«Мы на вайне, я ў палоне». Дзяніс Івашын перадаў на волю першы ліст за месяц
Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын перадаў на волю эмацыйны ліст, дзе піша пра «журналісцкую зброю», чаму важная яго постаць і што цяпер галоўнае.
Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 12 верасня. Ён сядзіць у гродзенскай турме ўжо 4 месяцы.
Больш за месяц ад Івашына не было лістоў. Яму лісты таксама не даходзяць. Аднак Івашын здолеў перадаць на волю пасланне з-за кратаў. «Радыё Свабода» прыводзіць яго фрагменты.
«Ні на хвіліну не сумнявайся ў маёй ахвярнасці і працягу шчырага служэння нашай Бацькаўшчыне, Беларусі. Як быў, гэтак і застаюся патрыётам, адданым сэрцам Маці-Айчыне», — піша ён.
«Аднак мае асабістыя жаданні, памкненні зараз не нагэтулькі важныя, як значэнне маёй постаці. Я гэта выдатна разумею, асабліва цяпер, падчас актыўнай фазы вайны рэжыму ўнутранай акупацыі з беларускім народам.
Мы менавіта на вайне, я хоць цяпер і не на перадавой, мая журналісцкая зброя вымушана адпачывае, але знаходжуся ў паўнавартасным палоне. Разам з тым мой статус не змяняецца: я быў і застаюся журналістам, мая дзейнасць працягваецца нават сёння, хаця і ў іншым аспекце і кантэксце, набываючы збольшага формы сімвалізму і ахвярнасці.
Для ўсяго цывілізаванага свету рэпрэсіі і катаванні журналістаў — фундаментальны выклік для існавання дэмакратычнай сістэмы, для абароны правоў чалавека і свабоды слова. За гэтыя падставовыя чыннікі вельмі шмат пралілося крыві, якая не дазволіць заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Менавіта праз гэта значэнне маёй постаці шматкроць узрастае. Праз гэта маем быць гатовыя да ўсяго».
«Галоўнае зараз — нашая Беларусь, ейнае дэмакратычнае пераўтварэнне. З Божай дапамогай гэта адбудзецца, будзем спадзявацца, у самай бліжэйшай будучыні».
«Маем быць адзінымі і падтрымліваць адзін аднога. Маем жыць і рухацца, сцяўшы зубы. З палымянай верай у сэрцы, ясным і светлым розумам, шчырым пакліканнем і ахвяраваннем».
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачанне паводле 365 крымінальнага артыкула («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязана з яго апошнім расследаваннем пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП (прачытаць можнатут, тут і тут).
Журналіста затрымалі на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю пра гэта расійскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
У Івашына ў турме пачаліся праблемы з сэрцам «на фоне пастаяннага стрэсу». Перадаць яму вентылятар на час спёкі не дазволілі. Пасля таго, як Дзяніс выйшаў з карцару ў чэрвені, стала вядома, што ў яго там здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёлага, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
Сваякі даведаліся, што яго прыкладна раз на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ. Лісты ад яго і яму, паводле слоў родных, ходзяць блага.
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы час» і міжнароднай супольнасці «ІnformNapalm», якая даследуе ўплыў расійскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газета «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на яго затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць не можа быць прычынай пераследу.
У траўні ў Івашына памерла бабуля, па лекі для якой ён хадзіў падчас затрымання. Яго не пусцілі развітацца з ёй.