Пра бульбу і выбары
Аднойчы чытач напісаў мне, што нельга параўноўваць узроўні жыцця ў Беларусі і іншых краінах былога сацыялістычнага лагера.
Аднойчы чытач напісаў мне, што нельга параўноўваць узроўні жыцця ў Беларусі і іншых краінах былога сацыялістычнага лагера.
На самай справе так: нават у Народнай Польшчы жылося лепей, чым у той жа БССР. Хоць сістэмы былі аднолькавыя, але ж шляхі да светлай будучыні выбіраліся розныя. Прыкладам, у Польшчы калгасы ды
дзяржгасы былі створаны на базе гаспадарак, пакінутых уладальнікамі, якія былі вымушаны ўвогуле з'ехаць з краіны. Да сялян нельга было падступіцца і з такімі «дзяржнарыхтоўкамі»,
якія б дашчэнту вымяталі сялянскія падворкі. Што праўда, дзяржава карысталася магчымасцю ўстанаўліваць манапольна нізкія кошты на сельгаспрадукцыю, але ж яе можна было прадаваць і на вольным
рынку.
Тым не менш, у сярэдзіне 1980х гадоў у Польшчы існаваў амаль такі ж таварны голад, як і ў нас. Пра яго памеры можна меркаваць па такім жыццёвым выпадку. У 1987 годзе мой дзядзька Ян, які паставіў
сваёй апошняй у жыцці мэтай знайсці і наведаць магілы сваіх загінуўшых падчас вайны братоў, праз Чырвоны Крыж даведаўся, што адзін з іх, Вацлаў, пахаваны ў вёсцы Кшывулішкі пад Сувалкамі. Дамогся
дазволу на выезд, пасля чаго атрымаў магчымасць памяняць нейкую смешную суму рублёў на такую ж смешную колькасць злотых. Цяпер усе гэтыя абмежаванні выглядаюць недарэчнымі і незразумелымі. Усіх
дзядзькавых злотых не хапіла б і на адну ноч у гатэлі, а трэба было жыць у Беластоку хоць пару дзён.
Досвед колішняга франтавіка падказаў дзядзьку, што рабіць. Праз знаёмага прапаршчыка ён «дастаў» некалькі бляшанак армейскай тушаніны. Як аказалася, салдацкі «сухі
паёк» спраўдзіў сваё прызначэнне. Ужо на аўтобусным вакзале ў Беластоку дзядзька знайшоў прыемную пані, якая дазволіла былому салдату пажыць у сваім дамку цэлыя тры дні. Заадно дапамагла
парадамі, куды звярнуцца, як даехаць...
Асабіста мне давялося наведаць Польшчу праз некалькі гадоў пасля «шокавай тэрапіі» Бальцаровіча, пра якую ў нас да гэтага часу кажуць, што яна разарыла палякаў. А мы, маўляў, на
гэта не пайшлі і абралі свой шлях—дзякуйце нам. Вось мы і «дзякуем», спажываючы штомесяц па 500 долараў, якія, мусіць, у некага ж ёсць.
Другі чытач піша, што з эканамічнага пункту гледжання не мае сэнсу надаваць столькі ўвагі вытворчасці бульбы і коштам на яе. З той нагоды, што бульба для Беларусі не монакультура, не тое, што,
прыкладам, рыс для В'етнама. Насамрэч, бульба не адзіная і нават не асноўная культура для нашай краіны. Але мы звярнулі на яе ўвагу збольшага таму, што яна сёння заняла асобае месца ў палітычнай
рыторыцы Лукашэнкі. Быццам бы пад яго мудрым кіраваннем сельская гаспадарка ўжо накарміла народ салам ды кілбасамі, напаіла малаком. А зараз трэба «падцягнуць бульбу» ды канчаткова
закрыць сельгаспытанне.
Ці не 4/5 усёй бульбы вырошчваецца ў гаспадарках насельніцтва, да якіх Лукашэнка не мае ніякага непасрэднага дачынення. Гэта пытанне — не яго маштабу, да таго ж яму зусім не цікавае. З
прыватных гаспадарак нельга спагнаць падаткі, бо яны адразу ж перастануць садзіць тую бульбу ўвогуле. Гэтыя гаспадаркі не атрымліваюць ад дзяржавы амаль ніякіх грашовых ды іншых рэсурсаў. Іх
дзейнасць не паддаецца ні планаванню, ні рэгуляванню, і таму знаходзіцца па-за межамі вялікай палітыкі. Іншая справа, што падчас выбараў ён імкнецца з любой субстанцыі зняць прапагандысцкія
плеўкі.
Але бульба, садавіна, гародніна амаль цалкам ці збольшага вырошчваюцца ў гаспадарках насельніцтва і рэалізуюцца па рынкавых коштах, што вызначаюцца дынамікай попыту і прапановы. Калі ж улічыць, што
толькі рынкавыя кошты нясуць сапраўдную інфармацыю пра сітуацыю ў эканоміцы, то кошты на названыя вышэй тавары можна разглядаць як своеасаблівыя індыкатары.
Паміж рынкавымі і адміністратыўна ўстаноўленымі коштамі столькі ж знешняга падабенства і такое ж змястоўнае непадабенства, як і паміж дэмакратычнымі выбарамі і іх імітацыяй. На рынку кожны пакупнік
мае магчымасць выбраць тавар патрэбнай, на яго думку, якасці і ў колькасці, якая адпавядае колькасці грошай, ахвяраваных на пакупку. І тут за прыклад можна ўзяць кошты на бульбу. У жніўні (на жаль,
сёлетніх дадзеных у мяне няма) 2008 года кілаграм бульбы ў сярэднім каштаваў 910 рублёў. Але разбежка цэнаў была вельмі значнай: у Ваўкавыску, Шчучыне, Бабруйску кіло бульбы можна было набыць за
610-720 рублёў, а Глыбокім, Бярэзіне, Клімавічах — па 1050-1380 рублёў. Чаму так, гэта пытанне для эканамістаў-аналітыкаў. Але кожнаму пакупніку такі «прайс» наглядна
паказвае: хочаш таннай бульбы, бяры фуру і кіруй на Ваўкавыск.
Калі ж цэны ўстанаўліваюцца зверху, то дзейнічае прынцып — хочаш еш, а хочаш плюй. Але звычайна так адбываецца, што паплююць-паплююць, дый бяруць, што даюць. Гнілую бульбу. Або кандыдата ў
прэзідэнты, якога настолькі паўсюль (на тэлебачанні, у газетах, на радыё) многа, што для іншых не застаецца самага маленькага месца. За савецкім часам так было і з бульбай. Паўсюдна яна была таннай,
каштавала капейкі, і адной і той жа якасці — 30% даводзілася адразу выкідаць, а яшчэ 30% — як шалупінне пасля чысткі. Нашто ўжо свінні непераборлівыя, але і тыя круцілі
лычамі.
Пасля няспыннай барацьбы за мір ва ўсім свеце, пабудовы камунізму, будаўніцтва БАМу ды асваення касмічнай прасторы тэма забеспячэння насельніцтва якаснай бульбай была ці не найгалоўнейшай. Так і
засталася нявырашанай.
Што там бульба! Як пачуў некалі ад аднаго варшавяніна, якому да спадобы прыйшліся дэмакратычныя і рынкавыя рэформы, у варшаўскіх крамах зараз можна купіць што заўгодна, нават жывога кракадзіла. А на
савецкую тушаніну ніхто нават не гляне. Вырасла пакаленне, якое і не чула пра такую смакату.
Некалькі дзён запар глядзеў украінскае тэлебачанне па розных спадарожнікавых каналах. Галоўная падзея і цэнтральная тэма — акцыя прадпрымальнікаў супраць прыняцця новага падатковага
кодэксу, які не адпавядае інтарэсам бізнэсу, а значыць і ўсёй Украіны. Тут было ўсё. І прамыя рэпартажы, і інтэрв'ю, і вычарпальная інфармацыя пра сутнасць патрабаванняў, пра рэакцыю ўладных
структур.
Ніякіх «вашывых блох». Поўная павага і дэманстрацыя жадання да канструктыўнага вырашэння канфлікту. Кульмінацыйны момант — прыезд на Майдан Януковіча з весткай пра тое, што
ён наклаў «вета» на праект кодэксу з празмерным фіскальным ухілам.
Цяжка патлумачыць маладым, чаму мы пры былой уладзе куплялі тую танную гнілую бульбу. Цяжка патлумачыць тым жа ўкраінцам, якія не здольны зразумець, чаму мы такім жа чынам выбіраем сабе
прэзідэнта.