Павел Левінаў патрабуе роўнасці перад законам для СМІ

Віцебскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Павел Левінаў, настойвае на тым, што распаўсюд у Віцебску зарэгістраванай ў Расійскай Федэрацыі газеты "Аптечка Еламеда" мусіць рэгулявацца тымі ж дакументамі, як і распаўсюд газеты "Витебский курьер". Але за распаўсюд "ВК"судзяць, а дамагчыся адміністрацыйнай справы супраць распаўсюднікаў "Аптечки Еламеда" Паўлу Левінаву пакуль не ўдалося.



vitkurer.jpg

Левінаў  падкрэслівае, што не мае нічога асабістага супраць газеты "Аптечка Еламеда", якую жыхары Віцебска рэгулярна знаходзяць у сваіх паштовых скрынях. Ён проста вырашыў скарыстацца з гэтай сітуацыі, каб спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні да "Витебского курьера". Або дамагчыся суду над распаўсюднікамі другога выдання – каб было выразна прадэманстравана, што абодва СМІ, зарэгістраваныя ў Расійскай Федэрацыі, роўныя перад беларускімі законамі.

Грунтуючыся на ўласным досведзе абароны ў судах "Витебского курьера", Павел Левінаў заўважыў тыя ж парушэнні ў парадку распаўсюду "Аптечки Еламеда", што інкрымінаваліся распаўсюднікам "ВК":

"Паводле судовых рашэнняў, "Витебский курьер" у Беларусі распаўсюджваць нельга, бо выданне зарэгістравана ў іншай краіне і не мае адмысловага дазволу на распаўсюд ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.За транспартыроўку "ВК" са Смаленску і за распаўсюд газеты ў Віцебску былі аштрафаваныя некалькі чалавек. Аспрэчыць рашэнні віцебскіх райсудоў не ўдавалася і ў вышэйшых судовых інстанцыях. Аднак, калі я звярнуўся ў Першамайскі РАУС з заявай на парушэнні парадку распаўсюду "Аптечки Еламеда", участковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі В. Пагарэльскі пастанавіў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку гэтага выдання  спыніць. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў адказам намесніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Лапцёнка ад 16 чэрвеня 2009 г., з якога вынікае, што працэдура выдачы дазволаў на распаўсюд зарэгістраваных у Расійскай Федэрацыі пэрыядычных выданняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адмененая.

Праваабаронца з рашэннем прадстаўніка міліцыі не згодны і падаў заяву ў Першамайскі раённы суд:

"Участковы інспектар чамусьці спасылаецца на дакумент ад 2009 г., хаця я пісаў у заяве пра падзеі 2014 г. Праверкі, ці адпавядае парадак распаўсюду "Аптечки Еламеда" сучасным юрыдычным дакументам, не праводзілася. Паводле логікі В. Пагарэльскага атрымліваецца, што і пакаранні распаўсюднікаў "Витебского курьера" незаконныя: судовыя пастановы пра штрафы выносіліся пазней чэрвеня 2009 году – і ў 2010-м, і ў 2012-м…І раз суды апелявалі да неабходнасці мець адмысловы дазвол на распаўсюд у Рэспубліцы Беларусь, то няхай і распаўсюднікаў "Аптечки Еламеда" прыцягваюць да адказу ў тым жа парадку. Інакш ёсць усе падставы меркаваць, што "Витебский курьер" дыскрымінаваны як грамадска-палітычнае недзяржаўнае выданне, якое даносіла людзям незаангажаваную інфармацыю."

Павел Левінаў падкрэслівае, што ў выходных дадзеных "ВК" пазначана, што газета прызначана для распаўсюду ў Расійскай Федэрацыі і іншых краінах, і што яна адрасавана шырокаму колу чытачоў. Што да "Аптечки Еламеда", то пра яе сказана, што выданне адрасавана найперш адмыслоўцам-медыкам, і распаўсюджваецца нібыта толькі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Праваабаронца  мяркуе, што пры такіх акалічнасцях пастанова пра спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні за незаконны распаўсюд газеты «Аптечка Еламеда» падлягае адмене, і справа павінна разгледжана ў судзе у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

baj.by