Прапаганда ў «TikTok»: «чалавечны» Лукашэнка і прыгажунчык Коля
Пакуль яшчэ колькасць праглядаў і рэпостаў у прапагандысцкіх матэрыялаў не такая вялікая, каб можна было сказаць, што ўсё крытычна, але дзяржаўная машына стварае ўсё большую колькасць каналаў, праз якія пашырае сваю альтэрнатыўную версію рэальнасці.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
«Цэнтр новых ідэй» пры падтрымцы фонду ім. Фрыдрыха Эберта на днях прадставіў даследаванне «Мэпінг беларускай прапаганды: асноўныя тэмы, акцэнты і трэнды ў 2024 годзе». У «TikTok» асаблівая ўвага надаецца стварэнню пазітыўнага вобразу ўладаў. Лукашэнку часта прадстаўляюць як чалавека, блізкага да народа. «Яго паказваюць, напрыклад, як ён сядзяць з сабачкам, каб стварыць менш агрэсіўны і ўладны вобраз», — гаворыць у інтэрв'ю «Радыё LRT» дырэктарка «Цэнтра новых ідэй» Леся Руднік.
Каманда ЦНІ правяла якасны кантэнт-аналіз (human coding) амаль 2600 публікацый на папулярных платформах: «Telegram», «YouTube», «TikTok», «Instagram». Вядучымі тэмамі на праўладных платформах з'яўляюцца вайна ва Украіне і крытыка заходніх краін, асабліва Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама арганізацый кшталту NATO і Еўрасаюза.
Леся Руднік падкрэслівае, што тэмы, якія абмяркоўваюцца, застаюцца нязменнымі цягам некалькіх гадоў.
«Вядучымі застаюцца вайна ва Украіне і крытыка заходніх краін. Заходнія краіны, такія як Польшча і Літва, а таксама міжнародныя арганізацыі, такія як NATO і Еўрасаюз, прадстаўленыя ў негатыўным ключы. Шмат увагі надаецца дасягненням уладаў і крытыцы апазіцыі. Але пры гэтым гэтыя тэмы займаюць менш, чым чвэрць у параўнанні з дзвюма іншымі дамінуючымі тэмамі — пра вайну і пра Захад», — кажа аналітык.
— Як прапагандысты развіваюць свае сацыяльныя сеткі? Ці прасочваецца нейкі алгарытм, як яны дзейнічаюць?
— Мне здаецца, што алгарытм, нават калі ёсць (і, хутчэй за ўсё, ён ёсць), мы яго да канца, вядома, не зразумеем, таму што гэта вельмі закрытая сістэма, дастаткова закрыты рэжым у цэлым, асабліва калі гэта тычыцца інфармацыйнай працы. Напрыклад, можна ацэньваць пэўныя рэчы па колькасці рэпостаў, гэта значыць калі кантэнтам пэўныя спікеры дзеляцца з дзяржСМІ або з крыніц дзяржпрапаганды, гэта досыць зразумелы індыкатар, які паказвае, што ёсць сувязь, напрыклад, праўладных спікераў з канкрэтнымі дзяржаўнымі інстытутамі або дзяржаўнымі медыя.
Гэта адзін з індыкатараў, які можна выкарыстоўваць. Другі — гэта, вядома, рост колькасці гэтых каналаў, але не іх аўдыторыі. Тут важна адзначыць, што мы не замяраем эфектыўнасць гэтай прапаганды і можам пакуль што мала пра гэта сказаць, таму што трэба працаваць з іншым бокам — адпаведна, з тым, як людзі ўспрымаюць гэтую прапаганду і гэтыя праўладныя наратывы. У нашых даследаваннях мы глядзім толькі на тых людзей, якія вырабляюць уласны кантэнт. І мы бачым, што ёсць спроба стварыць вялікую колькасць каналаў.
— Якую ролю ў Беларусі адыгрывае «TikTok»?
— Тут пераважаюць відэа, якія падкрэсліваюць дасягненні ўладаў і ачалавечваюць вобраз Аляксандра Лукашэнкі. Гэта насамрэч не нейкае адмысловае дасягненне беларускай прапаганды, гэта, хутчэй, тое, як працуе сама платформа.
Напрыклад, у беларускіх дэмакратычных сіл на «ТікТок» даволі шмат праглядаў, але пры гэтым колькасць каналаў і акаўнтаў у беларускіх праўладных спікераў на «TikTok» трохі меншая, чым у «Telegram». Тут можна сказаць, што ёсць канкрэтная звязка паміж праўладнымі спікерамі або праўладнымі блогерамі з канкрэтнымі дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі. Дакладна гэтак жа мы бачым і спробы пладзіць гэтыя наратывы праз стварэнне вялікай колькасці каналаў на розных платформах, у першую чаргу ў «Telegram», у другую чаргу ўжо ў «TikTok».
— Хто з'яўляецца асноўнымі тварамі прапаганды і ў якой форме ўсё гэта падаецца?
— Гэта кароткія відэа, у якіх, як правіла, ёсць тыя самыя наратывы, якія я назвала. Цікава тое, што ў «TikTok» дамінуе наратыў пра дасягненні ўладаў, што ўлады малайцы. І звычайна гэта робіцца з дапамогай ілюстрацыі альбо нейкага ачалавечвання персоны Лукашэнкі. Уся ўвага надаецца яму і яго сыну.
У выпадку самога Лукашэнкі гэта, як правіла, ачалавечванне яго праз нейкія вобразы: ён блізкі да народа, ён сядзіць з сабачкам — каб стварыць менш агрэсіўны і ўладны вобраз. Гэта значыць, там менш малюнкаў таго, як Лукашэнка выступае перад міністрамі, чыноўнікамі або лае кагосьці. Там якраз-ткі больш бытавых момантаў. Самі разумееце, як працуе «TikTok»: мэсэдж, які закладваецца ў відэа, не абавязкова напісаны прамым тэкстам. Гэта, хутчэй, замалёўка, якая дае пэўныя намёкі на тое, які мэсэдж можна было б тэарэтычна счытаць з гэтага відэа.
— Другім асноўным героем праўладнага кантэнту можна назваць сына Лукашэнкі Мікалая. Якім ён прадстаўлены?
— У такіх відэа рамантызуецца персона Колі Лукашэнкі. Такі феномен досыць папулярны для «TikTok», калі гаворка ідзе пра папулярных людзей, акцёраў, спевакоў, з'яўляюцца розныя сэрцайкі, подпісы пра тое, які ён прыгажунчык. І пры гэтым вобраз яго ўжо адрозніваецца ад таго, што было, скажам, пяць гадоў таму, калі ён быў з татам за ручку.
Цяпер гэта ўжо дарослы, самастойны падлетак у касцюме, які ўвесь час паказваецца адзін, ён з'яўляецца галоўным героем такіх відэа. Калі думаць стратэгічна, вачыма дыктатара, то, вядома, гэта іх памылка, таму што ўсё факусаваць вакол аднаго героя — гэта занадта вялікая цана. Дасягненні ўладаў можна было б паказваць на больш высокім узроўні праз розных людзей. Але паколькі дасягненняў мала і абраная досыць каравая інфармацыйна-палітычная стратэгія, атрымліваецца, ёсць што ёсць.
— Да якой асноўнай высновы вы прыйшлі, завяршыўшы даследаванне?
— Нягледзячы на тое, што асобныя відэа атрымліваюць вельмі вялікую колькасць праглядаў, усё роўна гэта пакуль што не супастаўна з агульнай масай кантэнту, які ёсць у «TikTok». Гэта значыць шанцы, што людзі сустрэнуцца з гэтай інфармацыяй і, тым больш, у яе павераць, пакуль што досыць нізкія.
Гэта значыць, што для апазіцыйных сіл і незалежных медыя «TikTok» усё яшчэ застаецца такой нішай, у якой пакуль што менш праўладных кантэнт-мейкераў, і гэта стварае пэўныя магчымасці. Там можна працаваць з рознымі аўдыторыямі, якія не асабліва хочуць чытаць навіны і доўгія аналітычныя матэрыялы ў «Telegram», але, напрыклад, ім можа быць цікавы больш забаўляльны фармат кантэнту, які ўсё роўна закранае важныя моманты.