Прадпрымальнікі — улада: няроўная дуэль

Беларускія ўлады пагадзіліся не ўводзіць тэхрэгламент Мытнага саюза і пачакаць яшчэ год. Але ІП гэтым не задаволеныя. На на 15 ліпеня ў Мінску запланаваны прадпрымальніцкі марш.



sertifikat_1_1__logo.gif

Прынамсі, заяўка на яго правядзенне ў Мінгарвыканкам пададзеная. Плануецца, што ў сувязі з маршам у гэты дзень таксама не будуць працаваць рынкі.

Мы ўжо пісалі (НЧ №23) пра тое, што ўвядзенне тэхрэгламенту значна папсуе жыццё прадпрымальнікам. Паводле яго, ІП павінны здаваць на экспертызу частку з кожнай партыі тавару, якая не будзе ім вернутая. У сувязі з гэтым астатняя частка значна падаражэе, а асартымент тавараў звузіцца.

У ходзе перамоваў з урадам прадпрымальнікі дамагліся таго, што ўвядзенне тэхрэгламенту адкладзенае да 1 ліпеня наступнага года. Але, паколькі дакумент аб адтэрміноўцы рыхтаваўся ў вялікай спешцы, у ім, як заўсёды, нарабілі памылак. Здаецца, нават больш крытычных, чым сам тэхрэгламент.

Па-першае, кожны прадпрымальнік павінен даваць кожнаму пакупніку даведку, што прадукцыя, якую ён прадае, не прайшла сертыфікацыю Мытнага саюза, і што ён абавязваецца ў выпадку прэтэнзіяў вярнуць грошы альбо абмяняць тавар на якасны. Прадпрымальнікі назвалі гэта глупствам, бо ўзору адзінай даведкі да такога рашэння не дадаецца, а само правіла вярнуць грошы альбо абмяняць рэч дзейнічае і без усялякіх паперак згодна з заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.

Па-другое, адтэрміноўка сертыфікацыі прадстаўляецца тым ІП, якія маюць на руках дакументы на набыццё тавару. Між тым, дзейсныя акты заканадаўства такіх дакументаў для ІП не патрабуюць. Сапраўды, калі ІП набыў партыю тавару для рэалізацыі на аптовых рынках той жа Расіі, хто там будзе даваць суправаджальныя накладныя на тавар? Там проста падымуць прадпрымальніка на смех.

Па-трэцяе, некалі наша ўлада вельмі клапацілася, каб загнаць індывідуальных прадпрымальнікаў у межы прыватных унітарных прадпрыемстваў. Зараз гэты «дзяржаўны клопат» выходзіць бокам, бо адтэрміноўка сертыфікацыі тычыцца толькі ІП — плацельшчыкаў адзінага падатку. ПУПаў яна не тычыцца ніяк.

Між тым, кантрольныя органы пачнуць праверку прадпрымальнікаў на «сертыфікацыю» ўжо з 1 лістапада гэтага года. Першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі ВалерыйГурэвіч заявіў, што гэта будзе «выключнаманіторынг таго, што прадаюць індывідуальныя прадпрымальнікі на рынку». Паводле ягоных слоў, маніторынг не прадугледжвае імгненных мер уздзеяння на прадпрымальніка, а ёсць толькі зборам неабходнай інфармацыі, для таго, каб розныя міністэрствы маглі вызначыцца, ці трэба карэктаваць выдадзеныя раней пастановы і ці прымаць дадатковыя дакументы.

Тэлеканал АНТ, які перадаў гэтую навіну, заявіў, што на беларускіхрынках будуць вялікія зніжкі, бо ІП, якія працуюць з таварамі лёгкай прамысловасці, павінны прадаць увесь несертыфікаваны тавар да лістапада 2013 года. Выглядае, як здзек з прадпрымальнікаў і прыбытак на чужой бядзе.

У сувязі з гэтым і прайшоў страйк прадпрымальнікаў 27 чэрвеня. Па дадзеных Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў, на працу ў гэты дзень не выйшла каля 70% ІПшнікаў па ўсёй Беларусі. Некаторыя з арганізатараў мерапрыемства за гэта разлічыліся: у дзень страйку за «несанкцыянаваны мітынг» на мінскім рынку «Ждановічы» быў асуджаны на 5 сутак арышту лідар прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

А 28 чэрвеня, як ужо і казалася, у Мінгарвыканкам была пададзеная заяўка на тое, каб правесці ў сталіцы «Марш прадпрымальнікаў».

Варта канстатаваць, што папярэднія акцыі такога кшталту былі выніковымі. Напрыклад, 10 снежня 2008 года прайшоў аднадзённы страйк прадпрымальнікаў супраць планаванага скасавання льготнага рэжыму ўвозу тавараў з Расіі. 15 снежня таго ж года ў сталіцы таксама прайшоў санкцыянаваны «Марш прадпрымальнікаў». У ім прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч прадпрымальнікаў. У выніку з’явіўся Указ прэзідэнта №703, які бестэрмінова захаваў ільготны рэжым увозу тавараў з Расіі, але адначасова падняў стаўку выплаты адзінага падатку на гэты тавар з каэфіцыента 1,5 да двух.

Ёсць і адваротныя прыклады. Напрыканцы 2007 года ІПшнікі змагаліся за права наймаць больш трох працоўных і не з ліку бліжэйшых родзічаў (супраць Указу №760). Некалькі разоў яны выходзілі на Кастрычніцкую плошчу Мінска, і ў выніку пратэстаў з’явілася крымінальная «справа 14-ці» — 14 чалавек, збольшага маладзёны, былі асуджаныя за арганізацыю масавых беспарадкаў і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Ці дамогуцца зараз свайго прадпрымальнікі? Эксперт у галіне пратэставай дзейнасці і адначасова сустаршыня грамадскага аб’яднання па абароне правоў прадпрымальнікаў «Прыватная ўласнасць» Цімох Дранчук мяркуе, што няблага было б прадпрымальнікам сумясціць грамадскі ціск (марш) і эканамічны (забастоўку). «Да таго часу, пакуль прадпрымальнікі праводзяць аднадзённыя страйкі па чацвяргах, альбо разочак пройдуць на Бангалор, ніякага выніку не будзе. І справа не ў прадпрымальніках, а ў нашай уладзе. Наша ўлада размаўляе з прадпрымальнікамі з пазіцыі сілы, і толькі сілу яна разумее. Вось калі б забастоўка доўжылася тыдзень, і са спыненнем плацяжоў у бюджэт і іншых выплат, тады б урад што-небудзь бы і зрабіў. Пытанне фінансаў для ўлады зараз вельмі балючае», — лічыць Дранчук.

Але прадпрымальнікі — людзі, якія ўмеюць лічыць і пралічваць свае хады. І націснуўшы на ўрад сваімі патрабаваннямі, яны ўсё ж даюць яму магчымасць выйсці з сітуацыі, нават захаваўшы твар. Арганізатары «Маршу прадпрымальнікаў» гатовыя адмовіцца ад яго правядзення, калі ўлады скарэктуюць пастанову аб спрашчэнні парадку сертыфікацыі тавараў. 1 ліпеня петыцыя з патрабаваннем перагляду тэхрэгламенту была пададзеная старшыні Савета па развіццю прадпрымальніцтва Пятру Пракаповічу і ў Міністэрства гандлю. То бок, прадпрымальнікі ціснуць па ўсіх франтах. Ці даціснуць?