Як і пра што пісаць палітвязням
У турмах зараз сядзіць будучыня Беларусі, вызваліць яе пры гэтым рэжыме немагчыма. Лісты — адзін са спосабаў перанесці пакуты.
Якім чынам падтрымаць вязняў і пра што пачаць пісаць, распавяла «Радыё Рацыя» спадарыня Вера. Называць сваё прозвішча яна не пажадала ў мэтах бяспекі. Жыхарка Брэста накіравала ўжо сотні лістоў і паштовак дзясяткам палітвязняў і спадзяецца, што гэта можа іх хоць неяк падбадзёрыць.
— Да каго вы зараз асабіста лістуеце, па якім прынцыпе і чаму?
— Для мяне не мае значэння каму пісаць, бо кожны чалавек, які трапіў за краты з-за палітычнага пераследу, ён заслугоўвае павагі і падтрымкі. Я цяпер дасылаю лісты вязням, у якіх у гэтым месяцы Дзень народзінаў. Ёсць суполка ў Фэйсбуку «dissidentby», яна публікуе кожны месяц спісы зняволеных, якія павінны былі адзначыць гэтае свята, а магчымасцей у іх няма. І таму хочацца падтрымаць гэтых людзей і стварыць ім хоць нейкі святочны настрой. І яшчэ хочацца такім чынам даць людзям зразумець, што пра іх не забыліся.
— Якія вы атрымліваеце лісты, які ў іх змест і які настрой тых, хто вам піша?
— Часцей людзі паведамляюць, што стараюцца трымацца, паведамляюць, калі будзе суд ці этапаванне ў калонію, пішуць, чым займаюцца там, хтосьці дасылае вершы, хтосьці дзякуе за падтрымку і паведамляе пра свае інтарэсы і захапленні. Гэта для таго, каб хутчэй завязалася сяброўства. Карацей, усе лісты з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю.
— Прывядзіце, калі ласка, прыклады самых цікавых лістоў, самых цікавых адказаў, якія вы атрымлівалі за апошнія некалькі месяцаў.
— Усе лісты цікавыя па-свойму. Бо калі ты атрымліваеш адказ, гэта ўжо радасць. Напрыклад, я бачыла такія цёплыя радкі: «На душе солнце, а всё благодаря вашей поддержке. Спасибо вам». Быў выпадак яшчэ, калі зняволены даслаў верш, які пакінуў моцнае ўражанне. Ён належыць Рэдзьярду Кіплінгу, ён называецца «Заповедь», і вось некалькі радкоў з яго, якія могуць умацаваць нас саміх: «Пусть час не пробил, жди не уставая, Пусть лгут лжецы — не нисходи до них. Умей прощать и не кажись прощая великодушней и умней других».
— Топ-3 тэм, на якія можа ліставацца і якія дакладна пройдуць цэнзуру?
— Першая тэма, якую я хацела б вызначыць,— гэта віншаванні з Днём народзінаў. Таксама можна дасылаць вершы, але яны павінны быць маленькія, паводле майго меркавання, не больш за восем радкоў. Бо адміністрацыя ў турме пры наяўнасці вялікай колькасці тэксту можа не чытаць ваш ліст увогуле. Трэцяя тэма — гэта проста пісаць словы падтрымкі. Зрэшты, яна падобная да віншаванняў. Напрыклад, можна пісаць: «Я жадаю вам трываласці, не губляць веру і надзею на лепшае».
— Ці на ўсе лісты вы атрымліваеце адказы? Як часта лісты не даходзяць да адрасата?
— Шчыра кажучы, адказаў ад зняволеных вельмі мала, хоць лістоў дасылаецца многа. Хутчэй за ўсё, яны часта не даходзяць з-за пазіцыі адміністрацыі. Але я павінна яшчэ паведаміць пра тое, што паштоўкі даходзяць лепей, чым лісты, бо тэксту на іх не атрымліваецца змясціць шмат. Я асабіста дасылаю менавіта іх.
Суразмоўца дадала,
што калі ёсць жаданне адправіць ліст ці паштоўку, то пажадана, каб там не было
зашмат тэксту. Тыя, хто адказныя за цэнзуру, папросту не стануць чытаць доўгі
тэкст і высвятляць, ці можна яго перадаць вязню.