Памерлыя глядзяць на «свята жыцця»

Рэстаран і лазню «Бульбаш Хол» пад бокам Курапатаў амаль дабудавалі. Хутка адкрыццё. Вынікае, што ахоўная зона — недарэчная памылка, якую заўсёды можна выправіць?
 



cimg0034.jpg

Усё ідзе па плану


«Мы вплетаемся в город, в его кровеносную систему», — мудрагелістым шрыфтам напісана ў рэкламнай «споведзі» на сецевай старонцы ўладальнікаў «Бульбаш Хола» — nrg.by. «У нас долгий и продуманный план», — паведамляюць стваральнікі буйнога рэстарана з лазняй на костках. — «Каждый шаг — фундамент для следующего».


Чарговы «фундамент» для наступнага «кроку» будзе ўяўляць сабой «ресторан на 400 посадочных мест с живой музыкой, большую баню с банкетным залом, беседки, отдельные домики и детский городок» — на жаль, у рэкламе не ўдакладняецца месцазнаходжанне комплексу, толькі пазначана сціпла-абагульняючае «МКАД».

cimg0011.jpg


Мяркуючы па палітыцы ўжо існуючых рэстаранаў і кавярняў НРГ — «Кушавель», «Тусэ», «Дача» — да крыжовай цішыні Курапатаў з боку «Бульбаш Хола» апрача музычных хітоў, п’янага смеху з банкетаў і дзіцячага віску з горак, будуць даносіцца крыкі заўзятараў футбола і пах кальяна.

cimg0028.jpg


Кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па масавых рэпрэсіях і рэабілітацыі ахвяраў тэрору, лідар міжнароднай арганізацыі «Мемарыял» у Беларусі Ігар Кузняцоў абураны ганебным «суседствам» і таптаннем памяці. Ён распавядае НЧ пра парушэнні і падкарэктоўкі чыноўнікаў у гэтай справе.


— Існуе дакумент, які быў створаны яшчэ падчас першай і другой эксгумацый парэшткаў з Курапатаў, — кажа гісторык. — Археолагі Інстытута гісторыі складалі схему пахаванняў, яе копія ёсць і ў мяне. Згодна ёй, пахаванні распасціраюцца на тэрыторыю нашмат далейшую за Курапацкі лес — нават аўтазаправачная станцыя, паміж якой і лесам зараз будуецца «Бульбаш Хол», месціцца на костках...


— Але як у свой час улады далі згоду на будаўніцтва гэтай АЗС?


— У сувязі з тым, што гэтую схему археолагаў чыноўнікі праігнаравалі, з’явілася запраўка. Наогул, гэтая гісторыя пачалася ў 2001 годзе, калі пашыралі кальцавую дарогу, і адбылося супрацьстаянне ўладаў і грамадскасці. Пасля гэтага, добра памятаю, у газетнай рэкламе з’явілася наступная аб’ява: «Будаўніцтва катэджнага мястэчка «Сонечны» ў экалагічна чыстай зоне». Дык вось, «Сонечны» мусіў знаходзіцца менавіта на полі паміж Курапатамі і «Аквабелам». Мы распачалі разнастайныя меры супраць будаўніцтва, сустракаліся з чыноўнікамі, звярталіся ва ўсялякія інстанцыі. І гэтае пытанне заўважылі зверху і не дазволілі будаўніцтва.

img_0198.jpg


Ахоўныя зоны Курапатаў мы лічым умоўна па перыметру лесу: з боку «Аквабела» па краі поля, дзе стаяць крыжы, з боку Заслаўскай шашы, з боку Зялёнага Лугу — лес паміж кальцавой дарогай і шматпавярховікамі, якія стаяць перад мяжой ахоўнай зоны.


Дарэчы, Заслаўская шаша стаіць на пахаваннях, і нават за ёй іхняя колькасць складае не менш, чым у цэнтральнай частцы саміх Курапатаў! І катэджная забудова Цна, што справа ад Заслаўскай шашы, таксама закранае пахаванні.


Усе згаданыя вышэй межы пахаванняў улады праігнаравалі, усталяваўшы іх толькі па краю лесу. Але нават і ў гэтым выпадку атрымліваецца, што ахоўная зона павінна быць не менш за 50 метраў ад мяжы пахаванняў. Аднак ад бліжэйшай хвоі да сметніка і кучаў пяску з будаўніцтва «Бульбаш Хола» не будзе і такой адлегласці.

cimg0005.jpg

50 метраў для ахоўнай зоны — гэта самае мінімальнае, звычайна — 100–200 метраў. Тым больш, што Курапаты — найбуйнейшыя могілкі ў Беларусі, ніводныя могілкі не змяшчаюць столькі пахаванняў, як там. Паводле самых сціплых падлікаў, ва ўрочышчы знаходзяцца рэшткі ад 30 тысяч да 200 тысяч забітых падчас рэпрэсій людзей. Атрымліваецца, што «Бульбаш Хол» адчыняецца на костках, і ягоныя кліенты будуць задавальняць свае, як гаворыцца, свінскія юрлівасці і капрызы побач з магіламі, калі не на іх саміх. Гэта як з гледзішча маралі — натуральна?.. Нават калі ніхто не ведае, не чуў пра Курапаты, гэта не змяняе сутнасці справы. Зноў жа, пытанне да будаўнікоў: калі будуеш, няўжо не звяртаеш увагі на шматлікія крыжы побач? І, канешне, уладар гэтай забаўляльнай установы мусіць задаць сабе тое ж пытанне, — мяркуе Ігар Кузняцоў.

cimg0032.jpg

Госці ад чорта


Каля двух месяцаў таму да навуковага кіраўніка мемарыяльнай зоны «Курапаты» і дачкі рэпрэсаванага паэта Маі Кляшторнай завіталі госці, якія прывялі прадстаўніка інвестара рэстараннага комплексу.


— Маладзёны хацелі, каб я паставіла свой подпіс на іх праекце — дала згоду на будаўніцтва іх аб’екту ў ахоўнай зоне, — кажа Мая Тодараўна. — Зразумела, я нічога не падпісала, а вось Міністэрства культуры ім дало дазвол. Паўтаралі мне ўсё: «А хто зараз ведае пра вашыя Курапаты? Мы пыталіся ў суседзяў, сяброў — ніхто нічога не ведае!»

img_0199.jpg


Калі на наступны дзень я даведалася, які ж аб’ект дакладна яны збіраюцца адчыняць каля месца масавых расстрэлаў і пахаванняў, то захварэла — у мяне адняліся ногі, — кажа жанчына праз слёзы. — Калі мы жывы, і на нашых вачах такое робіцца — жах… Толькі нядаўна здолела ўстаць з ложку, зараз ужо па хаце хаджу, дабралася і да Екацярынінскай царквы (Свята-Петрапаўлаўскі сабор — А.Б.).

200 метраў як карова злізала?


Па словах навуковага кіраўніка мемарыялу «Курапаты», ахоўная зона вакол урочышча складае 300 метраў. Гэтую лічбу потым праігнаравала, не зацвердзіўшы праект, Міністэрства культуры падчас спробы будаўніцтва катэджнага мястэчка «Сонечны», пра якое ўжо казаў гісторык Ігар Кузняцоў.

cimg0022.jpg


— Паводле папераў Мінкульта, гэтая зона зараз — 100 метраў, скарацілі ў тры разы, падсунулі сваю, не распрацаваную спецыялістамі, схемку, — адзначае Мая Кляшторная. — З кім яна ўзгаднялася і хто канкрэтна даваў дазвол, спытайцеся ў Мінкульце, у Чарняўскага. Але адлегласць паміж лесам і краем «Бульбаш Хола» зараз менш і за тое. Ахоўная зона Курапатаў — самае цяжкое і балючае для мяне пытанне. І Мінкульт, і Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму даюць дазвол на будаўніцтва ў ахоўнай зоне. Са мной, як з навуковым кіраўніком, ніхто гэтае пытанне не ўзгадняў.


Такім чынам, і згаданая раней АЗС таксама ўвайшла ў сапраўдную, а не па міністэрскіх паперах, ахоўную зону.

cimg0002.jpg


Апрача таго, Курапаты павінны мець супрацьпажарны праект, што таксама даўно ўжо парушана. Болей за тое, будаўнікі «Бульбаш Хола» кучамі пяску засыпалі адзіны ўезд у Курапаты.


— Як вы лічыце, з гледзішча маралі, ці можна будаваць забаўляльныя комплексы побач з месцамі масавых пахаванняў?


— Нельга ў ніякім разе! Тым больш, што ніхто з уладаў не цікавіўся меркаваннем грамадскасці. Між тым, Курапаты сёння даглядаюцца толькі дзякуючы плённай працы грамадскіх актывістаў, звычайных людзей. Ні Міністэрства культуры, ні Міністэрства архітэктуры, ні Мінгарвыканкам — ніхто з іх не зрабіў унёску ў захаванне памяці у Курапатах. Нядаўна я пачула ад аднаго інвестара, што тутэйшыя землі прадаюцца на зачыненых аўкцыёнах, так атрымалася і з зямлёй побач з Курапатамі.

Што адказаў чыноўнік


Ці ўвайшоў «Бульбаш Хол» у ахоўную зону? На падставе якога выраку вылучаўся ўчастак пад будаўніцтва аб’екта, і хто даў дазвол? З гэтымі пытаннямі я звярнулася да чыноўніка, які мусіць мець непасрэднае дачыненне да справы, — начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігара Чарняўскага.

cimg0029.jpg


Размова атрымалася цікавай — Ігар Мяфодзьевіч увесь час перапытваў, здзіўляўся, жартаваў, кашляў, уздыхаў, раздражняўся, а я адчувала сябе амаль следчым НКУС ці гестапа, які выцягвае адказы абцугамі.


— Ігар Мяфодзьевіч, вы, напэўна, у курсе будаўніцтва «Бульбаш Хола» каля Курапатаў...


— Будаўніцтва чаго?..


— Рэстараннага комплексу. Ці ўваходзіць гэты аб’ект у ахоўную зону?


— Які? Рэстаран ці Курапаты?


— Вядома ж, рэстаран.


— Там ёсць ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона ахоўна-прыватная. Да нас, напрыклад, па рэстаранах ніхто не звяртаўся…


— Зараз ідзе гаворка пра «Бульбаш Хол».


— Я ж не ведаю… Я па рэстаранах не хаджу, у мяне столькі працы, што няма калі займацца рэстаранамі.


— Ну, як гэта — не ведаеце? Упрытык да Курапатаў, па кальцавой шашы, ён там адзін такі.


— Назва мне нічога не гаворыць, мне трэба ведаць месца… Некалі ўзгаднялася пытанне па будаўніцтву ў зоне рэгулявання забудовы. Але гэты рэстаран, не гэты...


— Менавіта гэты. Значыць, ён уваходзіць у зону рэгулявання забудовы? Дык на падставе якога выраку, хто і калі даў на гэта дазвол?


— Я не ведаю, першы раз пра гэты рэстаран чую — ад вас. Трэба паднімаць дакументы. Гэта было, дай Бог памяці, чатыры ці пяць год таму.


— Дык усё ж узгадалі? Вынікае, што Міністэрства культуры тады выдала дазвол на будаўніцтва…


— Ну, адкуль я ведаю? Вы — вельмі дзіўныя людзі! Гэта пяць гадоў таму было, я што, павінен усё памятаць? У нас штогод праходзіць па 500 узгадненняў. Трэба паднімаць дакументы ў архіве.


— Згодна, давайце іх паднімем. Вы мне дапаможаце?


— Звяртайцеся ў Міністэрства культуры.


…Прабачце, а з супрацоўнікам якой установы я зараз размаўляла? З дыспетчарам па рамонце ліфтаў?

img_0192.jpg

 У пашпарце аб’екта — пустыя графы


Фота аўтара