Ліставанне праваабаронцы з палітвязнем Леанідам Судаленкам далучаюць да крымінальнай справы?
Праваабаронцу Леаніда Судаленку два з паловай месяцы трымаюць у СІЗА-3 г. Гомеля ў межах крымінальнай справы па артыкуле 342 КК. Нядаўна стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны да 18 мая. Гомельская Вясна апублікавала ўрывак з ліста, у якім Леанід Судаленка піша, што пра яго «забыліся тыя, хто сюды кінуў».
Палітвязень у лісце Аляксею Лойку піша, што ў дзень яму аддаюць ад 10 да 15 лістоў. Старшыня Гомельскага аддзялення ПЦ «Вясна» напісаў, што адзін з першых лістоў ад Аляксея Лойкі яму не ўручылі, а прынеслі акт аб канфіскацыі ліста. Як піша Леанід Судаленка, атрымаць ліст ён зможа толькі па вызваленні з СІЗА. У лісце таксама паведамляецца, што перыядычна цэнзура "адкусвае" частку лістоў, якія яму дасылаюць.
Аб чым у лісце ішла гаворка?
Як адзначае Аляксей Лойка, у лісце ён выказаў свайму старэйшаму калегу, які ўтрымліваецца ў засценках следчага ізалятара, словы падтрымкі, а таксама распавёў, якія падзеі адбываліся пасля затрымання Леаніда Судаленкі.
Юрыст падкрэслівае, што ён асобна папрасіў палітвязня ўважліва ставіцца да свайго здароўя і сігналізаваць па магчымасці на свабоду аб тым, якая дапамога яму будзе неабходная. У лісце ішла гаворка аб тым, што цяпер важна падтрымліваць сям'ю Леаніда: на волі яго чакаюць жонка і трое сыноў.
На што спаслалася адміністрацыя СІЗА, не ўручыўшы ліст Леаніду Судаленку?
Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксей Лойка, даведаўшыся, што яго ліст не ўручылі адрасату, накіраваў зварот начальніку СІЗА-3 г. Гомеля Антону Рубанаву, у якім папрасіў паведаміць, на падставе якой нормы заканадаўства ліст Леаніду Судаленка не ўручаны.
У адказе начальніка СІЗА адзначаецца, што «ліст у адпаведнасці з ч. 4 арт. 18 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай» быў канфіскаваны і накіраваны ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
Што прадугледжвае прававая норма, на якую спасылаецца начальнік СІЗА?
Артыкул 18 (ч. 4) Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай»: «лісты, якія змяшчаюць звесткі, якія могуць перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, а таксама спрыяць здзяйсненню злачынства, выкананыя тайнапіссю, шыфрам, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўную законам таямніцу, адрасату не адпраўляюцца, асобам, якія змяшчаюцца пад вартай, не ўручаюцца і перадаюцца ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксей Лойка: «На нашага калегу аказваецца беспрэцэдэнтны ціск!»
«Мала таго, што Леаніда Судаленку фактычна трымаюць у закладніках ужо амаль тры месяца па палітычна матываванай крымінальнай справе. Яму не аддаюць газету «Новы час», яе адпраўляюць на склад. Да нас паступае інфармацыя, што ў сакавіку Леаніду своечасова не выдавалі неабходных медыцынскіх прэпаратаў для падтрымання прымальнага стану здароўя, ставячы пад пагрозу жыццё і здароўе праваабаронцы ў няволі. З лістоў мы даведаліся, што адміністрацыя СІЗА цягам тыдня не пускала адваката да яго, а цяпер яшчэ і лісты не аддаюць: наўпрост перадаюць іх у Следчы камітэт (за час падрыхтоўкі матэрыялу стала вядома, што палітвязню не аддалі 60% лістоў, якія яму адправіў Аляксей Лойка – заўв.). Гэта выклікае абурэнне! З іншага боку, гэта дэманструе грамадству, што доказная база і без таго кволая, і ўся рэпрэсіўная сістэма МУС у асобе цэнзара працуе на збор доказаў, падшываючы лісты да справы, пазбаўляючы рэпрэсаванага інфармацыі аб тым, што адбываецца за сценамі следчага ізалятара. Усё гэта накіравана толькі на адно: зламаць волю, дэмаралізаваць заслужанага і паважанага праваабаронцу і прымусіць яго пайсці на супрацоўніцтва са следствам і прызнаць віну. Іншых ацэнак тут быць проста не можа!
Мы заклікаем усіх пісаць лісты Леаніду Судаленка, а таксама падтрымліваць яго сям'ю. Менавіта такія крокі будуць для палітвязня важным сведчаннем таго, наколькі значнай для грамадства працай займаўся Леанід Судаленка да свайго затрымання, а таксама дапамогуць сям'і трымаць гэты ўдар беларускіх уладаў, паколькі дзяржава, рэпрэсуючы праваабаронцу, наносіць страты і яго сям'і – б'е па самым дарагім людзям».
Аляксей Лойка звярнуўся да пракурора Гомельскай вобласці са скаргай, у якой патрабуе ў рамках пракурорскай праверкі наведаць Леаніда Судаленку ў камеры СІЗА і ліквідаваць парушэнне яго права на перапіску.
Падтрымаць Леаніда лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:Адрас для лістоў: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Леаніду Леанідавічу Судаленку.
spring96.org