аніводнай з гэтых жанчын я не ведаю. Можа быць, бачыліся на
пенсіянерскіх маршах.
— А ў вагоне нічога не было? — пацікавіўся суддзя.
— Людзі прыйшлі, селі. Было ціха. Хтосьці кнігу адкрыў, чыталі.
Потым цягнік спыніўся і пасажыры сталі выходзіць.
— А вы што рабілі, калі ехалі ў электрацягніку?
— Чытала аповесць Васіля Быкава пра тое, як людзі
пакрыўдзіліся на багоў, — патлумачыла жанчына, а пазней дадала, што гэта яе
трэцяе затрыманне. Першае здарылася, калі яна ішла на могілках, другое — калі
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прымуць новую Канстытуцыю і пройдуць новыя
выбары. — І мы каля Камароўкі прайшліся і сказалі: «Ура!»
Сведкам па справе выступае ўчастковы Партызанскага РУУС пад
выдуманым імем. На працэсе яго прадстаўляюць як Алега Жука. Ён сядзіць на суседнім з
Галінай Георгіеўнай крэсле. Яго версія падзей 26 лютага выглядае так:
— Каля 10.45 на пероне электрычкі вакзала праходзіла
несанкцыянаванае масавае мерапрыемства —пікетаванне [ ... ], — распавядае ён. —
Грамадзяне, якія прымалі ўдзел у гэтым пікеце, некаторыя выкрыквалі лозунгі,
хтосьці размахваў рукамі, склікалі мінакоў [...]. У сувязі з гэтым ім абвясцілі,
што іх дзеянні незаконныя, і папрасілі разысціся. Грамадзяне адмаўляліся, у
сувязі з чым пачалі адбывацца затрыманні.
— Што вы можаце сказаць у частцы непадпарадкавання? — удакладніў суддзя.
— Падышоўшы, прасіў яе прайсці ў РУУС для разбіральніцтваў. Грамадзянка пачала казаць, што яна нічога не
рабіла, нікуды не пойдзе, пачала ўпірацца [ ... ], — растлумачыў участковы,
адзначыўшы, што пасля гэтага да яго падышоў другі супрацоўнік, і яны адвялі
пенсіянерку ў аўтобус.
— Ці вядома вам, што гэтыя грамадзяне рабілі ў салоне
электрацягніка? — пацікавіўся ў яго суддзя.
— Была інфармацыя, але сцвярджаць не магу. Чуў, што
грамадзяне, якія ехалі ў гэтай электрычцы, чыталі кнігі ( ... )
бел-чырвона-белых кветак ( ... ) накіраванасць супраць дзеючай улады, — неразборліва адзначыў участковы. — Вось гэтыя размовы ішлі. Але што менавіта і
як адбывалася, дакладна не скажу.
— Вы асабіста заводзілі мяне ў аўтобус? — удакладніла ў
міліцыянта Галіна Георгіеўна. — Вы і ёсць той «рыбак»?
— Ну так, — адказаў участковы.
— Як жа вам не сорамна? Як жа вы спаць будзеце? — эмацыйна
адрэагавала на словы Алега Жука.
Паводле яе версіі, гэтага чалавека яна ўпершыню ўбачыла ў
Партызанскім РУУС. У выніку жанчына хадайнічала, каб у працэсе паглядзелі відэа
з камер назірання на пероне. «Дадзенае працэсуальнае дзеянне
немэтазгодна», — адказаў суддзя.
— Значыць, вы верыце яму, што я супраціўлялася? — звярнулася
да Міхаіла Макарэвіча жанчына.
— Супраціў вам не ставіцца, ставіцца непадпарадкаванне, — паправіў яе суддзя.
— Навошта непадпарадкаванне? Навошта падманваць, калі да
мяне падышоў толькі адзін «рыбак» і адвёў у аўтобус. Навошта падманваць? Хіба так
можна? — не хавала эмоцый Галіна Георгіеўна. — Вы ж разумееце, што гэтай
справай, наадварот, настройваеце народ супраць сябе. Як Маркс сказаў: самае
страшнае злачынства — гэта дазволеная смеласць. Атрымліваецца, яму ўсё дазволена,
а мне нічога. Я нічога не зрабіла, я нават не выкрыквала. […].
Рашэнне па справе галіны Георгіеўны суд прыняў на месцы.
23.34 КаАП — 10 сутак, і столькі ж па 23.4 КаАП.
— Значыць, мне яшчэ сядзець 17 сутак? — перапытала яна
суддзі.
— Лічыце з моманту, як вас затрымалі. Сёння трэція суткі,
[значыць] амаль 17, — растлумачыў суддзя і пажадаў пенсіянерцы ўсяго добрага.
«Я там стаяла. Потым мне сказалі: «Прайдзіце са
мной», — і ўзялі за руку»
Крыху пазней у раскладзе суда Партызанскага раёна Мінска сталі з'яўляцца справы іншых затрыманых у электрычцы жанчын. Тры з іх бліжэй да поўдня разглядала суддзя Наталля Дзядкова. Першая ў спісе — пенсіянерка Ірына Новік. Судзяць яе па ч.1 арт. 23.34. Запіс суда ў рэдакцыю перадалі валанцёры пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».
У матэрыялах справы, якія зачытала суддзя, напісана амаль
тое ж, што ў Галіны Георгіеўны. А менавіта: 26 лютага, знаходзячыся на пероне
Мінск-Паўночны, Ірына Леанідаўна прымала актыўны ўдзел у пікетаванні, якое не
было дазволена Мінгарвыканкамам. Падчас акцыі яна публічна выказвала свой
пратэст па факце нязгоды з рашэннямі дзеючай улады, жэстыкулявала. З гэтымі
аргументамі жанчына не пагадзілася.
Пенсіянерка не адмаўляла, што 26 лютага сапраўды
знаходзілася ва ўказаным месцы ва ўказаны час. Паводле яе слоў, у гэты дзень яна
вырашыла з'ездзіць за лекамі. Дадому вярталася на электрычцы. Села на вакзале,
выйшла на станцыі Мінск-Паўночны. На пытанне, чаму выбрала менавіта гэты
транспарт, адказала: «Мне вельмі зручна».
— Як вы былі затрыманыя? — спытала ў яе суддзя.
— Я выйшла з электрычкі. Там стаялі мужчыны, яны сказалі
стаяць, я стаяла, — патлумачыла Ірына Леанідаўна. — Потым у канцы платформы
камусьці стала дрэнна. Я прапанавала, давайце падыдзем. Са мной [пайшоў] малады
чалавек (пазней жанчына ўдакладніла, што, магчыма, гэта быў супрацоўнік
праваахоўных органаў. — заўв. рэд.), мы дапамаглі жанчыне сесці на скрыню
з-пад пяску або чагосьці іншага. І я там стаяла. Потым мне сказалі: «Прайдзіце са мной», — і ўзялі за руку. [...] І я села ў аўтамабіль.
Сведка па справе — усё той жа участковы Алег Жук. Паводле яго
слоў, 26 лютага на пероне Мінск-Паўночны была заўважаная група грамадзян, якія
ўдзельнічалі ў пікетаванні. Грамадзяне «выказвалі крытычны настрой супраць
дзеючай улады», жэстыкулявалі, звалі іншых людзей на акцыю.
— Грамадзянам неаднаразова было прапанавана разысціся, аднак
яны гэтага не зрабілі. У сувязі з чым пачалі адбывацца затрыманні дадзенай
групы грамадзян, — паведаміў участковы.
Рашэнне па справе Ірыны Новік суд таксама вынес на месцы:
штраф 30 базавых (870 рублёў). Паводле звестак праваабаронцаў, у панядзелак
такія ж штрафы атрымалі яшчэ пяць жанчын-пасажырак той электрычкі. Акрамя таго, у дзень затрымання на 25 базавых (725 рублёў)
аштрафавалі 75-гадовую Наталлю Іванісаву.