Прафсаюзны інспектар супраць прафсаюза

Мы бачылі шмат працэсаў, калі працоўныя звярталіся з пазовам ў суд да наймальніка па абарону сваіх правоў. Але гэтая сітуацыя ўнікальная. Інспектар прафсаюза падаў у суд на кіраўніцтва прафсаюза, якое парушыла Працоўны кодэкс!

Алег Сіўчанка

Алег Сіўчанка


Алег Сіўчанка — галоўны тэхнічны інспектар працы прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў падаў у суд на свой жа прафсаюз. Прычына — нясплата ў поўным аб’ёме заробку за травень гэтага году.

Як распавёў «Новаму часу» Сіўчанка, ён працуе ў прафсаюзе па працоўным кантракце, у якім прапісаны памер заробку, падвышаючыя каэфіцыэнты і прэміі. Увесну гэтага года прэзідыум прафсаюза прыняў рашэнне рэарганізаваць структуру прафсаюзу. У выніку рэарганізацыі ў Сіўчанка падняўся той самы падвышаючы каэфіцыент. Адпаведна, у яго павінен быў ўзняцца і заробак за травень. Аднак інспектар працы са здзіўленнем атрымаў заробак за травень без падвышэння.

З чэрвеня па жнівень працоўны інспектар спрабаваў высветліць у кіраўніцтва прафсаюзу, «што гэта было», і чаму прафсаюз, які, па ідэі, павінен абараняць правы працоўных, парушае гэтыя правы сваіх жа працоўных. Аднак — безвынікова, калі не лічыць вынікам ціск на самога інспектара. Усе яго спробы дамагчыся справядлівасці ў працоўным коле не мелі выніку. Ён патрабаваў нават сабраць камісію па працоўных спрэчках па сваёй сітуацыі — у стварэнні такой камісіі было адмоўлена. І прафсаюзны дзеяч звярнуўся ў суд з іскам аб спагнанні з працадаўцы — свайго ж прафсаюзу — 305 рублёў 15 капеек недаплачанага яму заробку.

Папярэдняе пасяджэнне па гэтай справе прайшло 26 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. І на ім высветліліся дзіўныя рэчы. Як паведаміла на судзе галоўны прававы інспектар працы таго ж прафсаюза Наталля Кудрашова, літаральна за дзве гадзіны да судовага пасяджэння Алегу Сіўчанка былі пераведзеныя недаатрыманыя ім грошы за травень! Па яе словах, у 12 гадзін быў праведзены плацёж, у 13 гадзін яна атрымала дакументы з банку, што на рахунак Сіўчанка грошы залічаныя. Такім чынам, па яе меркаванні, наймальнік прызнаў факт парушэння працоўнага заканадаўства ў галіне заробку Сіўчанка і выправіў становішча.

Але насамрэч усё было некалькі інакш. Справа ў тым, што іскам Сіўчанка зацікавілася «галоўная прафсаюзная арганізацыя» — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, у склад якой уласна, і ўваходзіць той самы прафсаюз работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

ФПБ за дзень да судовага пасяджэння — як толькі там даведаліся пра зварот Сіўчанка ў суд — накіравалі ў свой структурны прафсаюз праверку. Па факце, «інспектары» спусціліся (ці падняліся) на некалькі паверхаў у будынку ФПБ на вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску. У выніку быў праведзены «грамадскі кантроль» за выкананнем правоў працоўных у прафсаюзе работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

«Сапраўды, мы высветлілі, што было парушэнне заканадаўства аб працы. Мы правялі маніторынг, выдалі рэкамендацыі, і, як мы бачым, наймальнік ужо сёння выправіў гэтае парушэнне», — сказала Святлана Котава з галоўнага упраўлення юрыдычнай работы і прававога забеспячэння апарату Савета ФПБ, якая прысутнічала на судзе.

img_20190926_135547.jpg


Сам Сіўчанка ў ФПБ не звяртаўся, бо, як інспектар па працы, дакладна ведае парадак «разрульвання» падобных спрэчак, вызначаны заканадаўствам. Сіўчанка агучыў праблему свайму кіраўніку — наймальніку; звярнуўся да камісіі па працоўных спрэчках — але наймальнік адмовіў не толькі ў разглядзе справы гэтай камісіяй, а і ўвогуле ў стварэнні такой камісіі. Наступная стадыя адстойвання сваіх правоў — суд.

Тое, што ў справу ўмяшалася ФПБ — фактар, хутчэй, выпадку. Але і ён выдатна сведчыць пра стыль працы: пакуль кіраўніцтву Сіўчанкі не «накідала па шапцы» вышэйшае кіраўніцтва — нічога не вырашалася месяцамі. А як толькі ў прафсаюзе работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў з’явілася інспекцыя «зверху» — праблема, што не вырашалася месяцамі, была вырашана ледзьве не імгненна.

Але, на вялікі жаль, журналісты так і не дамагліся ад Наталлі Кудрашовай уцямнага адказу на пытанне: што перашкодзіла наймальніку вырашыць гэтую праблему адразу, як толькі яна была агучана? З чэрвеня, калі Сіўчанка высветліў, што недаатрымаў грошы за травень, і да канца верасня, калі адбылося судовае пасяджэнне, прайшло багата часу. Чаму для таго, каб атрымаць заробак, Сіўчанка павінен быў ісці ў суд, а ФПБ — праводзіць «грамадскі кантроль» за выкананнем правоў працоўных у прафсаюзе?

Сам Сіўчанка пасля працэсу заявіў, што не хоча далейшых судовых разбіральніцтваў. «Я б хацеў, каб гэтая справа стала урокам не толькі для работнікаў — каб яны ведалі, што яны могуць абараніць свае правы ў судовым парадку, і павінны гэта рабіць, — але і для тых наймальнікаў, якія не разумеюць, што правы работнікаў парушаць нельга. І для кіраўнікоў прафсаюзаў — калі хтосці не разумее, што ён менеджар, якому калектыў даверыў кіраваць, абараняць іх інтарэсы. Ён не цар, ён не мае права вольна ставіцца да заканадаўства і таптаць яго», — адзначыў Сіўчанка.

Але, мажліва, на гэтым справа не скончыцца. Кіраўніцтва прафсаюза, па словах Сіўчанка, пачало і працягвае ціск на яго — і літаральна 25 верасня вынесла яму спагнанне з пазбаўленнем прэміі. Цікава, што Наталля Кудрашова ў судзе факт вынясення гэтага спагнання катэгарычна адмовіла. І таму мы, можа быць, яшчэ пабачым працяг справы «прафсаюзны інспектар супраць прафсаюза».