Хронікі рэпрэсій за 9 снежня: на волю выйшла галоўрэд «БелаПАНа» Ірына Леўшына
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1488 дзён, Дзяніс — 1368.
***
На волю 7 снежня выйшла былая дырэктарка і рэдактарка інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» Ірына Леўшына, піша БАЖ.
Асуджаная на 4 гады калоніі за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (арт.361-1 Крымінальнага кодэкса) Леўшына цалкам адбыла тэрмін пакарання.
«7 снежня я шчасна пакінула ПК-4, адбыўшы за кратамі 3 гады, 3 месяцы і 3 тыдні. Паколькі я маю намер заставацца ў Беларусі, усялякія каментарыі з майго боку, як вы разумееце, немагчымыя, — напісала былая палітзняволеная ў сваім фэйсбуку. — Прызвычайваюся да свабоды, да шчасця быць побач з роднымі, да нармальнага жыцця. Дзякуй усім, хто хваляваўся за мяне ўвесь гэты час, я адчувала вашую падтрымку на адлегласці».
У 2021 годзе «БелаПАН» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ўключылі ў спіс арганізацый, якія «вядуць экстрэмісцкую дзейнасць».
У кастрычніку 2022 года суд вынес вырак журналістам і менеджарам «БелаПАНа»: Андрэй Аляксандраў атрымаў 14 гадоў калоніі, яго жонка Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады калоніі.
Аляксандрава і Злобіну абвінавацілі ў «падрыхтоўцы з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш за 260 асоб "для ўдзелу ў грубым парушэнні парадку" шляхам аплаты штрафаў, рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, паслуг адвакатаў і іншага» (ч.2 арт.342 КК), а таксама ў «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК). Аляксандраў, Леўшына і Наважылаў таксама абвінавачваліся ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» і кіраванні ім, а Аляксандраў і Наважылаў — ва «ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку» за люты 2015 года — красавік 2021 года.
***
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра памілаванне яшчэ 29 палітвязняў — 11 жанчын і 18 мужчын. Праваабаронцы пакуль не называюць іх прозвішчы, піша «Салідарнасць».
Сярод вызваленых шэсць чалавек маладзейшыя за 25 гадоў, а таксама трое пенсіянераў. Двое з «памілаваных» сёння маюць інваліднасць, а 15 — хранічныя захворванні.
Іх утрымлівалі ў калоніях за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасц»і.
Агулам з 3 ліпеня 2024 года ў Беларусі па так званай «амністыі» вызваленыя з турмаў 207 чалавек, асуджаных па палітычных матывах.
***
Перастаў працаваць сэрвіс для адпраўкі лістоў «Письмо.бел», сайт не адкрываецца ў Беларусі і з-за мяжы, паведамляе «Вясна».
У лістападзе сайт і сацыяльныя сеткі арганізацыі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У снежні 2023 года праўладныя каналы напісалі пра затрыманне стваральнікаў сэрвісу — Ігара Угліка і Аляксандра Лыкшына, а таксама брата Аляксандра Уладзіміра. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах.
«Письмо.бел» — гэта платны сэрвіс выдаленай адпраўкі лістоў і паштовак па Беларусі. Ім карысталіся, каб пісаць лісты палітвязням і адпраўляць ім фота.
***
Асуджаныя паводле пратэсных крымінальных і адміністрацыйных артыкулаў маюць цяжкасці з тым, каб атрымаць копіі судовых дакументаў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на юрыстаў у Беларусі, а таксама на саміх асуджаных.
Як расказала выданню беларуска Антаніна (імя змененае), на яе сяброўку ўвосень завялі крымінальную справу аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК). Некалькі дзён яе пратрымалі ў ізалятары, аднак пазней адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Жанчыне пры гэтым не далі на рукі аніякіх дакументаў — ні даведку аб тым, што яна была ў ІЧУ, ні дакумент аб тым, што яна падазраваная па крымінальнай справе.
Беларуска Алена (імя змененае) нядаўна трапіла ў ІЧУ праз падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Яна таксама не атрымала ні копіі міліцэйскага пратаколу, ні рашэння суда.
Сяргей (імя змененае) быў аштрафаваны паводле артыкула аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дакументы ён змог атрымаць толькі праз канцылярыю суда.
«Там спачатку адмахваліся, маўляў, няма часу, прыходзьце заўтра. Потым прынялі маю заяву і праз некалькі дзён аддалі копію пастановы», — расказаў ён «Свабодзе».
Адвакат Максім (імя змененае), які працуе ў Беларусі, пацвердзіў выданню, што яго кліенты, якіх прыцягвалі да адказнасці паводле «пратэсных» артыкулаў, таксама сутыкаліся з такой практыкай. Ён лічыць, што такім чынам людзей пазбаўляюць права абскардзіць рашэнне суду.
Паводле інфармацыі адваката, часам міліцыянты даюць затрыманым падпісаць дакумент аб тым, што яны атрымалі копіі, але пры гэтым у рэальнасці копій дакументаў ім ніхто не выдае.
«Папрасіць копію можна, але не факт, што яе дадуць. Не кожны затрыманы будзе пытаць і нешта патрабаваць у такой сітуацыі», — кажа ён.
***
Трэція 15 сутак адміністрацыйнага арышту ва ўладальніка партала s13.ru Сяргея Чабоцькі мінулі 7 снежня. Аднак, паведамляе hrodna.life, ён не выйшаў на волю.
Пра чарговы адміністрацыйны суд невядома. Верагодна, журналіста ўзялі пад варту.
Рэдактара блога s13.ru Сяргея Чабоцьку затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы: за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «пікет» у Інтэрнэце. Яго партал прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
***
Уладальніка кафэ-рэстарана з Мёраў будуць зноў судзіць за «экстрэмізм» — пасяджэнне пройдзе ў суседнім райцэнтры.
Справу Агіфа Салікавіча Байрамава 27 лістапада разглядалі ў судзе Мёрскага раёна. Мужчыну абвінавачвалі паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Як паведаміў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!», рэстаратара будуць судзіць зноў 12 снежня ў судзе Верхнядзвінскага раёна. Справу прызначаны разглядаць суддзя Віктар Баліка.
Байрамаў у 2023 годзе адкрыў у Мёрах кафэ «Аладзін», якое з тых часоў прыраслл банкетнай залай на 150 чалавек і цалкам вырасла ў рэстаран — адзіны ў райцэнтры такой катэгорыі. Пра гэтую кропку грамадскага харчавання не раз пісала мясцовая «раёнка».
***
Палітвязня Елісея Кузняцова будуць трэці раз судзіць па крымінальнай справе, піша «Вясна».
21-гадовага хлопца ўжо двойчы судзілі. У 2020 годзе яго прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пазней за «парушэнні» яму замянілі пакаранне на пазбаўленне волі. 17 снежня 2022 года Елісей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з наваполацкай калоніі № 1.
23 траўня 2023 года стала вядома, што яго зноў паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы. У жніўні 2023 года хлопца прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тры сарваныя дзяржаўныя сцягі. Палітвязень адбывае тэрмін у барысаўскай калоніі № 14.
Цяпер Елісея абвінавачваюць паводле ч.1 арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Судовы працэс над ім пачнецца ў Барысаве 18 снежня. Справу будзе весці суддзя Людміла Зінкевіч.
***
44-гадовага Вітольда Шалкевіча, лесніка са Свіслачы, будуць судзіць паводле шасці крымінальных артыкулаў праз каментары ў сацсетках, піша «Наша Ніва».
Больш за год Вітольд Шалкевіч знаходзіцца ў СІЗА. Яго абвінавачваюць па артыкулах аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «здзеку з дзяржсімвалаў» (арт.370 КК), «абразе суддзі» (арт.391 КК), «прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), а таксама «распальванні варожасці» (арт.130 КК).
Справу беларуса 9 снежня пачне разглядаць Гродзенскі абласны суд.
Як піша «НН», Вітольд Шалкевіч быў затрыманы ў жніўні 2023 года. Спачатку яго адправілі на «суткі» па адміністрацыйным артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым перавялі ў СІЗА.
Мужчына жанаты, у яго дзве непаўнагадовыя дачкі.
***
Асуджанага на 5 гадоў калоніі фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Як надоўга палітвязня адправілі ў ПКТ — не ўдакладняецца. Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён пазбаўлены спатканняў, званкоў і перадач.
Ужо больш за год Уладзіміра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, пра яго стан нічога не вядома. Летась яму дадалі год да тэрміну, абвінаваціўшы ў «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі» (арт.411 КК).
Уладзімір Кніга — экс-сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Ціханоўскай у Гродне. Пазней яго судзілі па артыкулах аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «гвалце альбо пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных спраў» (арт.364 КК).
Кніга жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей.
***
Генпракуратура накіравала справу супраць эканаміста Паўла Данейкі ў суд, паведамляе «Салідарнасць».
Яму выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 4 арт.16 і ч. 2 арт. 233 КК («Арганізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца без ліцэнзіі або спецыяльнага дазволу»), ч.1 арт.357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч.3 арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).
Згодна з абвінаваўчым заключэннем, у жніўні 2020 года Данейка ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «ў складзе яе распачаў актыўныя дзеянні для дасягнення мэтаў антыканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».
«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў кампаніі распрацаваў і рэалізаваў схему незаконнай дзейнасці, у якой выкарыстаў суб'ект прадпрымальніцтва як інструмент для абыходу працэдуры ліцэнзавання. Сума злачыннага даходу перавысіла 200 000 рублёў», — гаворыцца ў паведамленні.
Справа накіраваная ў суд.
***
Уладальніка тытула «Футбаліст года» чэмпіянату Беларусі Андрэя Салаўя і яго жонку Аксану асудзілі за «грубае парушэнне грамадскага парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Медыязона» са спасылкай на тэлеграм-канал «Белае і чорнае».
Судовы працэс прайшоў 19 лістапада ў Першамайскім судзе Мінска, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Праваабаронцы пішуць, што сямейную пару абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Прысуд невядомы.
Андрэй Салавей — паўабаронца мазырскай «Славіі». У 2020 годзе ён — найлепшы бамбардзір Першай лігі Беларусі. У 2021 годзе — найлепшы нападнік чэмпіянату Беларусі, «Футбаліст года» ў Беларусі. У 2022 годзе ў складзе каманды — пераможца вышэйшай лігі, уладальнік Суперкубка Беларусі.
На пачатку жніўня Салаўя прызналі найлепшым гульцом 16-га тура «Беларусбанк — вышэйшай лігі».
***
9 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны судовы працэс над Віталём Пацехіным і былым добраахвотнікам палка Каліноўскага Паўлам Кулажанкам. Справу супраць іх разглядае суддзя Міхаіл Макарэвіч, піша «Салідарнасць».
За атаку беспілотніка з бутэлькамі з запальнай сумессю на базу АМАПа ў Мінску 25 верасня 2021 года мужчынам, названым «выканаўцам» і «арганізатарам», інкрымінавалі шэраг артыкулаў:
- ч.ч.1 і 2 арт.290-4 КК («Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй»),
- ч.1 арт.357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»),
- ч.2 арт.295-3 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, пашкоджвальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»),
- ч.3 арт.289 КК («Тэрарыстычны акт»),
- ч.ч.1 і 2 арт.290-5 КК («Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі»),
- ч.2 арт.1 і ч.2 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
На іх на маёмасць накладзены арышт агульным коштам каля 240 тысяч рублёў.
***
9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе будуць разглядаць справу палітзняволенай Вікторыі Дамастой, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
45-гадовую маці траіх непаўналетніх дзяцей упершыню затрымалі напрыканцы студзеня падчас масавага рэйду супрацоўнікаў КДБ за харчовую дапамогу ад ініцыятывы «INeedHelpBY». Падставай паслужылі лісты і грашовыя пераводы палітвязням.
Але тады жанчыну не ўзялі пад варту. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля атрымання вынікаў тэхнічнай экспертызы 20 красавіка Вікторыю ўзялі пад варту паводле пяці артыкулаў КК: арт.130 («Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці»), арт.367 («Паклёп на Лукашэнку»), арт.342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч.ч. 1 і 2 арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Суд будзе весці суддзя Юрый Казакевіч.
***
КДБ прызнаў мабільны дадатак «Беларусь ID» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведная інфармацыя з'явілася ў пераліку фарміраванняў на сайце МУС.
У «экстрэмісцкае фарміраванне» ўключана само прыкладанне, даступнае для запампоўкі ў «Google Play», а таксама «іншыя рэсурсы ў сеціве Інтэрнэт, афіляваныя з дадзенай платформай». Што гэта за рэсурсы, КДБ не паведамляе.
Камітэт дзяржбяспекі піша, што да дадатку маюць дачыненне Павел Лібер, які ўжо трэці раз трапляе ў пералік фарміраванняў, і Міхаіл Ананьін.
«Экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны і сайт s13.ru. КДБ піша, што да сайта маюць дачыненне галоўны рэдактар Сяргей Чабоцька і Раман Алешка. У спіс таксама ўнесены сацыяльныя сеткі сайта.
Яшчэ адно «экстрэмісцкае фарміраванне» — «Гарадскі агарод Марыс Мар». КДБ адзначае, што фарміраванне «ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць у супрацоўніцтве з іншымі экстрэмісцкімі фарміраваннямі» (БНМС «РАДА», «АБФ», «Суседзі»). У сувязі з фарміраваннем згаданыя Яна Цара, Марыя Батальёнак і Анастасія Марозава. Рашэнне аб прызнанні ініцыятывы экстрэмісцкім фарміраваннем было прынята КДБ 5 лістапада.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 674 дні, Мікалая Статкевіча — 671 дзень, Ігара Лосіка — 662 дні, Віктара Бабарыкі — 600 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 530 дзён, Уладзіміра Гундара — 493 дні, Аляксандра Арановіча — 188 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1283 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1404 чалавекі. Сярод іх — 176 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.