«Веру, што арляня — не спыніць!». Палітвязень Максім Знак даслаў верш з Валадаркі
Аўтар «Новага Часу» Марыя Мартысевіч атрымала ліст ад адваката Максіма Знака, які ўжо сем месяцаў знаходзіцца пад вартай. І знайшла там верш.
ВЯЛІКАЕ АРЛЯНЯ
Я чакаю яго і чакаю,
Ужо месяц чакаю штодня!
Прылятае да нас, прылятае...
Ўсё ляціць і ляціць арляня.
Сведкі кажуць: з далёкага Поўдня
Арляня паляцела да нас...
Мо яно прыляціць нават сёння!
Так чакаем вясны ў першы раз.
Ты ляці, арляня, па-над пляжам,
На гарачы пясок не сядай!
Прылятай жа хутчэй, прылятай жа,
Прылятай, арляня, ў родны край!
Тут у дворыках лёд на падлозе
І ваконца для сонца няма...
Добры жарт, арляня, але годзе -
Прылятай, не катуй нас дарма.
Кажуць людзі: не будзе вар'яцтва -
Там цяплынь, там уключана ўсё.
Арляня не захоча вяртацца -
Можна ў выраі бавіць жыццё!
Бы ў дзяцінстве, наіўна і шчыра,
Веру, што арляня - не спыніць!
Прыляціць арляня ў родны вырай.
Белы бусел таксама ляціць.
Максім Знак напісаў пра свой верш так: «Я не ведаю дакладна, як гэта птушка выглядае і чаму яна завецца вялікай, калі яна яшчэ арляня, аднак я ведаю, што яны разам з белым буслом ужо ляцяць (а мяркуючы па сённяшнім надвор'і, ужо даляцелі) у Беларусь, таму з іх прылётам вясна стане вясновай і вельмі цёплай... Дарэчы, верш спрацаваў і літаральна на наступны дзень заззяла сонейка і лёду больш няма. Прынамсі ў тых дворыках, якія мы бачылі ўчора і сёння. Ура!»
Адваката і члена Прэзідыума Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 9 верасня. Яго абвінавацілі ў закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (ч.3 арт. 361 КК). Яму некалькі разоў працягвалі тэрмін утрымання пад вартай, апошніраўз — да 9 мая.