Павел Кабанчук: У бабруйскім ІЧУ хацелі стварыць нам умовы, падобныя да Акрэсціна
Пасля 15 сутак арышту з бабруйскага ІЧУ на волю выйшаў Павел Кабанчук, якога зняволілі за налепку з «Пагоняй» на машыне. Ён распавёў «Бабруйскаму кур'еру» пра сваё затрыманне, суд і ўмовы ў ІЧУ.
25 сакавіка, у Дзень Волі, шасцёра чалавек у Бабруйску былі арыштаваныя і кінутыя мясцовымі ўладамі за краты. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту на волю ўжо выйшлі Сяргей Мардушкоў, які вывесіў на Дзень Волі на сваім балконе бел-чырвона-белы сцяг, і Павел Кабанчук, на машыне якога быў налеплены гістарычны сімвал Беларусі — «Пагоня». З ізалятара часовага ўтрымання абодвух выпусцілі не наўпрост на волю, а вывезлі для «прафілактычнай гутаркі» ва УУС.
У ІЧУ засталіся адбываць свае тэрміны яшчэ чацвёра: інвалід трэцяй групы Сяргей Бяляеў і Аляксандр Парахневіч, якім прысудзілі па 20 сутак; па 30 сутак арышту прысудзілі Івану Манько і Уладзіміру Міхалапу. Усе шасцёра — розную колькасць часу — на знак пратэсту трымалі галадоўку. Першым яе абвясціў 27 сакавіка Манько, прычым першыя чацвёра сутак ён галадаў «усухую», без вады. Затымгаладоўку падтрымалі ўсе астатнія. Цяпер тыя, хто засталіся, ужо перарвалі галадоўку і пачалі прымаць ежу…
Павел Кабанчук распавёў падрабязнасці свайго затрымання, суда і знаходжання «бабруйскіх арыштантаў» у ІЧУ.
Мужчыну падчас адміністрацыйнага арышту змяшчалі ў карцар.
«Пасля пераводу назад у камеру ў нас ва ўсіх забралі матрацы, 8 чалавек змясці ў чатырохмесную камеру. Двое чалавек, затрыманых за крадзеж, пагадзіліся за падвойную “пайку”, прапанаваную адміністрацыяй, — пацясніць нас у камеры. Дзяжурны зайшоў і сказаў, што дзве "шконкі” крымінальнікам, а гэтыя дзве вашы — на шэсць чалавек», — распавёў Павел.
На 11-я суткі арышту ў ІЧУ прыехаў начальнік з Мінска: ён правёў гутарку з арыштантамі і растлумачыў, што вышэйстаячыя вымушаюць заціскаць умовы — каб былі як на Акрэсціна.
Трое чалавек заявілі пра галадоўку па сваёй волі, у тым ліку і Павел. Яшчэ трое чалавек пасля таго, як перадалі перадачы, напісалі заявы аб адмове прыёму ежы, якую дастаўляюць у ІЧУ: есці яе немагчыма, а плаціць трэба 14,5 рублёў за суткі. І пасля гэта ў арыштантаў забралі ўсё, што ім перадалі, і яны сталі галадаць вымушана.