Помнік Пушкіну ў Брэсце — на галоўным каналізацыйным калектары квартала

Бюст вядомага расійскага паэта быў падораны Брэсту расійскім Ваенна-гістарычным таварыствам. Як напісана на шыльдзе ззаду цокаля, «…к 1000-летию Бреста и 220-летию со дня рождения великого поэта». Шыльда аздобленая гербам — двухгаловым расійскім арлом.

1._ales_puszkin_logo.jpg


Пра тое, што помнік размешчаны на галоўным каналізацыйным калектары квартала, «Новаму Часу» паведаміла крыніца з камунальнай службы горада.


«Поперсе» Пушкіну і вакол яго

Трохметровы, з цокалем, бюст быў урачыста адкрыты 11 кастрычніка і выклікаў ажыятаж афіцыйных СМІ. Дзеля яго пабудовы быў знесены цагляны мур пры старым будынку ўніверсітэта, дзе ў ХІХ стагоддзі месцілася руская гімназія, а за польскімі часамі гімназія імя Траўгута (прычым рускую гімназію палякі не закрылі — ёй адвялі будынак цераз дарогу — Я.Б.). Унутраны дворык з тэнісным кортам перарабілі на сквер.
Каб спраўдзіць інфармацыю, карэспандэнту НЧ давялося наведаць сквер. Магутная каналізацыя красамоўна заяўляе пра сябе трыма люкамі ў якіх шасці метрах ад помніка. Відавочна, што адзін з іх універсітэцкі, два другіх стаяць на вузле каналізацыі гэтай часткі горада. Не факт, што люк ліўнёўкі на сумежнай вуліцы мае выхад у бок бюста Пушкіна, але размяшчэнне люкаў фекальнай каналізацыі паказвае, што калектар можа мець працяг фактычна пад помнікам.

2._ales_pu_logo.jpg


Бойцеся данайцаў

Сярод берасцейцаў гуляе версія, што чарговы Пушкін — гэта так, данайскі дар, але своеасаблівы, задуманы як правакацыя, каб адвярнуць масавую думку ад расійскай культуры праз такі магутны вагар, як слынны класік літаратуры, якім ёсць Пушкін. Бо яго імя ў Брэсце носяць адразу дзве бібліятэкі (Цэнтральная гарадская і Цэнтральная гарадская дзіцячая), адзіны агульнаадукацыйны ліцэй, вуліца і ўніверсітэт. Унутры ўніверсітэта існуе Рускі цэнтр, які да нядаўняга часу таксама насіў імя Пушкіна. Цяпер гэтая агнявая або агменная — вось пытанне, але нязменна пад эгідай Пушкіна — кропка скарацілася ў назве і заадно больш адкрылася людзям на лагатыпе свайго сайту як складнік Фонду «Русский мир».
Заўважу, што дзейнасць гэтага Цэнтра ў беларускай афіцыйнай навучальнай установе падтрымліваецца нядаўна адчыненым у Брэсце Цэнтрам рускай навукі і культуры і знаходзіцца ў красамоўным дысанансе з рукатворным заняпадам Цэнтра імя Калесніка, які існуе пакуль што пры філалагічным факультэце ўніверсітэта і нядаўна страціў апошняга супрацоўніка-паўставачніка.
Велізарны бронзавы Пушкін усталяваны ў галоўным будынку ўніверсітэта. Дарэчы, у 1990-х гадах універсітэт на нейкі час адмовіўся ад нададзенага ў савецкія часы імені Пушкіна. Меркавалі, што варта надаць яму імя першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларускай ССР Усевалада Ігнатоўскага, які нарадзіўся непадалёку, або прафесара Уладзіміра Калесніка, слыннага партызана, беларускага філолага і літаратара, які аддаў Брэсцкаму педагагічнаму інстытуту лепшыя, найбольш плённыя гады свайго жыцця. Але пасля часу «Х» універсітэцкая Рада пераадолела 12 галасоў «супраць» і вярнула ўстанове савецкае прысвячэнне.

3._ales_pu_logo.jpg


Месцічам да нахлабучвання не прывыкаць

Да слова, здзівіць жыхароў Берасця нетутэйшымі героямі несваёй гісторыі нельга. Хіба што госці з больш уцямных мясцінаў Зямлі, заспетыя знянацку мясцовай тапанімікай, не могуць разглуздзіць, чаму цэнтральныя вуліцы носяць імёны людзей, якія ніколі не бывалі тут, і калі і ўплывалі на лёс месцічаў, то ў адмоўным сэнсе. Гэта Арджанікідзэ і Куйбышаў, тэрарыст Халтурын і ахвяра ды забойца ў адной асобе Кіраў, Карл Маркс і, вядома, Энгельс, Чапаеў і Гогаль. Немагчыма прамаўчаць пра Леніна. У гарадскім транспарце аб’яўляюць адразу два прыпынкі яго імя: «Леніна» (паперадзе пачынаецца вуліца яго імя) і «Плошча Леніна». Хаця відавочна, што дзеля зручнасці гасцей варта было першы пераназваць «Гарадскі сад» — побач знаходзіцца гэты даўні гістарычна цікавы парк, адноўлены сёлета з татальнага рэзруху да 1000-годдзя Берасця. На чыгуначным вакзале пад час рамонту летась аднавілі памятную дошку Ульянаву-Леніну, які не, не праязджаў тут у запламбіраваным вагоне, а ехаў штатна па нейкіх важных справах.
Паказальная і гісторыя з найменнем вуліцы, якая прывязана да вузлавога прыпынку грамадскага транспарту. Месцічы звыкліся: МОПРа і МОПРА, што там галаву тужыць. Але што гэта за таямнічы МОПР такі, ніхто практычна не ведаў. Улетку ў сувязі з беларусізаванай шыльдай «МАДРа», якая з’явілася над адным з належных прыпынкаў, успыхнула дыскусія і праліла святло: аказваецца, гэта Міжнародная Арганізацыя Дапамогі Рэвалюцыянерам. Такі вось, калі не выходзіць з берасцейска-пушкінскага рэчышча, МАДРыгал.
Да месца будзе сказаць яшчэ пра адну прымусова імпартаваную «цікавостку», якая азадачыць не аднаго госця-турыста. На фота з ліўнёвай каналізацыяй злева відаць «мураўёўка». Пры гэтай царкве пастаўлены помнік … героям Цусімы. Дзе сухапутнае Берасце, і дзе тая Японія, якая напачатку ў далёкім 1905 годзе нанесла Расіі паразу ў вайне, а ў прыватнасці патапіла амаль увесь іх флот каля вострава Цусіма? Ну дык вось, глядзі ты, пачынаеш пачувацца большым мараком за жыхара французскага порта Брэст. Карацей, курс галаваломны. Каб суглобы паводзілі сябе так па-валюнтарысцку, як разбэрсаная брэсцкая карцінка горада, то чалавек склаўся б, як надзіманы паветрам пустацелы клоўн з тэкстылю.

Білбордавае ліцэйскае тло бюста Пушкіна.

Білбордавае ліцэйскае тло бюста Пушкіна.

Знак ад Маці-Прыроды

Калі аглядаў сквер і новы набытак горада, помнік Пушкіну, адбылася забаўная рэч. Вецер перакуліў пры бюсце кошык з кветкамі ад ліцэя імя Пушкіна. Прыгадаўся мне ягоны сакавіцкі жарт гады з тры таму, калі з шыльды над Цэнтральнай гарадской бібліятэкай на бульвары Шаўчэнкі свавольнік прыбраў-здзьмухнуў акурат прылеп «имени А.С. Пушкина».

4._ales_pu_logo.jpg


Смяецца над глупай пыхай людзей прырода, паказвае месца. Праўду напісаў паэт, помнік павінен быць нерукатворны. А рукатворны — ён занадта інструментальны.
Фота аўтара