«Pasluga». Беларусы замежжа стварылі сервіс, каб уладкаваць беспрацоўных землякоў

Онлайн-сервіс для замовы і прапановы паслуг для беларусаў планеты — так сцісла характарызуе сябе платформа «Pasluga», дзе любы ахвочы можа пакінуць апісанне сваёй паслугі ці выбраць нешта патрэбнае з прапанаваных.

photo_2021_07_23_17_27_23.jpg

Сузаснавальнік праекта Вадзім Дабравольскi распавёў «Белсату», што ідэя платформы з’явілася з практыкі іншага праекта:

«Мы рабілі платформу для таго, каб людзі ў Беларусі мелі магчымасць дадатковага заробку. Гэта не першы праект, які мы запусцілі. Пасля жнівеньскіх падзей мы стварылі "IneedHelpBy" і апекаваліся людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, пацярпелі ад рэпрэсій, чыіх блізкіх пасадзілі. Мы ім дапамагалі прадуктамі».

Каманда праекта «Pasluga» сабралася стыхійна, калі людзі за мяжой Беларусі не ведалі, як дапамагчы землякам, што сутыкнуліся з жахлівымі рэпрэсіямі, гвалтам і страчвалі працу ды заробак.

«Ты хочаш дапамагчы, але не ведаеш, што рабіць, як дапамагчы тым, хто застаўся сам-насам з Левіяфанам, але ты не можаш фізічна прысутнічаць і твае магчымасці абмежаваныя. У пэўны момант нас сабралася крытычная маса, мы перазнаёміліся і пачалі рабіць праект "IneedHelpBy". Аднойчы мы зразумелі, што дзеля бяспекi i нашай каманды, i людзей, якiм мы дапамагаем, усе ўдзельнiкi праекта павiнныя быць за мяжой. Нават людзей з нашай каманды мы не можам пакуль назваць, бо яны маюць сваякоў у Беларусі», — распавёў Вадзім.

Як кажа Вадзім, праект «IneedHelpBy» дапамог стваральнікам і беларусам замежжа лепей зразумець сітуацыю ў краіне, бо была багатая камунікацыя з тымі, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій.

«Людзі былі ўдзячныя за прадуктовую дапамогу, але хацелі і самі зарабляць грошы. І сярод дыяспары таксама было вялікае жаданне дапамагчы непасрэдна грашыма. Гэтыя два фактары і сталі падмуркам сервісу "Pasluga", які дапамагае любому беларусу атрымаць ці сталы заробак, ці хаця б пэўны даход», — падкрэслівае Дабравольскi.

Першапачаткова стваральнікі праекта мелі на думцы звязаць беларусаў у Беларусі з беларусамі за межамі, аднак з часам стала відаць, што і жыхары краіны зацікаўленыя ў паслугах тых, хто страціў працу і прапаноўвае свае таленты на платформе.

Вадзім адзначыў, што адна з мэт стварэння платформы — наладжваць гарызантальныя сувязі паміж людзьмі:

«З досведу нашага папярэдняга праекта тыя, хто дапамагаў, і тыя, каму дапамагалі, робяцца добрымі сябрамі. Гэта вельмі каштоўны вынік, і мы б хацелі бачыць такое і ў новым праекце».

Паслугі на «Pasluga»

Стваральнік платформы распавёў, што на «Pasluga» могуць быць размешчаныя не толькі экспертныя паслугі. Попытам карыстаюцца і працы, што не вымагаюць адмысловай адукацыі. Так, людзі за мяжой не могуць прыбраць могілкі сваякоў ці паклапаціцца пра сваіх блізкіх — за дапамогу такога кшталту яны і гатовыя плаціць.

Ён таксама адзначыў, што ў пэўным сэнсе стварэнню праекта паспрыяла ізаляцыя падчас каронавіруса, калі людзі ўжо прызвычаіліся да паслуг і адукацыі онлайн.

Людзі, якія прапаноўваюць свае паслугі на платформе, самі вызначаюць кошт. Аднак ёсць і пэўная мадэрацыя.

«У той меры, як паслуг будзе рабіцца ўсё болей, мы чакаем, што цэны ўрэгулююцца натуральным чынам. Аднак на пачатковым этапе мы прыглядаем, каб цэны былі адэкватнымі. Мы хочам, каб абвесткі былі рэальнымі, а паслуга не можа каштаваць паўдолара ці адзін цэнт. З аўтарамі такіх прапаноў мы звязваемся, камунікуем і тлумачым, як варта працаваць», — распавёў Дабравольскi.

У першыя дні функцыянавання платформы «Pasluga» найбольш папулярнымі былі адукацыйныя прапановы.

«Мы мяркуем, што будуць карыстацца попытам і транспартныя перавозкі, і догляд сваякоў, дамоў, могілак, і рамонтныя працы», — падзяліўся меркаваннем стваральнік праекта.

Цяпер на платформе можна знайсці прапановы заняткаў ёгай, асабістага росту, догляду дзетак і жывёл, стварэння сайтаў, фота- і відэапрадуктаў ды іншыя.

Вадзім перакананы, што колькасць катэгорый будзе расці:

«На сайце ёсць паштовая скрынка, куды можна пісаць прапановы. Аднак ёсць катэгорыі, якіх мы пастанавілі не дадаваць. Гэта найперш тычыцца медыцынскіх і псіхалагічных кансультацый. У асноўным праз тое, што мы працуем з міжнароднымі правайдарамі і яны не дазваляюць транзакцый для аплаты такой працы».

Замоўцы з часам таксама змогуць пакідаць на сайце свой запыт на паслугу, калі не знойдуць адпаведнай прапановы на сайце.

Як гэта працуе?

Прапановы на сайце маюць розны кошт: ад 5 долараў да 200. Усе яны папярэдне мадэруюцца.

«У нас двухэтапная мадэрацыя. Мы правяраем людзей і іх паслугі. Цяпер мы не патрабуем дакументаў, якія пацвярджаюць кваліфікацыю. Мы разлiчваем, што якасныя паслугі будуць мець высокiя рэйтынгі ад пакупнiкоў — i таму карыстацца большым попытам. Таксама ў нас прадугледжаны механiзм аспрэчвання — калi паслугу не выканалі», — патлумачыў Вадзім.

Стваральнікі ініцыятывы раяць выкарыстоўваць псеўданімы пры прапанове сваіх паслуг, каб унікнуць залішняга інтарэсу з боку сілавікоў, але чалавек сам можа вызначаць, ці адкрываць сваю асобу замоўцу.

«Калі вы ствараеце акаўнт, то пазначаеце свае рэальныя даныя, але іх бачыць толькі каманда праекта. Гэтыя даныя захоўваюцца за мяжой у бяспецы. Можна пазначаць асабісты псеўданім ці псеўданім крамы. А пра тое, як будзе здзяйсняцца паслуга, абодва бакі дамаўляюцца паміж сабою. Калі чалавек пачуваецца ў небяспецы, ён можа зладзіць тыя ж заняткі праз Zoom без відэа. Гэты выбар мы пакідаем самім людзям», — адзначыў Дабравольскi.

Што з аплатай?

На старонцы «Pasluga» пазначаныя два кошты — за саму паслугу і з улікам камісіі, якая складае 6%.

Вадзім патлумачыў, што праект рабіўся на грошы ўдзельнікаў каманды, зарэгістраванай у ЗША. Манетызацыя праекта мае адбыцца менавіта праз закладзеную камісію.

«Гэтыя 6% не цалкам нашы. Мы карыстаемся некалькімі сервісамі для ажыццяўлення транзакцый, кожны з сервісаў бярэ пэўную камісію, недзе 4%, і 2 % — гэта камісія нашай платформы, якая ідзе на хостынг і падтрыманне платформы. Варта адзначыць, што камісію сплачвае замоўца, а не прадавец паслугі. Мы сыходзілі з таго, што пакупнікі будуць за мяжой і менш абмежаваныя ў фінансах. А людзі, якія прапаноўваюць свае паслугі, атрымліваюць менавіта тыя грошы, якія яны заявілі ў сваёй абвестцы», — падкрэсліў кіраўнік праекта.

Каманда ініцыятывы доўга думала, як пераводзіць з-за мяжы грошы беларусам у краіне. Прадавец паслуг можа замовіць картку «Payoneer» ці перавесці грошы на рахунак беларускага банка.

«Крадзеж грошай у Беларусі цяпер — сур’ёзная праблема. А мы хацелі, каб гэта было бяспечна і легальна. Мы б не хацелі падстаўляць людзей, якія нам даверыліся. Таму мы выкарыстоўваем некалькі сервісаў для транзакцый. Мы падрабязна апісваем усе дзеянні ў нашых інструкцыях на сайце. А калі чалавек раней не працаваў самастойна, мы яго кансультуем. Да нас на днях звярнулася група настаўнікаў, для іх гэта ўсё ўпершыню. Мы з радасцю ідзём на кантакт і зладзілі з імі размову, каб патлумачыць некаторыя акалічнасці», — адзначыў Вадзім Дабравольскi.