Пенсіянеры або дзяржава: хто выйграе калі ўнёскі ў ФСАН заменяць сацыяльным падаткам?

Чаму ўрад хоча абкласці беларусаў яшчэ адным падаткам?

pensia_03.jpg

— На парадку дня стаіць абмеркаванне пытання аб уключэнні ў склад падатковай сістэмы узносаў у ФСАН у выглядзе сацыяльнага падатку альбо захавання дзеючай страхавой сістэмы ў выглядзе асобнага плацяжу і асобнага пазабюджэтнага дзяржаўнага фонду, — паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Чаму дзяржаве выгадна мяняць форму сацыяльных выплат?

Дзяржава выйграе ад замены сацыяльных узносаў у пазабюджэтны Фонд сацабароны на сацыяльны падатак у тым, што яна трохі скароціць выдаткі на ўтрыманне органа, занятага сацыяльнымі адлічэннямі і выплатамі. Перадача сацыяльных выплат пад кантроль іншай органа — гэта, хутчэй, міжведамасная змена, таму ні насельніцтва, ні бізнэс не адчуюць розніцы ад новаўвядзенняў, мяркуе навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.
— Калі адсотак адлічэнняў для прадпрыемстваў і работнікаў не зменіцца, то аб структурным рэфармаванні сістэмы сацыяльнага страхавання гаварыць пакуль рана. Гэта інструмент, нацэлены на зніжэнне ціску на бюджэт, — адзначае эксперт.
Замену узносаў у ФСАН сацыяльным падаткам дырэктар Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава называе актуальным крокам, які ўключыць сацыяльныя адлічэнні ў падатковую нагрузку, зрабіўшы іх больш зразумелымі.
— Зараз у Беларусі пры падліку цяжару дзяржавы ў працэнтах ад ВУП або падатковай нагрузкі гэты ўнёсак не ўлічваецца, з-за чаго скажаецца статыстыка. У іншых дзяржавах гэтая выплата лічыцца сацыяльным падаткам і ўваходзіць у падатковую нагрузку. Праз ўвод сацыяльнага падатку мы прыйдзем да уніфікацыі метадалогіі з міжнароднай супольнасцю, — лічыць Наталля Рабава.
Перавод сацыяльных адлічэнняў у падатак азначае яго ўключэнне ў бюджэтную сістэму і падпарадкаванне закону аб бюджэце. Гэта зробіць даходы і расходы Фонду сацабароны больш падсправаздачнымі падаткаплацельшчыкам. Зараз жа эксперты лічаць гэты фонд адной з найбольш закрытых дзяржструктур.
— Гэта дзяржава ў дзяржаве, і ніхто звонку не разумее, што ў ёй адбываецца. У выніку, мяркуючы па судовых працэсах, там магчымая карупцыя. У сувязі з гэтым большая адкрытасць і празрыстасць не перашкодзілі б, — падкрэслівае дырэктар SYMPA.
ФСАН ўжо больш за пяць гадоў адчувае дэфіцыт, які кампенсуецца трансфертамі з рэспубліканскага бюджэту. Калі фонд стане складовай часткай бюджэту, больш абгрунтаванымі будуць і пераразмеркаванні сродкаў унутры яго, лічаць эксперты.

Ад сацыяльнага падатку да пенсійнай рэформы — адзін крок?

80% усіх выплат з ФСАН складаюць пенсіі. Вось чаму насельніцтва асабліва зацікаўленае ў паспяховасці сістэмы сацыяльнага страхавання. Але цяпер працаўнікі адлічваюць у ФСАН толькі 1% ​​ад заробку, астатнія 34% — кампаніі і арганізацыі, у якіх яны працуюць. У выніку высокія адлічэнні ў ФСАН б'юць па канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, абмяжоўваюць іх магчымасці па павышэнню заробкаў і не развіваюць у работнікаў адказнасць за сваё ўтрыманне ў старасці.

Калі дзяржава дасць магчымасць беларусам назапасіць грошай на старасць

Эксперты называюць адно рашэнне для двух істотных праблем. Адна з іх у тым, што ўвесь падатковы цяжар ляжыць на плячах прадпрыемстваў. Сярод суседзяў Беларусь з'яўляецца лідэрам па ўзроўні падатковай нагрузкі на бізнес, у тым ліку з-за адлічэнняў у ФСАН. Гэта пэўныя дыскрымінацыйныя моманты для бізнесу. Другая праблема — нагрузка на эканамічна актыўнае насельніцтва з-за росту колькасці людзей пенсійнага ўзросту. Калі ў 2011 годзе на аднаго пенсіянера прыпадала 1,78 работніка, то ў 2016-м — 1,6. Хоць з паступовым павелічэннем пенсійнага ўзросту, які стартаваў у пачатку 2017 года, да канца года колькасць пенсіянераў знізілася на 25 тысяч у параўнанні з 2016-м, але колькасць людзей пенсійнага ўзросту працягне расці. Салідарная пенсійная сістэма наўрад ці справіцца з такімі зменамі.

Рэформа ўзаемадапамогі. Дзе ўзяць грошы для пенсіянераў

Калі не вырашыць, то пазбегнуць яшчэ большых праблем дапаможа зніжэнне нагрузкі па сацыяльных выплатах з наймальнікаў і павышэнне ролі саміх работнікаў, лічаць эксперты. Павышэнне адказнасці работнікаў за свае будучыя пенсіі стане крокам у рэфармаванні сістэмы сацыяльнага страхавання і падрыхтуе глебу для больш глыбокіх зменаў.

Як беларусу назапасіць пенсію ў 660 долараў

— Неабходна падзяліць падатковую нагрузку паміж наймальнікамі і работнікамі. У тым ліку можна павялічыць абавязковыя індывідуальныя адлічэнні работнікамі на свае пенсійныя назапашвальныя рахункі. Можна прадастаўляць пэўныя льготы кампаніям, якія дапамагаюць сваім работнікам адкрываць назапашвальныя пэнсійныя рахункі, альбо — непасрэдна насельніцтву, каб зацікавіць яго паклапаціцца пра сваё утрыманне ў старасці, — адзначае Марыя Акулава.
Пакуль эканамічная сітуацыя ў краіне дастаткова хісткая, няма выразнай макраэканамічнай стабільнасці, праводзіць падобныя радыкальныя змены немагчыма, ня ударыўшы па якасці жыцця насельніцтва. Але без рэформаў не абысціся, і эксперты прапаноўваюць ураду абдумаць і пачынаць рыхтаваць глебу для сур'ёзных змяненняў у пенсійнай сістэме.
Вопыт іншых краін паказвае, што такая падрыхтоўчая праца змякчыць негатыўныя эфекты ад непазбежнага рэфармавання сістэмы сацыяльнага страхавання.
Паводле zautra.by