Папулізм па-ранейшаму ў трэндзе

У вышэйшым кіраўніцтве дзяржавы назіраецца хістанне. Кіраўнік ураду публічна выказвае нязгоду з ранейшай эканамічнай палітыкай, кіраўнік дзяржавы ставіць на месца прэм’ера, але і сам пачынае “мяняць паказанні, спрабуючы лавіраваць у новых сацыяльна-эканамічных умовах.

У вышэйшым кіраўніцтве дзяржавы назіраецца хістанне. Кіраўнік ураду публічна выказвае нязгоду з ранейшай эканамічнай палітыкай, кіраўнік дзяржавы ставіць на месца прэм’ера, але і сам пачынае “мяняць паказанні, спрабуючы лавіраваць у новых сацыяльна-эканамічных умовах.
Нонсенс для Беларусі: прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч публічна крытыкуе Адміністрацыю прэзідэнта і спрабуе даказаць, што ранейшая лінія паводзінаў у прыняцці эканамічных рашэнняў неэфектыўная. Паводле разлікаў урада, калі працягнецца пустая эмісія ў 2012 годзе, то беларускі рубель будзе абясцэнены яшчэ ў 2,5 разы. На думку ўрада, цвёрдая грашова-крэдытная, бюджэтна-падатковая палітыка дасць магчымасць стабілізаваць сітуацыю і знізіць інфляцыю ў наступным годзе да 19%. Калі ж працягваць эмісійнае фінансаванні эканомікі і ў ранейшым аб’ёме крэдытаваць дзяржпраграмы, то гэта выкліча рэзкі рост інфляцыі, лічаць ва ўрадзе.
“На 2011 год у планах у якасці крыніц фінансавання будаўніцтва 7,5 мільёна квадратных метраў жылля, малочна-таварных фермаў, свінагадоўчых комплексаў і цэлага шэрагу іншых праграм закладзена было... нуль рублёў. Нуль! — раскрываў таямніцы беларускага эканамічнага цуда Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні Савета міністраў. “Вы так актыўна дапамагалі фарміраваць усе праграмы, — звярнуўся прэм’ер да памочніка прэзідэнта Сяргея Ткачова, — на працягу апошніх 10–15 гадоў. “Вы павінны выдатна разумець, што ў нас сышліся чатыры праблемы, — працягваў Міхаіл Мясніковіч. — Гэта дэфіцыт бюджэту, дэфіцыт аплатнага балансу, нерэальны абменны курс і адсутнасць рэальных крыніц фінансавання жылля і іншых дзяржпраграм.
Каб пазбегнуць далейшага пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы, урад прапануе скараціць тэмпы росту ВУП, фінансаванне дзяржпраграм, аб’ёмы эмісіі. Урад просіць і работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта падтрымаць гэты сцэнар развіцця эканомікі. “Мы просім падтрымаць той прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, які падрыхтаваны, — звярнуўся Мясніковіч да памочніка прэзідэнта. Урад прапануе Адміністрацыі прэзідэнта зацвердзіць на будучы год той 1,5% тэмп росту ВУП. Штучнае павелічэнне росту ВУП да 7,1% будзе мець вельмі негатыўныя наступствы.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка хутка адрэагаваў на спробы Савета міністраў расхістаць лодку стабільнасці ў вышэйшым кіраўніцтве. “Вы занадта захапіліся непапулярнымі метадамі, Міхаіл Уладзіміравіч. Вы, той, хто нарадзіўся ў вёсцы і вырас на кубку малака, як я і многія, што тут сядзяць, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. — Рынкавая пазіцыя ўрада сёння прывяла да таго, што ў нас ужо бензін утрая даражэй: вось, курс долара — і ўсё, наперад! Ніхто не падумаў аб тым, як жа гэта зрабіць лепш, як мы рабілі 15 гадоў запар. І што за практыка ківаць на стары ўрад? Не трэба гэта рабіць, гэта непрыгожа, ужо людзі смяюцца.
Падобны дэмарш урада нельга назваць бязглуздай выхадкай. Наадварот — гэта паказчык таго, што вярхі не хочуць і, галоўнае, не могуць працаваць у ранейшым рэчышчы. Але перахоп ініцыятывы ў будаўніцтве стабільнай дзяржавы з рук адзінага правадыра найперш небяспечны для яго самога. Бо можа атрымацца так, што гарантам чаркі і шкваркі ў вачах народа паўстане іншая асоба. Сітуацыя не настолькі простая, каб мяняць коней на пераправе, але абсалютна нельга адмаўляць таго, што гэты публічны жэст непаслухмянства ў хуткім часе адаб’ецца на ўрадзе. Імкненне пазбегнуць зараджэння (і тым больш нараджэння) пятай калоны ў сценах дзяржаўных кабінетаў — цяпер вялікі клопат. Таму ёсць Следчы камітэт, Аператыўна-аналітычны цэнтр, Савет бяспекі, што падпарадкоўваюцца непасрэдна Лукашэнку.
У жаданні паказаць, хто ў дзяржаве гаспадар, Аляксандр Лукашэнка часам нават пачынае супярэчыць сваім словам. Распачынаюцца праграмы прыватызацыі — і вось у час рабочай паездкі па Мінскай вобласці Лукашэнка заяўляе: “Ніякай прыватызацыі!
«Бяздумнай прыватызацыі ў нас не было і не будзе. Расіяне, украінцы нам зайздросцяць. Дык навошта нам ісці па іх шляху лібералізацыі? Трэба развівацца самім, спакойна. Навошта сёння прадаваць тое, што мы давялі да розуму? Навошта прадаваць тое, што сёння рэнтабельна працуе і прыносіць прыбытак? Ніякай прыватызацыі. Ні ў якім выпадку», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Натуральна, пасля такіх слоў усе праграмы, пілотныя праекты, што пачалі рэалізоўвацца ў гэтым кірунку, не будуць адпраўленыя на сметніцу. Але для аматараў атрымаць кавалкі дзяржуласнасці і адпаведны кавалак самастойнасці ўладай зроблены канкрэтны пасыл.
У маштабных спаборніцтвах палітычнага лідара Беларусі ёсць месца і для больш дробных сацыяльных пытанняў. Праўда, у цяперашніх умовах яны могуць у любы момант вырасці да пагрозлівых памераў. Таму папулісцкая лінія застаецца ў трэндзе.