Беларускі «брэнд»: аўтакратыя ці таталітарызм?

Многія аналітыкі заяўляюць пра трансфармацыю рэжыму і пераход ад аўтакратыі да таталітарызму. Але ці так гэта насамрэч? Ці можна назваць сістэму, якую выбудаваў Лукашэнка, сапраўды таталітарнай?

_armija___abarona___sztab___vojska__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Беларусь працягвае заставацца класічным прыкладам персаналісцкай аўтакратыі, хоць у публічнай прасторы яе ўсё часцей называюць таталітарнай краінай, піша «Цэнтр новых ідэй».

Нягледзячы на шматразовае ўзмацненне рэпрэсій пасля 2020-га, рэжым Лукашэнкі адносна слаба змяніўся ў іншых аспектах. Гаварыць пра тое, што Беларусь набліжаецца да новых выбараў як таталітарная дзяржава, накшталт Паўночнай Карэі, папросту памылкова. 

Што адрознівае аўтакратыі ад таталітарных рэжымаў

Усе недэмакратычныя рэжымы абмяжоўваюць правы грамадзян, але робяць гэта па-рознаму. Хоць часцяком іх без разбору называюць дыктатурамі, паліталогія выразна адрознівае больш аўтарытарныя і таталітарныя «версіі» такіх рэжымаў. Улады ў аўтакратыях, як правіла, не імкнуцца цалкам выкараніць палітычную апазіцыю і дазваляюць грамадзянам крытыкаваць існае становішча рэчаў — прынамсі, «на кухні».

Дзякуючы захаванню хоць бы мінімальнай канкурэнцыі на выбарах, некаторых незалежных СМІ і сацыялагічных кампаній, аўтакраты могуць аб'ектыўна ацэньваць сваю папулярнасць і не прымаць памылковых рашэнняў. Пры гэтым такія рэжымы ўсё роўна часта звяртаюцца да рэпрэсій, калі іх праціўнікі рэальна пагражаюць статус-кво. 

У залежнасці ад таго, наколькі жорстка і пастаянна ўлады душаць іншадумства і канкурэнцыю, аўтакратыі падзяляюць на спаборніцкія і закрытыя. Пасля 2020-га рэжым Лукашэнкі трывала абгрунтаваўся ў другім лагеры. А вось сярод больш «мяккіх» аўтакратый на постсавецкай прасторы можна адзначыць Арменію пры Саргсяне (2008-2018), Украіну пры Януковічы (2010-2014) і нават пуцінскую Расію прыкладна да 2014 года.


Глядзіце таксама

Таталітарныя рэжымы, у адрозненне ад аўтакратый, імкнуцца да поўнага (татальнага) кантролю за грамадствам і яго трансфармацыі. Гэта апраўдваецца ідэалогіяй, якая пранізвае ўсе сферы жыцця, як было ў сталінскім СССР, нацысцкай Германіі, а сёння — у Паўночнай Карэі.

У таталітарызме няма месца ні палітычнай апазіцыі, ні асабістаму і інтымнаму.

Пры дапамозе масавых мерапрыемстваў, накшталт парадаў або нацыянальных святаў, моладзевых і прафесійных арганізацый усё грамадства мабілізуецца на пабудову (нібыта) светлай будучыні. 

Беларусь стала адной з самых жорсткіх аўтакратый

Узмацненне жорсткасці рэпрэсій супраць нязгодных і іх масавасць прывялі да распаўсюджвання заяў аб тым, што Беларусь рухаецца да таталітарызму. Чаму гэта не так, дапамагаюць зразумець даныя праекта «Varieties of Democracy» (V-Dem)*. 

Графікі ніжэй параўноўваюць экспертныя ацэнкі для Беларусі і, для парадку, 60 аўтакратый з рэгулярнымі выбарамі па шасці паказчыках: 1) узровень грамадзянскіх і палітычных свабод; 2) роля ідэалогіі; 3) удзел грамадзян у масавых мерапрыемствах; 3) сяброўства ў масавых арганізацыях пад кантролем дзяржавы; 5) ідэалагізацыя сістэмы адукацыі; 6) кантроль дзяржавы ў сацыяльных сетках. 


Параўнанне Беларусі і іншых аўтакратый з рэгулярнымі выбарамі. Крыніца: «Цэнтр новых ідэй»

Параўнанне Беларусі і іншых аўтакратый з рэгулярнымі выбарамі. Крыніца: «Цэнтр новых ідэй»

Графік паказвае, што з 2020-га Беларусь перажывае значныя палітычныя змены. Акрамя істотнага падзення ўзроўню свабод, узрасло значэнне ідэалогіі ў легітымацыі ўлады, павялічыліся частата і памеры масавых мерапрыемстваў (чаго варты толькі адзін флэшмоб «Трэба!»), узмацнілася цэнзура з боку дзяржавы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.  

Разам з тым, два апошнія паказчыкі застаюцца даволі нізкімі і не перавышаюць сярэднія значэнні для іншых рэжымаў, уключаных у аналіз. Не адбываецца і ўсёабдымнага пранікнення ідэалогіі ў беларускую адукацыю — праўда, па гэтым аспекце даныя V-Dem дазваляюць параўноўваць Беларусь і іншыя аўтакратыі толькі да 2021 года.

Беларусь — закрыты і рэпрэсіўны рэжым, дзе значную частку насельніцтва прымушаюць уступаць у масавыя і кантраляваныя дзяржавай арганізацыі кшталту БРСМ ці прафсаюзаў. Аднак у такім членстве пераважае фармалізм. Гэтыя аб'яднанні не ставяць сабе на мэце выхаваць новых грамадзян, у адрозненне ад масавых арганізацый у сталінскім СССР або гітлераўскай Германіі. 

Дый ідэалогія беларускай дзяржавы застаецца друзлай і змяняецца ў залежнасці ад геапалітычнага становішча. Пачынаючы з 2022-га, усё больш падкрэсліваецца гістарычнае братэрства з Расіяй і антызаходняе адзінства з «глабальным Поўднем».


Глядзіце таксама

Нягледзячы на пастаяннае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і ўзмацненне рэпрэсіўнага апарату, Беларусі яшчэ досыць далёка да сапраўды таталітарных рэжымаў кшталту Паўночнай Карэі. А спробы Лукашэнкі «падлашчвацца» да Захаду праз вызваленне палітычных зняволеных дазваляюць захоўваць надзею, што трэнд на ўзмацненне жорсткасці аўтарытарызму ў Беларусі не паскорыцца пасля выбараў 2025-га.

Называць Беларусь таталітарнай краінай — гэта не проста няправільна з пункту гледжання палітычнай навукі. Такая дэманізацыя рэжыму — пры ўсёй яго злачыннасці — прадстаўляе яго больш моцным, чым ён ёсць на самой справе.

Для персаналісцкай аўтакратыі смерць дыктатара звычайна азначае і хуткае разбурэнне самога рэжыму, хоць і не гарантуе пераход да дэмакратыі. Уяўленні, што ў Беларусі ўжо функцыянуе таталітарная — і таму ўстойлівая — палітычная сістэма, могуць перашкодзіць і апазіцыйным сілам, і грамадзянскай супольнасці заўважыць «акно магчымасцей», якое можа адкрыцца ў любы момант.

* Для аналізу з базы даных V-Dem браліся, адпаведна, наступныя пераменныя: v2x_civlib, v2exl_legitideol_osp, v2caautmob_osp, v2castate_osp, v2xed_ed_poed, v2smgovsmcenprc_osp.