Аліна Нагорная: Калі ў краіне нешта не так, трэба гэта вырашаць, а не скардзіцца, як усё кепска

Ужо 9 месяцаў Аліну Нагорную і Ігара Случака цікуюць прадстаўнікі самых розных дзяржаўных органаў — ад старшыні сельвыканкама да Следчака камтэту.
Сям’я Аліны Нагорнай і Ігара Случака з маленькім сынам Стэфанам жыве ў вёсцы Перасека Рагачоўскага раёна. Пара актыўна змагаецца за паляпшэнне жыцця ў вёсцы, а таксама шмат робіць дзеля прасоўвання беларускай мовы і абароны моўных правоў. Таксама Аліна і Ігар вядомыя сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, над іх хатай з траўня 2019 года да канца лютага 2021-га вісеў бел-чырвона-белы сцяг, пакуль яго не скралі невядомыя.

Няпрошаныя госці сталі прыходзіць да Случака і Нагорнай 9 месяцаў таму. Спачатку гэта былі прадстаўнікі сельвыканкама, потым прыязджала міліцыя, а 2 ліпеня Аліна паведаміла ў фэйсбуку, што ў іх пад вокнамі ходзяць прадстаўнікі Следчага камітэта.

— Прыехалі, пастаялі пад вокнамі — нас у гэты час не было дома, паведамілі суседзі. Да нас увесь час прыязджаюць розныя персанажы, то на белай машыне, то на бусе. Для нас цяпер створаныя такія ўмовы, што знаходзіца дома стала нязручна. Нарыклад, я ўкладаю спаць дзіцёнка — хтосьці прыязджае і грукае ў дзверы, дзіця не засынае. Ці я хачу пакарміць яго на тэрасе, а нейкія людзі ходзяць па падворку, — распавяла «Новаму Часу» Аліна Нагорная.

Аказалася, што гэта ўжо не першы візіт прадстаўнікоў СК, раней яны прыязджалі ў Перасеку месяц таму, 4 чэрвеня.

 Нашыя актыўныя дзеянні па абароне моўных правоў і паляпшэнні жыцця нашай вёскі прывялі да таго, што некаторыя персанажы захацелі скарыстацца агульным беззаконнем у краіне і натраўліваюць на нас розныя дзяржаўныя службы. Але я ведаю, што праўда на нашым баку, мы нічога не парушалі, — гаворыць Аліна.

Яна зазначае, што баяцца павінны не яны, а някліканыя візіцёры, бо ёсць шмат сведкаў таго, як яны лазілі па прыватнай тэрыторыі — падворку Ігара і Аліны. Беззаконне ў краіне рана ці позна скончыцца, а ў Крымінальным кодэксе вельмі доўгі тэрмін даўніны, які тычыцца парушэння недатыкальнасці прыватнай тэрыторыі, дадае Аліна. Як і тэрмін прыцягнення да адказнасці за скраданне сцяга, які невядомыя сцягнулі з падворка напрыканцы лютага.

Так выглядаў падворак Ігара і Аліны, пакуль нехта не скраў іх сцяг

Так выглядаў падворак Ігара і Аліны, пакуль нехта не скраў іх сцяг

Многія, сутыкнуўшыся з назойлівымі візітамі дзяржслужбоўцаў, прымаюць рашэнне пакінуць краіну. Аліна гаворыць, што не хоча з’язджаць з Беларусі.

— Я ў гэтай краіне нарадзілася і шмат высілкаў прыкладаю да таго, каб яна стала лепшай, бо люблю яе, таму мне не хацелася б з’язджаць. Чаму я павінна з’язджаць, калі я нічога не парушаю, нічога кепскага не раблю? Хай яны з’язджаюць, — перакананая яна.

Суразмоўца зазначае, што, звычайна, калі сям’я знаходзіцца дома, і да іх прыходзяць тыя, каго яны не чакаюць, яны проста не адчыняюць дзверы.

 Вельмі многія, калі да іх прыходзяць, сваімі рукамі адчыняюць ім дзверы. Але вы маеце права быць занятымі ў гэты час, тым больш ноччу, — звяртае ўвагу Аліна Нагорная. — Калі выламваюць дзверы — няхай выламваюць, не трэба спрашчаць ім жыццё. Пасля яны ўжо дакладна не змогуць сказаць, што іх візіт быў законны.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і агульную сітуацыю ў краіне Аліна з Ігарам працягваюць працаваць дзеля яе паляпшэння. Так, ужо ў гэтым месяцы павінна выйсці іх кніжка пра моўную дыскрымінацыю ў Беларусі «Мова 404».

— Я проста не магу гэтага не рабіць, — гаворыць Аліна. — Я хачу жыць у Беларусі і хачу, каб мой сын жыў у Беларусі. Тое, што цяпер адбываецца, мне не вельмі падабаецца, я хачу, каб было лепш. І яшчэ мне не падабаецца, калі мяне называюць «актывісткай», бо я паводжу сябе натуральна. Калі ў маёй хаце вэрхал — трэба зрабіць прыборку. Калі ў маёй краіне нешта не так, напрыклад, мяне абражаюць за мову, — трэба таксама неяк гэта вырашаць, а не сядзець і скардзіцца, як усё кепска. Мне дае сіл тое, што я веру, што ўсё атрымаецца, калі нешта рабіць.

Па словах Аліны, цяпер ёсць дзве рэчы, якія можна рабіць ужо сёння, каб жыць у лепшай краіне заўтра: гэта размаўляць па-беларуску і пісаць звароты.

— Бо калі мы кажам, што хочам перамен, мы гаворым пра нейкія абстрактныя перамены, а некаторыя перамены можна зрабіць ужо сёння. І за іх трэба змагацца.  


Фота прадастаўленыя Алінай Нагорнай 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: