Працаўнікі бароняць ад закрыцця Круглянскі льнозавод
У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, працаўнікі мясцовага льнозавода бароняць ад закрыцця сваё прадпрыемства.
Яго збіраюцца зачыняць, бо яно нібыта нерэнтабельнае, аварыйнае і мае шматмільярдную запазычанасць. Працаўнікі заяўляюць, што гатовыя тут працаваць, а даўгі сплаціць.
Распавесьці журналісту пра сітуацыю на прадпрыемстве да завадской прахадной прыйшлі сямёра працаўніц. Да жаночай грамады далучыліся і мужчыны — трактарысты. Яны адзіныя на прадпрыемстве, хто мае занятак. Льнозавод стаіць ад 20 мая. У гэты дзень працаўніц не пусцілі ў цэх. Наступныя некалькі працоўных дзён жанчыны прыходзілі да прахадной і чакалі пакуль начальства перадумае. Яно ж прапанавала працу на Шклоўскім льнозаводзе. Працаўнікі з гэтым не згаджаюцца. Чаму?
«З зімы нас тэрарызуюць гэтым Шкловам. Пасяўная скончылася, пачаўся зноў гэты тэрор. А паперы ніякай няма на закрыццё завода. Сказалі, што хто не хоча
— звальняйцеся, а калі будзеце пісаць на адпачынак, то пішыце з наступным звальненнем».
«Які яны загад напісалі: "Працаўладкаваць людзей на месяц", а далей што?».
«Калі ўжо пытанне стаіць, што зачынілі завод, дык няхай бы людзей звольнілі паводле закону. Папярэдзілі за месяц. Выплацілі дапамогу.
Скарацілі б — тады іх на біржу паставілі, а так жа іх ніхто не паставіць».
«Камандзіровачныя ніхто не збіраецца нам плаціць, раз'язныя таксама».
«У нас ніякай забастоўкі няма. І панікі няма. Проста людзі самі сябе бароняць. Нас няма каму абараніць».
Ніхто з працаўніц пакуль не наважыўся на працу ў Шклове. Туды людзей абяцаюць вазіць аўтобусам. Ад Круглага да Шклова — чатыры
дзясяткі кіламетраў. 24 працаўнікі напісалі заявы на адпачынак і цяпер чакаюць, што будзе далей.
На тэрыторыі прадпрыемства стаіць новая тэхніка. Працаўнікі паказваюць на яе і кажуць: «Вось гэта нашы даўгі».
Завадскі двор увесь у калдобінах. Наводдалі — цэх.
«Ну так, вы ж бачыце ў нас з выгляду, які завод. Дык у нас будынкі з 1947 году. Але і без рамонту яно колькі б
працавала. Гэта ж мы не тое што першы год во так селі. Мільярды напазычалі ды сядзім. Людзі ў такіх умовах працуюць даўно».
Пра тое, што 24 працаўнікі напісалі заявы на адпачынак, пацвердзілі ў адміністрацыі прадпрыемства. На працягу месяца, як паведаміў супрацоўнік адміністрацыі, будзе вырашаны лёс прадпрыемства. Пакуль жа ніякіх дакументаў на закрыццё льнозавода няма. Паводле суразмоўцы, Шклоўскаму заводу не хапае сыравіны, і ён не зацікаўлены ў тым, каб у Круглым было такое ж прадпрыемства. Што да пазіцыі работнікаў, то прадстаўнік адміністрацыі зазначае:
«Людзей зразумець можна. Ім хочацца захаваць завод. У яго яны ўклалі, можна сказаць, частку сваёй душы. Даводзілася ім і без заробку сядзець не адзін месяц. Але іх гэта задавальняе. Не хочуць ехаць на Шклоў, бо Шклову мы аддаём зямлю і сыравіну, а людзі гэтыя нікому не патрэбныя. У Круглым усе арганізацыі можна пералічыць на пальцах. Яны не знойдуць сабе тут працы».
А якое цяпер эканамічнае становішча на прадпрыемстве?
«Цэхі ў нас ёсць, абсталяванне працоўнае. 600 тон. Да гэтага ўпалі цэны на валакно, таму нам не хапала на заробкі, на электраэнергію. Крэдыторская запазычанасць складае 12 мільярдаў. Гэта запазычанасць расла яшчэ з 2007 году. Былі грошы ў нас скрадзеныя. Дагэтуль займаюцца кампетэнтныя органы дырэктарам, які тады кіраваў».
Даведацца ў холдынгу «Магілёўабллён», якому падначальваецца Круглянскі льнозавод, пра далейшы ягоны лёс не ўдалося. На тэлефанаванні ніхто
не адказваў. З сюжэту, паказанага на тэлеканале АНТ, з каментара намесніка генеральнага дырэктара Алега Грудава вынікае, што лёс прадпрыемства нібыта
ўжо вырашаны. Калі працаўнікі не адумаюцца, іх звольняць, а мадэрнізацыя льнозавода не прадугледжваецца. Спадар Грудаў заяўляе:
«Вокны вывальваюцца, сцены разбураюцца. Праводка няспраўная. Вентыляцыя не працуе. Ёсць прадпісанне МНС, санстанцыі, што ў гэтых памяшканнях працаваць далей
нельга».
Сюжэт на АНТ працаўнікі Круглянскага льнозавода называюць тэндэнцыйным, хоць тэлевізійнікаў людзі запрасілі самі:
«Там зрабілі, што ім было выгадна. А тое, што людзі гаварылі, наагул нічога не паказалі. Вось дырэктара, дык толькі першыя словы пусцілі, а астатняе
павыразалі. Сказалі, што нібыта мы самі мітынгуем і не хочам працаваць, але ж гэта нам не далі ўключыць вытворчасць».
На льнозаводзе ў штаце блізу 80 чалавек. Многія адпрацавалі тут больш за 15 гадоў. Шмат работнікаў перадпенсійнага веку. Сярэдні заробак у працаўнікоў складае крыху больш за 2 мільёны рублёў і залежыць ад сезону і попыту на ільняное валакно. Сёлета льнозавод засеяў 1 тысячу гектараў лёну. Летась выканаў дзяржаўную замову на выраб валакна. Акрамя льнозавода ў райцэнтры з вытворчых прадпрыемстваў ёсць перасоўна-механізаваная калона.