Жыхара Гродна аштрафавалі на 3480 рублёў за БЧБ-сцяжок у машыне

Жыхара Гродна Мікалая Лемяноўскага аштрафавалі на 120 базавых велічынь (3480 рублёў або прыкладна $1320) за тое, што ў яго машыне быў бел-чырвона-белы сцяжок, паведамляе s13.ru са спасылкай на праваабаронцаў.

photo5445355019466551744.jpg

Лемяноўскага затрымалі ўвечары 8 красавіка. Мужчына быў на працоўным месцы. Яму патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі выйсці да машыны, бо там была незарэгістраваная сімволіка — сцяжок. Лемяноўскі выйшаў да машыны, не ўбачыў міліцыянтаў і вярнуўся на працу. Пасля гэтага яму патэлефанавалі зноў і паведамілі аб адміністрацыйным працэсе за «адзіночны пікет».

Прыехаўшы ў Ленінскі РАУС, ён быў затрыманы і правёў пад вартай амаль суткі. Бліжэй да канца працоўнага дня 9 красавіка яго адміністрацыйная справа па частцы 3 артыкула 24.23 абноўленага КаАП за паўторнае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў разглядалася ў Ленінскім раённым судзе па Skype. Лемяноўскага ўжо штрафавалі па гэтым артыкуле ў верасні мінулага года. Тады ён атрымаў штраф у 15 базавых велічынь.