Погляд зверху: «Чым моладзь тут утрымаеш — капейкамі гэтымі?»
У рамках праекта «Прыземленае жыццё беларусаў: погляд зверху» «Салідарнасць» пабывала на радзіме Касцюшкі.
Завяршэнне рэстаўрацыі палаца Пуслоўскіх у Косава запланавана на канец гэтага года. Калі не здарацца збоі ў фінансаванні
Косава — другі ў рэйтынгу самых маленькіх гарадоў Беларусі. Тут пражывае крыху больш 1800 чалавек. Пры гэтым па колькасці знакавых гістарычных помнікаў Косава дасць фору многім значна большым беларускім гарадам. Але, па словах мясцовых жыхароў, пакуль што вялікай аддачы ад свайго замка яны не адчуваюць.
Аднаўленне адной з галоўных візітовак гарадка і Івацэвіцкага раёна — палаца Пуслоўскіх (ХIХ ст.) — падыходзіць да сканчэння. Заканчэнне работ запланавана на канец гэтага года. З адной істотнай агаворкай — калі не будзе перабояў у фінансаванні.
Праз дарогу ад палаца — яшчэ адна мясцовая славутасць — музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Два гады таму ля ўваходу ў музей на грошы неабыякавых беларусаў усталявалі помнік знакамітаму паўстанцу і нацыянальнаму герою ЗША.
— Турызм пакуль не корміць Косава, — кажа Івацэвіцкі журналіст Павел Дайлід. — Ёсць, вядома, пару чалавек, якія арганізавалі аграсядзібы — і на самім мястэчку, і за ім, у Мерачоўшчыне. Але сказаць, што там ужо такія вялікія патокі турыстаў... Турызм ўсё ж пакуль не корміць касаўчан.
Па словах Паўла, мястэчку не хапае забаўляльнай інфраструктуры, якая б прыцягвала турыстаў. Прыватнае кафэ працуе ў асноўным пад замову:
— Хоць абы-якое казіно адкрылі, каб расіяне ехалі.
Пасля закрыцця межаў перад Косава ўстала новая праблема: перасталі ездзіць замежныя турысты, у першую чаргу з Польшчы.
Мясцовыя жыхары неахвотна кажуць пра жыццё ў мястэчку:
— Як хто на дзяржаўнай працы, то нічога і не скажу. Баяцца людзі за месцы. Скажы, а потым даробіш ды канца кантракта — і за варота. Рабская ў нас сістэма.
Стабільная праца, па словах мясцовых, ёсць у бюджэтнікаў — настаўнікаў, медыкаў, міліцыянтаў і пажарнікаў.
— А ў іншых? Ну вось наша ЖКГ — тры чалавекі за ўсіх працуе. Фабрыка мэблевая ёсць, там ужо не тое, што раней было, — разводзіць рукамі мужчына.
Павел Дайлід лічыць Косава ў плане работы дэпрэсіўным. Ён таксама згадвае мэблевую фабрыку, якая дае працу невялікай частцы касаўчан.
Пасля Івацэвічаў і Белаазёрску ў Косава кідаецца ў вочы адсутнасць моладзі на вуліцах.
— А чым тую маладзёж тут утрымаеш. Капейкамі гэтымі? — пытаннем на пытанне адказвае мясцовы жыхар.
Павел Дайлід таго ж меркавання: «А куды тут маладому чалавеку ўладкавацца, няма куды. У любым выпадку, хоць у Івацэвічы на працу трэба ехаць. Збягае моладзь адсюль».
Многія па-ранейшаму едуць зарабляць у Расію. Але ў апошні час сур’ёзна развіваецца польскі кірунак: «У Драгічыне нават свая фірма па найме адкрылася».
Колькі плацяць у калгасе, у які «незапланавана» заязджаў Лукашэнка
Мяркуючы па вакансіях, адным з самых шматспадзеўных прадпрыемстваў горада з’яўляецца ААТ «Косава». Сюды, дарэчы, некалькі гадоў назад нібыта незапланавана зазірнуў кіраўнік краіны. Той візіт запомніўся фатаграфіяй поціску рукі мясцоваму камбайнёру.
У 2017-м гаспадарка лічылася ў рэгіёне ў спісе праблемных. Сёння тут прапануюць 950 рублёў зарплаты галоўнаму заатэхніку і на 50 рублёў менш трактарысту-машыністу.
Станочніку дрэваапрацоўчых станкоў на «Косаўскім МПО» абяцаюць 550 рублёў.