Следчы камітэт не ведае пра арышт і асуджэнне Паўла Севярынца
Да бацькоў палітыка Паўла Севярынца па месцы яго віцебскай прапіскі прыйшла прадстаўніца Следчага камітэта. Пры тым, што вязень больш за год знаходзіцца за кратамі, а не так даўно асуджаны на 7 гадоў зняволення.
Як паведаміла Таццяна Севярынец у Facebook, прадстаўніца ведамства заявіла, што мае даручэнне апытаць яе сына пра акалічнасці крымінальнай справы за абразу супрацоўніка ДАІ, якую расследуюць у Ганцавічах, перадае «Радыё Свабода».
Абраза была віртуальнай — у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», удакладніў бацька палітыка Канстанцін Севярынец.
«Ёсць запыт у Следчы камітэт дапытаць Паўла, бацькоў, суседзяў пра тое, што ў жніўні мінулага года недзе ў ваколіцах Ганцавічаў нехта прынізіў гонар і годнасць “даішніка”. У сябрах у гэтага чалавека ў сацсетках ёсць і Павал. Следчы камітэт не збянтэжыла тая акалічнасць, што ў жніўні мінулага года Павал ужо два месяцы як быў пад вартай — яго затрымалі яшчэ ў чэрвені. Следчая не ведала і таго, што ён і зараз за кратамі, і што яго нядаўна асудзілі».
Таццяна Севярынец абураецца тым, наколькі недасведчаныя людзі працуюць у Следчым камітэце.
«Я была настолькі абураная, што нават спыталася: як і дзе вы жывеце, з якой шкарлупкі вылезлі? Не магу даць веры, каб людзі, якія працуюць у Следчым камітэце, да такой ступені былі не ў курсе падзей у краіне! Я так і сказала: хапайце свае дыпломы і бяжыце адтуль, пакуль не ўлезлі па вушы і не запэцкаліся!»
Жанчына таксама нагадала следчай, што летась група актывістаў паскардзілася на абразы з боку Лукашэнкі, калі ён зневажаў сваіх апанентаў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Тады ім адказалі, што ўсё было сказана «на эмоцыях», таму не з’яўляецца абразай.
Выглядае, што для іншых грамадзян Беларусі прынцып «сказаў на эмоцыях» не дзейнічае, падсумавала Таццяна Севярынец.