Мікалай Статкевіч адмовіўся працягнуць азнаямленне з матэрыяламі справы

Мікалай Статкевіч напісаў з турмы жонцы Марыне Адамовіч пра тое, што не будзе далей праглядаць матэрыялы справы. Пра гэта яна распавяла ў сябе ў Facebook.

601_5.jpg

Гэты ліст датаваны 31 сакавіка.
«Справа будзе перададзеная ў пракуратуру пасля таго, як мы ўсе азнаёмімся з яе матэрыяламі. А гэта, як я пісаў, аж 110 тамоў. Праўда, я сёння спыніў гэта «азнаямленне» і зрабіў вусную (пад запіс) наступную заяву: «Вывучыўшы «абвінавачванне» і 30% матэрыялаў «справы», я прыйшоў да цвёрдага пераканання, што яна сфабрыкаваная следствам.
Мала таго, па маім перакананні, следства замахнулася на асноватворныя канстытуцыйныя правы грамадзян: свабоду слова, права на мірныя сходы, права на ўдзел у выбарах у якасці кандыдатаў ці іх давераных асоб.
Я не хачу мець адносіны да таго, што лічу злачынствам. Таму адмаўляюся ад азнаямлення з астатнімі матэрыяламі «справы».
Шчыра кажучы, удзельнічаць у іх «працэдурах», ведаючы, што хаваецца за зместам гэтых працэдур, неяк грэбліва», — напісаў Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, палітыка затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён накіроўваўся на Камароўскі рынак на пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі і Мікалая Казлова. Палітыка арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Пазней тэрмін утрымання Статкевіча пад вартай падаўжалі. 8 ліпеня адвакат палітыка паведаміў, што Статкевічу прад'яўлена абвінавачанне ў арганізацыі або актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
У снежні стала вядома, што абвінавачанне «абцяжарыць», дадаўшы ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках, да 8 гадоў пазбаўлення волі), а ў сакавіку жонка распавяла, што, верагодна, абвінавачанне перакваліфікавалі на «цяжэйшую» першую частку гэтага ж артыкула (Арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў пазбаўлення волі).
tut.by