Плоскаступнёвасць: ці патрэбны дзецям артапедычны абутак? Спытайце ў педыятра
Што такое плоскаступнёваць? Якой яна бывае і чаму ўзнікае? Ці праўда, што плоскаступнёваць можа паўплываць нават на прыкус чалавека? І ці дапамогуць яе адолець фізкультура і адмысловы абутак? Тлумачыць педыятр Мая Церакулава.
Плоскаступнёвасць — гэта стан, пры якім на ўнутраным баку ступні адсутнічае мякка выгнутая ўнутраная арка, так званы звод ступні. Існуюць два асноўныя тыпы плоскаступнёвасці: рыгідная і мабільная.
Рыгідная плоскаступнёвасць — сур'ёзны стан, пры якім форма ступні заўсёды плоская. Рыгідная плоскаступнёвасць часта з'яўляецца следствам агульных захворванняў — напрыклад, сістэмных дысплазій злучальнай тканкі, захворванняў суставаў або стану, які суправаджаецца паралічам. Лячэнне плоскаступнёвасці ў такіх выпадках, як правіла, аператыўнае.
Значна часцей сустракаецца мабільная плоскаступнёвасць — гэта стан, пры якім звод ступні часам ёсць, а часам яго няма. Пры мабільнай плоскаступнёвасці звод ступні заўважны калі ступня расслабленая, калі чалавек трымае нагу на вісу. Калі чалавек з такой формай плоскаступнёвасці падымаецца на дыбачкі, яго ступня выглядае цалкам здаровай. Мабільная плоскаступнёвасць выяўляецца толькі тады, калі чалавек стаіць на падлозе, то-бок цісне на ступню ўсёй вагой. Прычынай яе можа быць як слаба развітыя мышцы галёнкі, нерастягнутыя звязкі, так і спадчынныя анатамічныя асаблівасці.
Мабільная плоскаступнёвасць ёсць ва ўсіх дзяцей. Ружовыя пя́тачкі немаўлятаў такія пульхныя, таму што ў іх схаваны пласт тлушчавай тканіны, які засцерагае тонкія костачкі, і ні пра якія зводы ступні яшчэ гаворкі не ідзе. Да школьнага ўзросту ў большасці дзяцей фармуецца нармальны звод ступні. Карысна прапаноўваць дзіцяці хадзіць басанож — і не па асфальце, а па каменьчыках. Хадзіць на дыбачках, на пя́тачках. Шпацыраваць па вуліцы дзве-тры гадзіны на дзень, хадзіць басанож хоць бы дома — большасці дзяцей гэтага дастаткова для фармавання здаровага зводу ступні.
Нярэдка мабільная плоскаступнёвасць не праходзіць з узростам. Дарослы чалавек, вядома, таксама можа зрабіць упор на практыкаванні — і калі плоскаступнёвасць выклікана слабасцю мышц, то ступень яе можна зменшыць. Але, як правіла, у дарослых людзей дастаткова мышц. Плоскаступнёвасць дарослых — стан спадчынны, звязаны з гнуткасцю суставаў. Такія асабістыя анатамічныя асаблівасці, нічога не зробіш. І гэта спадчынная, анатамічная плоскаступнёвасць — ніяк не папярэдзіць. Што ты ні рабі, частка дзяцей усё роўна вырасце з плоскаступнёвасцю, такая ім дасталася анатомія.
Ці патрэбны дзецям артапедычны абутак?
Нешматлікім дзецям з сур'ёзнымі захворваннямі касцёва-сустаўнай сістэмы, з мышачнымі і рухальнымі праблемамі патрабуецца спецыяльны артапедычны абутак. Такі абутак не прадаецца ў крамах, ён вырабляецца спецыялістамі па індывідуальных лекалах. Абутак з фіксацыяй галёнкаступнёвага сустава вельмі нязручны і патрэбны толькі дзецям з высокай рызыкай вывіху галёнкаступнёвага сустава. Усе астатнія асаблівасці абутку — вышыня і шырыня абцаса, форма зашпілек і вусцілак — маюць значэнне толькі ў плане камфорту і прыгажосці. Для здароўя лепш хадзіць басанож.
Ці можа плоскаступнёвасць паўплываць на паставу?
Я чула нават гісторыі пра тое, як плоскаступнёвасць уплывае на прыкус. Але ў такіх гісторыях мала праўды. На прыкус плоскаступнёвасць дакладна не ўплывае, ужо занадта шмат усяго ў чалавеку ўпіхнуць паміж ступнямі і зубамі. На паставу ў нейкай меры плоскаступнёвасць можа ўплываць — напрыклад, калі выклікае значную пранацыю. Пранацыя — гэта няправільная, часта х-падобная пастаноўка ног пры хадзе. У такіх выпадках і дапамагаюць спецыяльныя вусцілкі ў абутку. Яны не вылечаць плоскаступнёвасць, але зменшаць дыскамфорт, які з ёй звязаны.
Калі плоскаступнёвасць выклікае змяненне хады, але пры гэтым чалавек ходзіць хутка і ў яго нічога не баліць — можна пакінуць чалавека ў спакоі і нічога ў ім не мяняць. Яго незвычайная хада не адаб'ецца на яго здароўі.
Часцей за ўсё плоскаступнёвасць ніяк не ўплывае на жыццё чалавека. Яна не пагаршае здароўе, не абмяжоўвае ў спорце і прафесіі. Напрыклад, плоскаступнёвасць ёсць у знакамітага баскетбаліста Шакіла О'Ніла. Плоскаступнёвасць, якая не дастаўляе дыскамфорту, не патрабуе карэкцыі.
Калі плоскаступнёвасць выклікае дыскамфорт, яе можна скарэктаваць альбо аператыўна, альбо пастаянным нашэннем вусцілак.
Фізкультура, якая фармуе звод ступні, можа быць карыснай толькі ў дзіцячым узросце. Некаторыя дзеці ўсё роўна вырастуць з плоскаступнёвасцю, не на ўсе яе тыпы можна паўплываць практыкаваннямі.
Артапедычны абутак здаровым дзецям не патрэбны.