Устанавіць датычных да катаванняў — магчыма
Падабенства дзеянняў у розных населеных пунктах і месцах няволі, мэтанакіраванасць прымянення спецсродкаў і збіццяў, факусіроўка на пэўных катэгорыях людзей сведчаць, што гэта мэтанакіраваная ўстаноўка кіраўніцтва сілавых структур і дзяржавы. Такую версію высунулі праваабаронцы ў дакладзе аб поствыбарчай сітуацыі ў Беларусі.
Праваабаронцы патрабуюць расследаванняў і выплаты кампенсацый
Даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі ў поствыбарчы перыяд падрыхтаваны ў рамках Маскоўскага механізма АБСЕ і пададзены туды 5 кастрычніка. У ім беларускія праваабаронцы засяродзіліся на тэмах катаванняў, адвольных затрыманняў, парушэнняў права на жыццё, правоў журналістаў, правоў дзяцей.
Як зазначыў праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч, права на жыццё гарантавана арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У гэтым рэчышчы ў сваім дакладзе праваабаронцы разглядалі прымяненне спецсродкаў міліцыяй з пункту гледжання прапарцыйнасці, законнасці і неабходнасці. Усё гэта рэгулюецца ў тым ліку законам «Аб органах унутраных спраў». Ён дакладна апісвае падставы прымянення зброі супрацоўнікамі міліцыі і абставіны, пры якіх яна не павінна прымяняцца. У прыватнасці, недапушчальна ўжываць яе ў вялікім натоўпе людзей, а таксама да жанчын і непаўналетніх.
Некаторыя спецсродкі прымяняліся ў Беларусі ўпершыню — гэта гумовыя кулі. Яны не проста траўмавалі людзей, а ранілі іх. А святлашумавыя гранаты пры разрывах паражалі людзей аскепкамі. Па словах Валянціна Стэфановіча, толькі ў Мінску ў першыя два дні пратэстаў па меддапамогу звярнулася 1200 чалавек.
«Мы прыйшлі да высновы, што міліцыя абсалютна непрапарцыйна сітуацыі і ў парушэнне нацзаканадаўства, не кажучы ўжо пра міжнароднае, прымяніла спецсродкі, у выніку чаго пацярпела вялікая колькасць людзей», – заявіў Валянцін Стэфановіч.
Таксама афіцыйна вядома, што мінімум трое дэманстрантаў загінулі.
Аляксандр Тарайкоўскі загінуў у Мінску ў выніку адкрытай раны грудзей і вялікай страты крыві ад нелятальнай зброі.
«Мы маем справу з дзеяннем, якому павінна быць дадзена прававая ацэнка і распачатая крымінальная справа, у рамках якой праведзена расследаванне, чаго зроблена не было і, пэўна, ужо не будзе. Мы лічым, што Тарайкоўскі быў пазбаўлены жыцця адвольна», – падкрэслівае праваабаронца «Вясны».
Другі смяротны выпадак – у Брэсце, калі Генадзь Шутаў быў паранены табельнай зброяй з паражэннем галаўнога мозгу. Сцвярджалася, што ён напаў на міліцыянтаў з жалезнымі трубамі і супраціўляўся, у выніку міліцыянты прымянілі табельную зброю і хацелі трапіць у плячо, але трапілі ў галаву. Але ёсць відэа, дзе было бачна, што супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным, а Шутаў з прыяцелем сядзелі на лаўцы, і міліцыянты падыйшлі да іх, а не наадварот. Па гэтым эпізодзе праваабаронцы таксама настойваюць на ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Трэці выпадак смерць Аляксандра Віхора ў Гомелі, якога арыштавалі на 10 сутак. У аўтазаку па шляху ў ІЧУ ён адчуў сябе кепска, і супрацоўнікі міліцыі чамусьці даставілі яго ў псіхіятрычную бальніцу. Там яго перанакіравалі ў іншы шпіталь, але Аляксандра не выратавалі. Вынікі праверкі па яго смерці таксама невядомыя.
«Да сёй пары мы не атрымалі няікай афіцыйнай інфармацыі аб колькасці пацярпелых і загінулых у выніку падзей 9, 10, 11 і 12 жніўня. На ўсе запыты адказваюць, што гэтая інфармацыя не з’яўляецца публічнай, альбо, як адказала пракуратуа, яны не валодаюць гэтай інфармацыяй», – зазначаюць праваабаронцы.
Таксама яны патрабуюць расследавання гібелі актывіста з Маладзечна Мікіты Крыўцова, па факце смерці якога праходзіць праверка, але яе вынікі невядомыя.
Апроч паўнавартаснага расследавання абставін усіх раненняў і смерцяў праваабаронцы патрабуюць выплаты кампенсацый пацярпелым.
Устанавіць датычных да катаванняў — магчыма
Юрыст Павел Сапелка распавёў пра тое, што з 14 жніўня зафіксавана больш за 500 выпадкаў прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання ў адносінах да мірных грамадзян.
Па яго словах, ахвярамі гвалту сталі некалькі груп людзей. Першыя – ахвяры адвольных затрыманняў, удзельнікі грамадскіх кампаній, прыхільнікі дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты. Частка затрыманых удзельнічала ў пратэставых акцыях, але большасць з іх не аказвала супраціву.
Шматлікая катэгорыя людзей, да якіх прымянялі гвалт, – адабраныя з адвольна затрыманых паводле нейкіх прыкмет: напрыклад, яны мелі пры сабе нейкую сімволіку, былі падпісаныя на паблікі пратэставых каналаў, у іх былі фота бюлетэняў і пратаколаў падліку галасоў.
Таксама сярод тых, да каго ўжываўся гвалт, былі людзі, якія аказвалі валанцёрскую дапамогу. Іх адбіралі на вуліцах адмыслова, і пры затрыманні і жорсткім абыходжанні ім казалі, што яны займаюцца не тым.
Асобна вылучаецца катэгорыя журналістаў, фатографаў, блогераў, у тым ліку замежных. Таксама пад пільную ўвагу сілавікоў трапілі людзі з незвычайнай знешнасцю – адметным колерам валасоў, дрэдамі, пірсінгам.
Інфармацыю аб катаваннях праваабаронцы аналізуюць, высвятляюць, ці можна ўвогуле знайсці рэальных выканаўцаў актаў катаванняў. І яны перакананыя – гэта магчыма. Людзі дасылаюць сведчанні з РУУСаў аб тым, хто іх катаваў: ёсць нумарныя знакі, нумары машын, апісанні людзей, якія чынілі гвалт.
Праваабаронцы патрабуюць расследавання эпізодаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі. Яны перакананыя, што ёсць дастаткова сведчанняў і звестак, якія можна выкарыстоўваць пры аб’ектыўным і неперадузятым расследаванні.
Ціск на журналістаў рыхтаваўся яшчэ да выбараў
Юрыстка Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Сяховіч паведаміла, што ў арганізацыі яшчэ ніколі не сутыкаліся з такім абмежаваннем правоў журналістаў, як цяпер. Яна перакананая, што да гэтага рыхтаваліся яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. З таго часу і па сённяшні дзень 9 блогераў знаходзяцца пад вартай па крымінальным артыкуле за арганізацыю беспарадкаў, сярод іх – Сяргей Ціханоўскі. Таксама вядома, што ў перадвыбарчы перыяд заяўкі замежных журналістаў, што падаваліся ў МЗС з мэтай асвятляць выбары, не разглядаліся. Такіх выпадкаў каля 100. Яны проста не атрымалі адказаў на свае звароты – такога ніколі не было.
З дня выбараў 9 жніўня да сярэдзіны верасня праваабаронцы налічылі 300 парушэнняў правоў журналістаў. Больш за 180 з іх звязаныя з затрыманнямі журналістаў.
Вольга Сяховіч нагадала, якімі спосабамі ўлады спрабуюць абмежаваць распаўсюд інфармацыі: татальная блакіроўка інтэрнэту, блакіроўка асобных сайтаў (на сённяшні дзень больш як да 70 рэсурсаў няма доступу), адмова ў друку і распаўсюдзе шэрагу незалежных друкаваных выданняў («Народная Воля», «Свободные Новости +», «Комсомольская правда в Беларуси» і «БелГазета».
Рэпрэсіі супраць журналістаў, якія пачаліся яшчэ да выбараў, паступова нарасталі. Спачатку рэпарцёраў затрымлівалі і адпускалі, потым затрымлівалі да суда і давалі штрафы, цяпер судзяць за ўдзел у масавых акцыях і даюць арышты.
27 жніўня ў Мінску і Брэцсе было затрымана 47 журналістаў, у тым ліку замежных. З гэтай нагоды БАЖ накіравала заяву ў Следчы камітэт, бо ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул аб перашкодзе працы журналіста. Але заяву БАЖ нават не сталі разглядаць. Ніводнай крымінальнай справы па фактах парушэнняў правоў журналістаў таксама не заведзена.
Кожны трэці журналіст, які пацярпеў падчас выбарчых падзей і быў затрыманы, гаворыць аб тым, што сутыкнуўся з гвалтам. Трое журналістаў, у тым ліку адна замежная карэспандэнтка, былі параненыя падчас пратэставых акцый гумовымі кулямі. З 57 апытаных журналістаў 16 заявілі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні. Ёсць сведчанні, што, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў даведваліся, што затрыманы – журналіст, прымянялі да яго больш жорсткія меры ўздзеяння.
Асаблівага маштаба ў гэтую кампанію дасягнулі рэпрэсіі супраць замежных журналістаў, падкрэслівае Вольга Сяховіч. Прынамсі 50 журналістаў не змаглі ўехаць у Беларусь і былі спыненыя на мяжы. Беспрэцэдэнтны маштаб прыняла працэдура пазбаўлення акрэдытацыі журналістаў – 19 з іх пазбавілі акрэдытацыі ў адзін дзень. А 2 кастрычніка было прынята рашэнне пазбаўлення акрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў. Цяпер легальна працаваць у Беларусі яны не могуць і невядома, ці дадуць ім акрэдытацыю.
Таксама сёння ў судзе разглядалася пытанне аб пазбаўленні статуса СМІ буйнейшага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY.
Злачынствы не расследаваныя, бо ўся сістэма, пабудаваная на фальсіфікацыях, перастане працаваць
Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак адзначыў, што рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – звыклая з’ява, але той іх маштаб, які цяпер дэманструюць улады, дазваляе рабіць высновы, што гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя.
«Гэта былі не проста дзеянні асобных міліцыянтаў. Мэтанакіраваны характар, падабенства дзеянняў у розных населеных пунктах і месцах няволі, мэтанакіраванасць прымянення спецсродкаў і збіццяў, факусіроўка на пэўных катэгорыях людзей – з гэтага мы можам высунуць працоўную версію, што гэта мэтанакіраваная ўстаноўка кіраўніцтва сілавых структур і дзяржавы. Пры такіх абставінах цяжка чакаць, што яны самі пачнуць супраць сябе разбіральніцтва і запусцяць працэдуры, якія дакладна прапісаныя ў беларускім Крымінальным кодэксе», – заявіў юрыст.
14 жніўня праваабаронцы з групай парламентарыяў абмеркавалі сітуацыю ў краіне і казалі аб тым, што ўсе факты будуць зафіксаваныя, а парламент павінен рабіць усё магчымае, каб сістэма супрацьдзеяння бязмежжу працавала. Але ў кулуарах гучалі адказы, што ў дэпутатаў няма інструментаў супрацьзеяння сілавікам, і яны нічога не могуць зрабіць.
На той жа сустрэчы праваабаронцы казалі, што, каб вярнуць узровень даверу да ўлады, трэба вызваліць палітвязняў, запусціць расследаванне крымінальных спраў, і тады можна будзе абмяркоўваць нешта. Але цяпер немагчыма ўспрымаць такія прапановы інакш, як спробу адвесці ўвагу ад праблем, зазначае Алег Гулак.
«Беларусь груба парушае міжнародныя стандарты і яшчэ больш груба парушае сваё нацыянальнае заканадаўства. Узбуджана каля 300 спраў супраць людзей з адрознай ад уладаў пазіцыяй, і ў той жа час ніводнай адносна катаванняў. Ніводзін выпадак фальсіфікацыі выбараў таксама не быў расследаваны. Бо тады ўся сістэма, пабудаваная на фальсіфікацыях, перастане працаваць», – падсумаваў Алег Гулак.
Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, у праваабаронцаў вельмі мала спадзяванняў на магчымасць выкарыстання інструментаў вырашэння сітуацыі на нацыянальным узроўні, таму ідзе актыўная праца па запуску міжнародных механізмаў уздзеяння. Ужо прайшлі слуханні на сесіі Рады па правах чалавека ААН, запушчаны Маскоўскі механізм АБСЕ, таксама аб запуску адпаведных механізмаў заяўляла Рада Еўропы, БХК і «Вясна» звярнуліся ў Камітэт супраць Катаванняў адносна некалькіх дзясяткаў пацярпелых беларусаў.
Апроч таго, у Польшчы і ва Украіне нацыянальныя органы распачалі крымінальныя справы па фактах таго, што пад катаванні ў Беларусі трапілі грамадзяне гэтых краін.