Патрыёты ў спажыванні
Перыядычна нас знаёмяць з вынікамі розных сацыялагічных апытанняў, якія вельмі падобныя да звычайных маніпуляцый нашымі паводзінамі. Паспрабуем паказаць гэта на прыкладзе аднаго найноўшага
апытання.
Дзеля гэтага напачатку нагадаем пару прапісных ісцін сацыялогіі. Згодна з методыкай сацыялагічнага даследавання, яго аб’ектам з’яўляецца сацыяльная рэальнасць, якая не залежыць ад
даследчыка. Прадметам — якасці, асаблівасці, стасункі і працэсы дадзенай рэальнасці, якія вызначаюцца даследчыкам для мэтанакіраванага вывучэння.
Перыядычна нас знаёмяць з вынікамі розных сацыялагічных апытанняў, якія вельмі падобныя да звычайных маніпуляцый нашымі паводзінамі. Паспрабуем паказаць гэта на прыкладзе аднаго найноўшага
апытання.
Дзеля гэтага напачатку нагадаем пару прапісных ісцін сацыялогіі. Згодна з методыкай сацыялагічнага даследавання, яго аб’ектам з’яўляецца сацыяльная рэальнасць, якая не залежыць ад
даследчыка. Прадметам — якасці, асаблівасці, стасункі і працэсы дадзенай рэальнасці, якія вызначаюцца даследчыкам для мэтанакіраванага вывучэння.
Вылучэнне фрагмента сацыяльнай рэальнасці ў якасці аб’екта, а ў яго межах — прадмета сацыялагічнага даследавання, дыктуецца праблемнай сітуацыяй, якую трэба вырашыць, каб
мінімізаваць або пераадолець пэўныя супярэчнасці.
Менавіта праблемная сітуацыя «стварае» прадмет даследавання, а лакалізацыя сітуацыі ў тых або іншых праявах рэальнасці — анталагічныя высновы для вызначэння
аб’екта даследавання.
Калі, напрыклад, такую праблемную сітуацыю, як сексуальныя паводзіны вязняў, даследаваць сацыялагічнымі метадамі, то трэба найперш вызначыць прычыны, якія змушаюць іх да нетрадыцыйных нормаў
паводзін. Зыходзячы з таго, што вязні знаходзяцца ў ненармальных умовах, самым недарэчным было б пытанне аб спосабах задавальнення імі сваіх сексуальных патрэб. Верагодна, такое пытанне большасцю
рэспандэнтаў было б успрынята як натуральны здзек. А гэта б непазбежна прывяло да скажэння атрыманай інфармацыі, прыдатнай хіба што для жоўтай прэсы, якая б са спасылкай на дадзеныя аўтарытэтнай
сацыялагічнай службы (не самі выдумалі!) давяла б сваім даверлівым чытачам, што айчынны вязні, у адрозненні ад амерыканскіх, спрэс гомасексуалісты ды ананісты.
Хай даруе чытач за нудную прадмову, але многія сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі робяцца беспрадметна, гэта значыць — ненавукова. Але іх дадзеныя друкуюцца ў СМІ як навукова
дакладныя.
Прыкладам, на днях БелТА паведаміла, са спасылкай на апытанне Аналітычнага цэнтра ЕсооМ, праведзена ім па тэме «Год якасці», што беларускія пакупнікі аддаюць перавагу айчыннаму
харчаванню перад імпартным. Відавочна, што апытанне заказное, прафінансаванае нейкай дзяржаўнай установай, з мэтай вызначэння дамінуючых спажывецкіх настрояў грамадзян.
Вынік — як і належыць: якасць беларускага харчавання добрая, таму беларусы з’яўляюцца патрыётамі ў спажыванні. Прычым спажывецкія настроі вызначаны з дакладнасцю да дзесятых
працэнта. У ліпеньскім апытанні ЕсооМа, як сведчыць БелТА, прынялі ўдзел 1498 грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў, сярод якіх айчыннаму харчаванню аддалі перавагу 43,2% апытаных, імпартнаму
— 12,9%. І пры гэтым, як вызначылі сацыёлагі, 24,8% грамадзян робяць свой выбар па прынцыпу «гледзячы, які тавар». Маўляў, мы не такія багатыя, каб купляць танныя
рэчы!
Калі што лепшае, то і пераплацім. Вось як гэта максіма спажывецкіх паводзін беларусаў выглядае ў выкананні сацыёлагаў: «Галоўнае — якасць», — так лічаць 34%
грамадзян. За баланс суадносін кошту і якасці выступаюць 45,9% апытаных. Кошт дамінуе над якасцю толькі ва ўяўленні 3,1% рэспандэнтаў.
Атрымліваецца, беларусы цалкам адэкватныя спажыўцы і абы якое харчаванне купляць не збіраюцца. Уласна, ведаем гэта мы і без сацыёлагаў. Увогуле, ніякай праблемнай сітуацыі тут няма, як няма і
сацыяльнай супярэчнасці, якую трэба пераадольваць з дапамогай атрыманай інфармацыі. Бо на самай справе гэта даследаванне (апытанне) не мае ні аб’екта, ні прадмета даследавання. Найперш таму,
што сярэднестатыстычны беларускі пакупнік (а менавіта яго паводзіны вывучае сацыялогія) не мае праблемы выбару паміж сваім і заморскім па прычыне амаль поўнай адсутнасці імпартнага асартыменту ў
рознічным гандлі.
Вось як выглядае крамны рознічны гандаль паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі. У агульным памеры рэалізацыі мяса і птушкі доля імпарту складае 0,5%, каўбасных вырабаў — 0,1%, кансерваў
мясных — 2,8%, масла жывёльнага — 0,5%, сыроў — 2,4%, цукру — 0,2%. Крыху больш імпарту па артыкулах «безалкагольныя напоі» (5,7%),
«кандытарскія вырабы» (16,1%), «сокі» (28%).
У нейкай ступені пра магчымасць выбару можна гаварыць толькі адносна апошніх трох пазіцый, а таксама адносна рыбы і морапрадуктаў (Беларусь сваіх не мае), круп ды макаронных вырабаў, удзельная вага
якіх у агульным аб’ёме таваразвароту складае ад 40 да 60%. Але гэта таксама адносны выбар, бо як бы ні карцела беларускаму пакупніку паласавацца айчынным свежазамарожаным мінтаем або хекам,
ні ў Дняпры, ні ў Свіслачы гэта рыба не водзіцца.
Ёсць яшчэ такія «каланіяльныя тавары», як кава, гарбата, трапічныя фрукты ды прысмакі, непаўнавартаснай заменай якім могуць быць толькі айчынныя сурагаты. Кшталту жалудовых кафейных
напояў або кавы з цыкорыям. А цытрусавых у Беларусі пакуль што не вырошчваюць.
Ну дык што, зойдзем у карму і пачнём выбіраць? Хоць у сельпо, хоць у супермаркет — прынцыповай розніцы няма. Малако з кефірам — з бліжэйшага малаказавода, птушка — са
Смалявіцкай або Слуцкай птушкафабрыкі, ялавічына або свініна (якія, калі ёсць, можна выбіраць усяго з двух гатункаў — першага або другога), каўбасы — тут цэлы спіс шыкоўных назваў,
пры уніфікаваным «гостамі» якасным складзе. Дзе болей соі, дзе меней, а мясам ніводная «палка» нават і не пахне.
Такім чынам, ніхто нам нічога з парыжаў не завозіць, і нашы партманэ заморскімі смакотамі не спакушае. Бо ўстаноўка была дадзена давесці долю беларускага харчавання ў асартыменце «да 100 і
болей працэнтаў».
З яйкамі гэта ўжо амаль атрымалася — у аб’ёме іх рэалізацыі доля імпартных складае 0,01%. Калі мы не памыляемся ў разліках, з кожных 10 000 яек, якія прадаюцца ў нашых
крамах, — 9 999 айчынныя, і толькі адно імпартнае. Жыві доўга і шчасліва, а гэта вось яйка не тое што купіць, але, магчыма, і пабачыць на прылаўку не давядзецца. Калі няма добрай знаёмай
сярод гандляроў на высокіх пасадах.
А сацыёлагі нам даводзяць пра сотні тысяч пакупнікоў, якія свядома выбіраюць імпартнае, і мільёны, якія свядома «купляюць беларускае».
Першае, што хочацца сказаць, — гэткія вось даследаванні не каштуюць ні выедзенага яйка, ні тых грошай, якія выдаткавала на іх нейкая дзяржаўная ідэалагічная ўстанова. Але хутка разумееш, што
сацыёлагі вырашалі зусім іншую праблемную сітуацыю. Ім трэба было ў навуковай форме паказаць, як беларусы робяць найлепшы выбар ва ўмовах адсутнасці выбару.
І не толькі ў краме, але і на выбарчым участку. Пра гэта паразважаем пры першай нагодзе.