Група кандыдатаў у дэпутаты плануе правесці ў Брэсце агітацыйны мітынг супраць акумулятарнага завода

Сумесны мітынг у рамках перадвыбарчых агітацыйных кампаній вызначаюць тры вылучэнца ў парламент ад партыі левых «Справядлівы свет» і БНФ.

akb_2.jpeg

Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, мітынг «Не свінцоваму заводу!» у рамках сваіх перадвыбарчых агітацыйных кампаній вызначаюць вылучэнцы ў парламент ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандр Пась і Аляксандр Мельнік, ад Партыі БНФ —  Ірына Амельянчук.
Пась і Амельянчук балатуюцца па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, Мельнік — па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.
«Давераныя асобы гэтых кандыдатаў 6 лістапада падалі ў Брэсцкі гарвыканкам апавяшчэнне аб правядзенні мітынгу. Ён намячаецца на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў», — сказаў праваабаронца.
На мітынгу кандыдаты ў дэпутаты азнаёмяць выбарнікаў з галоўнымі пунктамі сваіх перадвыбарных праграм, у тым ліку патрабаваннем спыніць будаўніцтва і зачыніць акумулятарны завод пад Брэстам.
«Супраць гэтага прадпрыемства выступаюць усе непраўладныя кандыдаты ў дэпутаты, — адзначыў Кісляк. — пазбаўленнем рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты актывіста грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Уладзіміра Мароза ўлады спрабавалі прыбраць тэму гэтага пратэсту з парламенцкіх выбараў. Але гэтая тэма настолькі важная для рэгіёну, што прыбраць яе немагчыма. Брэсту пагражае экалагічная катастрофа».
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» узведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта. Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.
Паводле naviny.by