Плаванне без мэты. Эколагі падвялі вынікі ІV Форуму грамадскіх экалагічных арганізацый

У плане экалагічнай палітыкі Беларусь — бы той карабель, які не ведае кропкі свайго прызначэння. На фоне экалагічнага супрацьстаяння ў эколагаў узнікаюць усё новыя нагоды для прэтэнзій да ўладаў.



dsc_1084.jpg

Куды такім чынам наша краіна прыплыве, эколагі разважалі падчас падвядзення вынікаў Форуму грамадскіх экалагічных арганізацый Беларусі, які праходзіў у Мінску 24–25 ліпеня.

Дзяржава ігнаруе грамадскасць

 — Экалагічная палітыка ў Беларусі з аднаго боку развіваецца, з іншага боку развіваецца хаатычна, — лічыць каардынатар таварыства “Зялёная сетка” Яраслаў Бекіш.

Апошнім часам у гэтай сферы дзяржава робіць шмат захадаў, многія з якіх можна назваць паспяховымі. Але размытымі выглядаюць самі мэты ў галіне экапалітыкі — адсюль і большасць праблем. Напрыклад, калі б былі зразумелыя канчатковыя мэты і прамежкавыя вынікі, то можна было б стварыць каштарыс і пралічыць, колькі будзе каштаваць гэтая палітыка. У большасці ж выпадкаў разлікі прывязаны да пэўных дакументаў, а не да цэлага палітычнага падыходу, таму ўзнікаюць праблемы з недахопам фінансавання.

eurobelarus.info__files_userfiles_e3f6aa71b0f8a05103b2c76bb20ee97a.jpeg

Ёсць механізмы для вырашэння гэтых праблем, але іх трэба абмеркаваць з прадстаўнікамі дзяржструктур, якія не вельмі ахвотна ідуць на кантакт. У прыватнасці, падчас Форуму прагучала толькі вітальнае слова ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у самой жа імпрэзе ніхто з прадстаўнікоў установы ўдзелу не ўзяў.

Каб вырашыць гэтыя пытанні, на думку эколагаў, неабходна павялічыць удзел грамадскасці ў рэалізацыі міжнародных праектаў і праграм у Беларусі. У гэтым таксама назіраецца шэраг праблемных момантаў. Так, удзельнікі Форуму канстатавалі працяг сістэматычных парушэнняў норм і прынцыпаў Охрускай канвенцыі (якая прадугледжвае ўдзел грамадзян у прыняцці экалагічна важных рашэнняў, у тым ліку доступ да інфармацыі і правасуддзя) у нашай краіне.

eurobelarus.info__files_userfiles_bee95828e66b9db710157a978c06ae10.jpeg

— Адсутнічае належнае інфармаванне грамадзян, яны не заўжды маюць доступ да канчатковых рашэнняў, а сама стадыя прыцягнення грамадзян, на нашу думку, з’яўляецца неадэкватнай, таму што гэта адбываецца позна, — адзначае каардынатар прававой службы таварыства “Зялёная сетка” Марына Дубіна.

За два гады, якія прайшлі з мінулага Форуму грамадскіх экалагічных арганізацый, сітуацыя не тое што не палепшылася, а з’явіліся адмоўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра прыняцце новай рэдакцыі Ляснога кодэксу. Яна была прынята ў першым чытанні ў парламенце, аднак пасля ў яе ўнеслі змены, не прыцягваючы да абмеркавання грамадскасць. Апроч таго летась было прынята Палажэнне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурна-горадабудаўнічай дзейнасці, праект і абмеркаванне якога ўвогуле не былі даступныя для грамадзян.

eurobelarus.info__files_userfiles_59269a3b3d90d8d553f714266fb12c5e.jpeg

— У 2014 годзе мы праводзілі даследаванне таго, як мясцовыя выканаўчыя органы інфармуюць грамадзян аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў. Мы прыйшлі да высновы, што падобнае “інфармаванне” носіць не толькі неэфектыўны, але і неадэкватны характар. Інфармацыю бывае складана знайсці нават пры мэтанакіраваным пошуку, — гаворыць Марына Дубіна.

Яна адзначае, што за апошнія два гады павялічылася колькасць зваротаў грамадзян у суд для абароны сваіх экалагічных правоў — зафіксавана 11 такіх выпадкаў. З іх разгледзелі толькі 7, астатнія былі адхілены як непадведамасныя. Юрысты бачаць тут ухіленне суддзяў ад разгляду падобных спраў. А ўвогуле, вынікі нядаўняга сацыялагічнага даследавання агенцтва SATIO паказалі, што жыхары беларускіх гарадоў лічаць самым бескарысным спосабам адстойваць свае экалагічныя правы збор подпісаў. Яны не хочуць удзельнічаць у акцыях пратэсту, затое гатовыя абараняць свае правы ў судзе.

Удар па лёгкіх

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Цімафей Піко заўважае, што апошнім часам у краіне праведзена някепская праца па захаванні біяразнастайнасці, прынамсі гэта тычыцца навуковага аспекту. Па ўсіх кампанентах захавання біяразнастайнасці сфарміравана нарматыўна-прававая база, якую можна назваць хутчэй добрай, чым кепскай. Але ў вобласці кантролю асаблівых дасягненняў пакуль што няма.

eurobelarus.info__files_userfiles_b67b00b6a8ce9551327753f1c8e8ebf3.jpeg

— Фактычна гэтая работа праводзіцца вельмі абмежавана. Мы вывучылі, хто чым займаецца. Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце займаецца аб’ектамі палявання і рыбалоўтва — а гэта маленькая частка. Міністэрства прыродных рэсурсаў не мае неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і колькасці інспектараў. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ставяцца да біяразнастайнасі па рэшткавым прынцыпе: калі ёсць факты грубага парушэння, рэагаванне адбываецца, але сістэмнай працы мы пакуль што не бачым. 

Так, “Ахова птушак Бацькаўшчыны” нядаўна праводзіла акцыю “Выратуй арляня” па захаванні ў Брэсцкай і Гомельскай вобласці вялікага падорліка. У месцах абітання гэтага віду падрыхтаваны пашпарты і складзены ахоўныя абавязацельствы, што павінны выконваць лясгасы, якія з’яўляюцца карыстальнікамі гэтых участкаў. У межах акцыі спецыялісты паглядзелі, як выконваюцца гэтыя абавязацельствы. Аказалася, што на гэтых участках правялі рубкі (якія там былі забаронены) і пакінулі адзінкавыя дрэвы з гнёздамі. Гэтае грубае парушэнне прывяло да таго, што ў гэтым месцы падорлік больш не загняздзіцца. Падобная сітуацыя складваецца і ў вобласці аховы раслін.

Шмат пярэчанняў у прыродаахоўнікаў выклікала новая рэдакцыя Ляснога кодэксу, які плануюць прыняць сёлета. У прыватнасці, з яе знікла раздзяленне лясоў па катэгорыях (эксплуатацыйныя і ахоўныя), што павінна прывесці да павелічэння колькасці эксплуатацыйных лясоў з 50% да 70%. Апроч таго дакумент стварае ўмовы для перадачы каштоўных лясных земляў у прыгарадзе пад вырубку і забудову. Новы Кодэкс цалкам адмаўляецца ад выдзялення асоба ахоўных участкаў, скасоўваецца паняцце супрацьэразійных лясоў, прадугледжваецца рэзкае скарачэнне прыгарадных зялёных зон (у Мінску з 10 — 15 км яны зменшацца да 5 км,вакол абласных гарадоў — да 0,5 км, у санаторных зонах — да 0,2 км). Гэта прывядзе да інтэнсіфікацыі прамысловасці і выкарыстання лясных земляў пад розныя віды выкарыстання, напрыклад, забудову. Да таго ж з новай рэдакцыі дакумента зніклі нарматывы выдзялення абарончых палос уздоўж чыгункі і аўтамабільных дарог. Тыя абарончыя палосы, якія ёсць цяпер, плануюць скараціць з 500 — 250 м да 100м. Такім чынам павялічыцца нагрузка на тыя лёгкія планеты, якія застануцца.

— Мы распачалі кампанію, мэтамі якой з’яўляецца недапушчэнне прыняцця новага Ляснога кодэксу, вяртанне дакумента на дапрацоўку, прыцягненне да яго абмеркавання грамадскасці, — распавядае намеснік старшыні ГА “Багна” Канстанцін Чыкалаў.

Актывісты ўжо сабралі больш за 15 тысяч подпісаў пад электроннай петыцыяй супраць прыняцця новага Ляснога кодэксу.

eurobelarus.info__files_userfiles_c3776229c603a6dc4c6c0d35157baff8.jpeg

Крок наперад — тры назад

Адной з найважнейшых “балючых кропак” у эколагаў застаецца будаўніцтва Астравецкай АЭС.

 — Безумоўна, беларуская дзяржава нешта робіць для таго, каб ставіцца да прыроды не так кепска. Але гэтыя тэндэнцыі можна абазначыць як крок наперад і тры ці нават дзесяць крокаў назад, — пераканана член савета ГА “Экадом” Таццяна Новікава, якая з’яўляецца і адказным сакратаром грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС. — Калі некаторыя эколагі кажуць, што ў нас эканамічныя прыярытэты пераважаюць над экалагічнымі, гэта няпраўда. Крокі, якія робіць дзяржава, губяць аснову для далейшай эканамічнай дзейнасці.

Эксперт мяркуе, што дзяржава прымае непрадуманыя рашэнні, якія прыводзяць да эканамічных стратаў у будучыні. Такім чынам будаўніцтва АЭС у Беларусі прывядзе да вялікіх эканамічных праблем.

 — Па-першае, гэта вялізная пазыка для такой маленькай краіны. Па-другое, увядзенне станцыі ў строй прывядзе да поўнай дэструктурызацыі энергасістэмы Беларусі.

Дзяржавы з атамнай энергетыкай паступова прыходзяць да таго, што пачынаюць адмаўляцца ад яе. Так, парламент Францыі 23 ліпеня прыняў рашэнне аб тым, што доля атамнай энергетыкі ў краіне да 2025 года знізіцца з 70% да 50%. Аднак Беларусь, як вядома, за цывілізаваным светам ніхто не павядзе.

Для экалогіі і здароўя грамадзян, якія і так ужо пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, будаўніцтва новай атамнай станцыі нясе дадатковую рызыку. Гэта рызыка буйной аварыі, якая павялічваецца праз тое, што Астравецкую АЭС сталі будаваць без праектнай дакументацыі па эксперыментальным праекце “АЭС — 2006”. Па ім яшчэ не была пабудаваная ніводная станцыя ў свеце, а на ЛАЭС — 2, якая будуецца ў Сасновым Бары пад Санкт-Пецярбургам, пастаянна здараюцца няшчасныя выпадкі.

— Гэта расійская экспансія, выгадная кампаніі “Росатам”, але гібельная для Беларусі, — папярэджвае Таццяна Новікава.

Выйсце эколагі бачаць у змене беларускага заканадаўства і запрашэнні місіі МАГАТЭ для ацэнкі пляцоўкі, выбранай пад будаўніцтва АЭС. Аднак пакуль Беларусь не зрабіла ніякіх крокаў, якія б адпавядалі рэкамендацыям па будаўніцтву атамнай станцыі. Апроч хіба што закона “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў”, аднак гэта — кропля ў моры.  eurobelarus.info