Пра гэта не скажуць на ТБ. За апошнія 20 гадоў у Беларусі знікла больш за 1000 населеных пунктаў

У Беларусі скарачаецца колькасць населеных пунктаў — у асноўным вёсак. Гэтага не хавае нават афіцыйная статыстыка.

Фота «Анлайнер»

Фота «Анлайнер»

На пачатак бягучага года ў Беларусі было 23 208 населеных пунктаў, гэта больш чым на 1000 менш, чым было яшчэ 20 гадоў таму, паведамляе «Л*стэрка» са спасылкай на Белстат.

За 2022 год колькасць населеных пунктаў у краіне скарацілася на 19 — да 23 208. З іх 13 зніклі ў Віцебскай вобласці, у Гомельскай — тры, у Мінскай — два, а ў Гродзенскай — адзін.

Для параўнання: на пачатак 2003 года ў Беларусі налічвалася 24 260 населеных пунктаў. Гэта значыць, за апошнія 20 гадоў іх колькасць скарацілася на 1052.
Пра тое, што вёскі ў Беларусі «бесперспектыўныя», вядома любому дасведчанаму жыхару. Вёска вымірае, насуперак рыторыцы ўладаў, якія нібыта так дбаюць пра дабрабыт аграгарадкоў, што там даўно ўжо філіял раю на зямлі. Насамрэч там няма працы, няма інфраструктуры, а ёсць пенсіянеры, якія дажываюць свой век, ды п'янства ад лайдацтва.

Адпаведна бяда ў лукашэнкаўскай Беларусі і з дэмаграфіяй. Дастаткова сказаць, што за часы кіравання шклоўскага «крэпкага хазяйственніка» насельніцтва краіны скарацілася на мільён чалавек.

На пачатак 2023 года ў Беларусі налічваецца 9 200 617 чалавек. За год, паводле звестак Белстата, беларусаў стала менш на 54,9 тысячы чалавек. І гэтыя лічбы не ўлічваюць незарэгістраваную эміграцыю. У цэлым з 1994-га насельніцтва краіны скарацілася на мільён.

Жыхароў стала менш ва ўсіх беларускіх абласцях, але самыя вялікія страты панеслі Магілёўшчына і Віцебшчына (мінус 1,11% і 1,08% насельніцтва). Менш за ўсіх пацярпела Мінская вобласць.

Ужо трэці год працягваецца новы для краіны трэнд — насельніцтва сталіцы, якое раней пастаянна расло, цяпер пачало скарачацца. Цяпер у Мінску жыве 1,995 мільёна чалавек.

Скарачэнне колькасці беларусаў, якое зарэгістравала афіцыйная статыстыка ў 2022 годзе, аказалася не такім радыкальным, якое назіралася два папярэднія гады. У 2021 годзе насельніцтва краіны скарацілася на 94,1 тысячы чалавек, у 2020 годзе — на 60,6 тысячы. І гэта афіцыйная статыстыка, якая ўлічвае далёка не ўсё. Да таго ж апошнія гады амаль уся статыстычная інфармацыя стала засакрэчанай.

Адметна таксама, што лічбы страт мінулага года нашмат большыя за тыя, якія назіраліся да 2020 года. Так, напрыклад, у 2019 годзе насельніцтва скарацілася толькі на 19 тысяч чалавек, а ў 2016 годзе быў знамянальны перыяд, калі колькасць нават крыху падрасла.

Атрымліваецца, за тры апошнія гады Беларусь страціла каля 200 тысяч сваіх жыхароў. У цэлым з 1994-га насельніцтва краіны скарацілася на мільён.

Адзначым яшчэ і тое, што з 2020 года ў Беларусі перастала публікавацца статыстыка па смяротнасці і нараджальнасці.