Праблема «паслухмяных дзяцей»

Пра некаторыя невідавочныя прычыны той гуманітарнай сітуацыі, у якой мы знаходзімся, разважае ў Фэйсбуку Ганна Севярынец.

file_1.jpeg


Я маю на ўвазе маштабную супрацу са злом, на якую ідуць мае суайчыннікі на сваіх працоўных месцах. Мяне гэта моцна турбуе — не ў сэнсе «пайсці і ўсіх перавыхаваць», а ў сэнсе «назіраць і зразумець». Таму я асабліва пільна ўглядаюся і нават іншы раз спецыяльна шукаю выпадкаў гэта пабачыць.
І я бачу. Міліцыянтаў, супрацоўнікаў судоў і папраўчых устаноў, РАУСаў — якія вельмі спачувальна ставяцца і да мяне, і да вязняў, шэптам падтрымліваюць, жартуюць з выкарыстаннем нашых агульных мемаў — але пры гэтым працягваюць выказваць нематываваную нічым, акрамя загаду звыш, жорсткасць. Членаў камісій СОП, якія кашмараць сем'і з нагоды 23.34, а ўвечары тэлефануюць мне і просяць для гэтых сямей ад мяне падтрымкі. Чыноўнікаў высокага ўзроўню, якія шэптам пытаюцца: «Ну калі ж вы яго ўжо скавырнёце?». Мы скавырнём :)) Пытаюцца — і ідуць рабіць тое, што загадана.
Разважаючы над гэтым феноменам, на якім насамрэч усё яшчэ і трымаецца мінуўшчына, я непазбежна прыходжу да праблемы паслухмяных дзяцей.
Учора да маіх бацькоў прыходзіла маладзенькая дзяўчынка-следчы. Харошая, старанная. Яе прыслалі высветліць у Паўла Канстанцінавіча, ці не быў ён знаёмы з нейкім чалавекам з Ганцавіч, у якога Павал у сябрах у сацсетках. Уявіце сабе, як прыфігелі мае бацькі. «А дзе Павел Канстанцінавіч?» — пытаецца гэтая дзяўчынка. «Калі яго няма, я мушу апытаць вас і суседзяў, ці сапраўды ён тут не пражывае». Высветлілася, што яна, дзяўчынка-следчы, НЕ ВЕДАЕ, хто такі Павел Канстанцінавіч, дзе ён цяпер знаходзіцца, чаму і як. Вельмі здзівілася, што ён у турме. Старанна запісала. Доўга думала, што ж ёй рабіць з мамінай беларускай мовай, як пісаць у пратаколе яе адказы. Бо «не паложана».


Такія людзі вырастаюць з паслухмяных дзяцей. Гэта такі культ — ці то наш беларускі, ці то шырэй — паслухмяныя дзеці. Ім носіць падарункі Дзед Мароз, іх хваляць суседкі на лавачках, іх ставяць у прыклад сваім дзецям няшчасныя маці непаслухмяных дзяцей.
Насамрэч паслухмянасць для дзіцяці — клетка. Дзеці народжаныя быць непаслухмянымі. Іначай чалавецтва не развівалася б. Усе адкрыцці, вялікія і маленькія, зробленыя непаслухмянымі людзьмі, якія не паверылі ў існае і паспрабавалі па-свойму. Больш за тое. Паслухмяныя дзеці заўсёды маюць дулю ў кішэні і паралельны сусвет у галаве. Таму што паслухмянасць — гэта гвалт: рабі, як я сказаў, і не рабі, як я не казаў. З формулы паслухмянасці выключаная асоба, усё, што яна можа — слухацца іншага.
Прыгледзьцеся да паслухмяных дзяцей. Ад іх цяжка чакаць шчырасці альбо адкрытасці — яны сто разоў узважаць сваю рэакцыю. Ад іх рэдка пачуеш праўду пра іх эмацыйны стан. Яны будуць адказваць не тое, што хочуць, а тое, што, паводле іх назіранняў, чакае ад іх дарослы. Яны даволі павольна рухаюцца, часцяком азіраюцца на тых, хто побач, маўчаць у агульнай жаркай спрэчцы. Яны любяць сядзець ціхенька ў куце (якое шчасце для бацькоў!).
Ёсць дзеці выхаваныя — яны свядома прымаюць правілы паводзінаў у сям'і і соцыўме, разумеюць, чаму тут трэба стрымацца, а тут можна быць сабой, паважаюць іншых за тое, за што можна паважаць і, не паважаючы астатніх, падтрымліваюць з імі ветлівую гутарку проста таму, што так ветліва. Пры гэтым нішто ім не перашкодзіць уступіць з такім непаважаным чалавекам у спрэчку (што ў нашых шыротах чамусьці традыцыйна лічыцца хамствам — калі малодшы спрачаецца са старэйшым).
А ёсць дзеці паслухмяныя. Яны прымаюць правілы, навязаныя дарослымі, несвядома, агулам, некрытычна. У іх заўсёды моцна закручаная спружына ўнутры. З іх кожнае імгненне можа вырвацца ўвесь гэты гвалт і ціск. І ўсе тады качаюць галовамі: аёй, а як жа так, такая харошая сям'я, такія паслухмяныя дзеткі.
Я думаю, у іх цяпер уся справа — у паслухмяных дзецях. Я не магу іх ненавідзець. Я іх моцна-моцна шкадую. Быць паслухмяным — гэта цяжкі крыж.
Не патрабуйце ад дзяцей паслухмянасці. Выхаванасці — так. Разумення межаў дабра і зла — так. Павагі да бацькоў і ветлівасці да ўсіх — так. Але, крый божа, не паслухмянасці.