Памёр Алег Гулак — праваабаронца, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта

Кіраўнік БХК раптоўна памёр на 56-м годзе жыцця. Пра яго смерць стала вядома ўвечары ў пятніцу, 16 снежня. Некалькі дзён таму Гулак прысутнічаў на ўручэнні Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму ў Осла.

katavanni_dzijana_seradzjuk__13__logo_1_logo.jpg


Тады Алег напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Дзень правоў чалавека, 10 снежня... Урачыстая і ўражлівая цырымонія ўзнагароджання сяброў і калег вышэйшай міжнароднай узнагародай — Нобелеўскай прэміяй міру. Свята, але настрой не святочны. Алесь Бяляцкі з калегамі за кратамі, у краіне бязмежжа, ва Украіне Расія развязала вайну — прамовы лаўрэатаў магутныя і кранальныя, але не святочныя. Але свята трэба набліжаць і ствараць, разам і кожнаму».

Алег Гулак — беларускі юрыст, грамадскі дзеяч і праваабаронца. У якасці грамадскага абаронцы ўдзельнічаў у дзясятках судовых спраў, публічных акцыях у абарону правоў асоб, якія сталі ахвярамі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Алег Гулак нарадзіўся 1 верасня 1967 года ў пасёлку Жылічы Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Па гэтай прычыне, як жартуе сам Алег, яго дні нараджэння практычна не адзначалі: першы дзень навучальнага года бацькі былі занятыя святочнымі мерапрыемствамі ў школе.

У 1984 годзе Гулак скончыў школу з залатым медалём і паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта (БДУ). У 1989 годзе паспяхова завяршыў вучобу ў ВНУ. У тым жа годзе ажаніўся, а затым разам з жонкай, якая была родам з Пінска (Брэсцкая вобласць), з'ехаў на яе малую радзіму. Прафесійную кар'еру Алег Гулак пачаў у якасці юрысконсульта на адным з мясцовых прадпрыемстваў, дзе адпрацаваў тры гады. Пасля гэтага займаўся юрыдычнай дзейнасцю ў розных камерцыйных структурах.


У пачатку 1990-х гадоў Гулак уступіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. У 1996 годзе прыйшоў у Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК), створаны годам раней пасля першага рэферэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. Тады дэмакратычная грамадскасць краіны не прызнала вынікі ўсенароднага галасавання. У выніку пасля рэферэндуму была змененая дзяржаўная сімволіка: месца бел-чырвона-белага сцяга заняў злёгку мадэрнізаваны чырвона-зялёны сцяг БССР. Акрамя таго, быў адменены герб «Пагоня», а руская мова атрымала статус роўнай з беларускай.


Рэакцыяй на здзек над нацыянальнымі сімваламі стала з'яўленне ў краіне Беларускага Хельсінкскага камітэта, адзначае праваабаронца. У 1996 годзе Алег Гулак ствараў аддзяленне гэтай арганізацыі ў Пінску, а праз год пераехаў у Мінск. У 2008 годзе ён узначаліў БХК і быў кіраўніком арганізацыі да яе ліквідацыі ў кастрычніку 2021 года.