Пісьменнікі, навукоўцы і журналісты патрабуюць вызваліць палітолага і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту

Адкрыты ліст з патрабаваннем «неадкладна вызваліць Фядуту і іншых палітвязняў» Беларусі сабраў ужо каля тысячы подпісаў у Facebook.

aleksandr_feduta_politolog_belarus.jpg


«Добры філолаг, мілы чалавек і, вядома, ніякі не змоўшчык», — так характарызуюць Аляксандра Фядуту людзі, знаёмыя з ім асабіста. Паводле версіі расійскіх і беларускіх улад, 56-гадовы літаратуразнаўца і палітычны аглядальнік разам з амерыканскім адвакатам Юрыем Зянковічам, апазіцыянерам Рыгорам Кастусёвым і яшчэ некалькімі людзьмі рыхтаваў дзяржаўны пераварот у Беларусі і замах на Аляксандра Лукашэнку, піша DW.

У канцы красавіка беларускае дзяржтэлебачанне паказала кадры, на якіх фігуранты справы аб дзяржперавароце прызнаюцца ў сваім удзеле ў змове. З гэтай версіяй катэгарычна не згодныя сотні пісьменнікаў, навукоўцаў і журналістаў з Расіі, краін Балтыі, ЗША і іншых дзяржаў.

Адкрыты ліст з патрабаваннем «неадкладна вызваліць Фядуту і іншых палітвязняў» Беларусі сабраў ужо каля тысячы подпісаў у Facebook. «Колькі іх дакладна, сказаць цяжка, таму што хтосьці падпісваў пад рэпостамі, хтосьці дасылаў свае подпісы ў асабістых паведамленнях», — кажа аўтар звароту публіцыст Мікалай Падасакорскі.

«На жаль, гэта далёка не першы выпадак адвольнага затрымання крытыкаў беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі і фабрыкацыі супраць іх крымінальных спраў. Фядута і Кастусёў з’яўляліся паслядоўнымі праціўнікамі дзяржаўнага тэрору, развязанага супраць дзеячаў беларускай апазіцыі са жніўня 2020 года, калі Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і, па сутнасці, узурпаваў уладу, а цяпер самі сталі яго ахвярамі. Лічым такія метады застрашвання крытыкаў беларускага дыктатара абсалютна недапушчальнымі і злачыннымі. Патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва і іншых беларускіх палітвязняў», — гаворыцца ў лісце.

Сярод падпісантаў шмат вядомых людзей: пісьменнік Дзмітрый Быкаў, паэт Сяргей Гандлеўскі, праваабаронца Леў Панамароў, галоўная рэдактарка «Новага літаратурнага агляду» Ірына Прохарава, пісьменнік Леў Цімафееў, паэтка Таццяна Шчарбіна і іншыя.

Многія ўстаюць на абарону беларускага калегі ўжо не ў першы раз: пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Фядута, які працаваў у штабе апазіцыйнага кандыдата Уладзіміра Някляева, некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ. Тады грамадскія дзеячы таксама разгарнулі маштабную кампанію ў яго падтрымку, а праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення. Аднак з тых часоў рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся шматкроць.