Памяці Арыны Вячоркі

5 красавіка з Вільні прыйшла першая драматычная вестка: з Арынай у аэрапорце, з якога яна мусіла ляцець да дачкі, здарыўся інсульт. 9 красавіка прыйшла другая, ужо трагічная, звестка аб смерці Арыны. Усяго толькі на 51-м годзе жыцця.



5 красавіка з Вільні прыйшла першая драматычная вестка: з Арынай у аэрапорце, з якога яна мусіла ляцець да дачкі, здарыўся інсульт. 9 красавіка прыйшла другая, ужо трагічная, звестка аб смерці Арыны. Усяго толькі на 51-м годзе жыцця.

Смутак і боль. І вялікая страта. Не толькі для сям’і і блізкіх, для тых, хто ведаў яе асабіста, але для ўсяго беларускага адраджэнскага, для ўсяго дэмакратычнага руху найноўшага часу. Па вялікім рахунку — для Беларусі. Але здзейсненае Арынай Вячоркай ёсць здабыткам Беларусі. Сённяшняй, у яе дэмакратычным сегменце, і заўтрашняй — цалкам дэмакратычнай і свабоднай.
Здавалася, іх была ўсяго толькі невялічкая купка, маладых і адчайных, хто на пачатку 1980-х здолеў убачыць скрозь цемру савецкага таталітарызму водбліск адраджэнскага руху мінулых пакаленняў і падхапіць эстафету іх справы.
Арына была сузаснавальніцай першага беларускага нефармальнага згуртавання новага часу “Беларуская спеўна-драматычная майстроўня (1980–1985), а затым і моладзевага адраджэнскага згуртавання “Талака (1986–1988), удзельніцай руху за адраджэнне беларускай школы (з 1983 года). Яны ўгадалі свой час і расчулі яго покліч. З “Майстроўні і “Талакі вырасла мноства моладзевых суполак, якія і сталі асновай нефармальнага Беларускага народнага фронту і апазіцыі БНФ у Вярхоўным савеце, што ўрэшце прывяло да абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Пра гэты вынік выхадзец з той жа кагорты першых адраджэнцаў новага часу, высілкамі якога быў адноўлены выхад газеты “Наша ніва, выбітны публіцыст Сяргей Дубавец сказаў так: “Ва ўсім гэтым вялікім дасягненні, у стварэнні незалежнай краіны Беларусь ёсць вельмі сур’ёзны ўклад і Арыны Вячоркі.
Наўпрост у палітыку Арына не пайшла. Сваім стваральным аршанскім полем бітвы яна абрала асвету і культуру. Бо без іх няма нацыі, няма краіны. Бо гэта дзейнасць была ёй па душы, па характару, па розуму. Каб быць узброенай, яна, матэматык па першай адукацыі, заканчвае аспірантуру БДУ па спецыяльнасці “гісторыя педагогікі, Вышэйшую школу грамадскіх прафесіяў у Познані па спецыяльнасці “менеджэр культуры.
Працавала ў беларускіх школах Мінску, у Лабараторыі філасофіі і гісторыі адукацыі Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Аўтар артыкулаў з гісторыі беларускай педагогікі, гісторыі матэматыкі і тэхнікі Беларусі для «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», «Гісторыі беларускай навукі і тэхнікі». Укладальніца двухтомнай бібліяграфіі гісторыі беларускай педагогікі.
А яшчэ яна была намесніцай дырэктара ААТ «Новая музычная кампанія» (2007–2009), намесніцай дырэктара выдавецтва «Каўчэг» (з 2009), каардынатарам міжнародных праектаў Дома сустрэчаў «Мікушэва» (Польшча, з 2011), адным з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар».
Усяго толькі з пераліку, ды і тое няпоўнага, рэалізаваных Арынай Вячоркай спраў, адкрываецца Атлантыда беларускай культуры, узнятая яе высілкамі з глыбінь акіяну таталітарнага бяспамяцтва.
Заснавальніца рыцарскага руху і першых рыцарскіх турніраў у Беларусі. Стваральніца і кіраўніца Беларускага рыцарскага клубу, пазней клубу «Вялікае княства» (1996–2007).
Стваральніца шэрагу праектаў гістарычнай музыкі — «Легенды Bялікага Kняства», «Старажытная зямля», серыі «Беларуская музычная калекцыя» («Постфольк», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускі музычны авангард», «Спевы Беларусі», «Мэдываль», «Вясковая лірыка») і шэрагу іншых. Аўтар праекту «Ноч музыкі» ў Белдзяржфілармоніі (2010). Кансультант музычнага праекту «Гістарычны эпас», фільма «Старадаўнія музычныя інструменты Беларусі».
Арганізатар больш як 100 канцэртаў старадаўняй і фальклорнай музыкі «Легенды Вялікага Княства», «Старадаўняя музыка Беларусі і Еўропы» ды іншых. Прадзюсер гурту «Стары Ольса», музычнага праекту «Вір». Адна з арганізатараў нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў старадаўняй музыкі «У гонар каралевы Боны» (Мінск, Наваградак). Адна з заснавальнікаў Беларускага клубу лютністаў.
Па ўспамінах усіх, хто ведаў Арыну, яна любіла жыццё, жыла напоўніцу. Была лёгкай і прыязнай у адносінах з людзьмі. Дзеці былі для яе шчасцем, як і яна для іх. Іх у яе трое: Радаслава; Францішак, Ружана. Унук Даніла.
Калектыў рэдакцыі “Новага часу, чыім аўтарам была і Арына Вячорка, выказвае глыбокія спачуванні яе сям’і блізкім.
Аляксей Кароль


Развітанне з грамадскай і культурніцкай дзяячкай Арынай Вячоркай адбудзецца ў чацвер, 12 красавіка.  Адпяванне і грамадзянская паніхіда пройдуць у Петрапаўлаўскай царкве (метро Няміга) з 12.30 да 14.00. Пахаванне ў Міхaнавічах, з 18.00 да 19.00 — памінкі.