Асобная думка. Незвычайны час і яго правілы

10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Ці гаворыць гэтая дата пра штосьці для нас?

Ілюстрацыя: chatgpt.com

Ілюстрацыя: chatgpt.com

Год таму, збіраючыся пісаць тэкст пра правы чалавека, я гэтак жа сядзела, утаропіўшыся ў акно, а там, за шклом, быў такі ж безнадзейна шэры Менск. Тады ён быў больш закінутым і пустым, а цяпер мурашнік ужо трошкі ажыў і паціху рыхтуецца да навагодніх святаў: людзі ходзяць па крамах, закупляюцца падарункамі, робяць здымкі ля калядных інсталяцый... Жыццё не стаіць на месцы нават тут, пад бетонам рэпрэсій. Рыфмуецца агульная канва, але дэталі розняцца — і менавіта ў іх, у дэталях, як вядома, крыецца сутнасць.

Учора мая партнёрка спытала ў мяне: «Чаму хоць у чымсьці нельга пажыць звычайным жыццём?» Размова зусім не тычылася тэмы гэтага тэксту, але адказ пераклікаецца з ёю. «Таму што мы з табой незвычайныя людзі і жывём у незвычайны час», — адказала я, і ў пакоі павісла цішыня.

Незвычайны час — харошы эўфемізм да таго, што ўсе ведаюць як «часы перамен» (так-так, я пра тое знакамітае кітайскае пракляцце, якое аказалася эпіграфам да нашай рэальнасці). Перамены, добрыя ці кепскія, вызначаюць, як будуць жыць людзі ў спакойныя гады, калі бурлівая плынь сыдзе і застанецца адно толькі люстра вады, у якое будзе глядзецца чалавецтва. Так бывала пасля вялікіх войнаў і рэвалюцый, што звычайна пакідалі па сабе разруху, галечу, слёзы і памяць пра страты. Горкія, незабыўныя ўспаміны, якія станавіліся кнігамі, песнямі, мемарыяламі і законамі.

Кажуць, чалавек жывы, пакуль жывы хоць хтосьці, хто яго памятае. Мабыць, тое самае можна сказаць і гісторыю, падзеі, перамены: яны жывыя, пакуль хтосьці пра іх памятае. Пакуль хтосьці памятае, якім коштам дастаўся людзям той ці іншыя перыяд зацішша, сытага жыцця, спакойных начэй. Калі сыходзяць «пакаленні перамен», знікаюць і іх успаміны, люстра вады ўжо не паказвае горкіх слёз і зморшчын, і тады забытае вяртаецца — гісторыя робіць новае кола і чалавек перажывае новыя беды, каб чамусьці навучыцца.

Прыкладна гэтак было пасля Другой сусветнай — калі людзі зірнулі на фотаздымкі і рэпартажы з канцлагераў і жахнуліся. Зведаўшы ўсю глыбіню таго, на што здольныя пры ўседазволенасці, яны сабраліся разам і прыдумалі правілы, па якіх будуць жыць, каб ніколі больш не паўтараліся тыя чорныя часы, калі вынішчаліся мільёны — проста за тое, хто яны ёсць. Так і аформіўся канцэпт правоў чалавека ў тым выглядзе,  якімі сёння мы іх ведаем — маральных і юрыдычных законаў, што абмяжоўваюць дзяржавы і нас з вамі ў нашых дзеяннях у дачыненні да іншых людзей.

Мы шмат гаворым пра правы чалавека — агульнымі словамі, якія ўжо даўно набілі аскоміну, — але забываем расказаць, што гэта, уласна, такое і якія-такія правы мы з вамі маем.


Глядзіце таксама

Перш за ўсё варта сказаць, што правы чалавека — гэта такія правілы адносінаў паміж чалавекам і дзяржавай, якія абараняюць свабоду, гонар і годнасць кожнай асобы. Менавіта дзяржава гарантуе выкананне правоў чалавека, і яна ж з'яўляецца іх парушальніцай. Усе палажэнні, звязаныя з вызначэннем правоў чалавека і іх забеспячэннем, прапісаныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека; асобныя моманты дублююцца ў канстытуцыях; больш падрабязна пра правы чалавека можна пачытаць у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП).

Другі момант — гэта тое, што ўсе правы чалавека, як ужо можна было зразумець вышэй, падзяляюцца на асабістыя і грамадзянскія, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя, апошнім часам выдзяляюць таксама экалагічныя правы чалавека.

Да асабістых правоў чалавека адносяцца такія фундаментальныя правы, як:

  • права на жыццё;
  • недатыкальнасць асобы;
  • гонар і годнасць асобы;
  • свабода перасоўвання і выбару месца жыхарства;
  • свабода ад рабскай і прымусовай працы;
  • свабода сэксуальнага самавызначэння чалавека

і г. д.

Палітычныя правы чалавека:

  • роўнасць перад законам;
  • свабода сумлення і веравызнання;
  • свабода слова;
  • свабода мірных сходаў;
  • свабода аб'яднанняў і саюзаў

і г. д.

У сацыяльна-эканамічныя правы чалавека ўваходзяць:

  • працоўныя правы:
  • правы на ахову бацькоўства і дзяцінства;
  • права на адукацыю;
  • права на ахову здароўя

і г. д.

Культурныя правы чалавека:

  • свабода навук і мастацтваў (у тым ліку свабода творчасці);
  • свабода выкладання.

Новы від правоў чалавека — экалагічныя — уключае ў сябе:

  • права на спрыяльнае наваколле;
  • права на інфармацыю пра стан навакольнага асяроддзя;
  • права на кампенсацыю шкоды здароўю ці маёмасці, прычыненай экалагічнымі правапарушэннямі (нагадаем, парушыць правы чалавека можа толькі дзяржава).

Усе гэтыя правы могуць быць абмежаваныя заканадаўствам. Акрамя двух: свабода ад катаванняў і свабода ад рабства. Ніхто і ні пры якіх абставінах не можа абмежаваць недатыкальнасць асобы і прымусіць яе выконваць рабскую працу. Нават права на жыццё — фундаментальнае права для любога чалавека — можа быць абмежаванае. Як тлумачаць праваабаронцы, «права на жыццё зусім не азначае, што нам гарантаваная неўміручасць. Аднак дзяржава бярэ на сябе абавязак устрымлівацца ад наўмыснага пазбаўлення жыцця і абараняць жыццё кожнага з нас ад супрацьпраўных замахаў. Дзеля гэтага ўлада павінна стварыць законы, якія забараняюць дзеянні, што нясуць пагрозу жыццю людзей, а таксама адпаведныя інстытуты, якія будуць сачыць за выкананнем гэтых законаў. А ў выпадку гібелі чалавека дзяржава павінна хутка і эфектыўна расследаваць усе акалічнасці смерці і пакараць вінаватых». 


Глядзіце таксама

Калі чалавек учыняе дзеянні, якія пагражаюць жыццю і здароўю іншых асоб, дзеля прадухілення такой пагрозы супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць прымяніць зброю. А вось смяротнае пакаранне, якое існуе і, на жаль, паспяхова дзейнічае ў Беларусі, з'яўляецца прамым парушэннем права на жыццё, замацаваным, да таго ж, на заканадаўчым узроўні.

У прынцыпе, беларуская дзяржава парушае не толькі права на жыццё сваіх грамадзян — прасцей сказаць, якія з правоў чалавека яна не парушае (і наўрад ці знойдзецца хоць адно). Найбольш актыўна апошнія гады прадстаўнікамі дзяржавы (сілавікамі, супрацоўнікамі пенітэнцыярнай сістэмы) выкарыстоўваюцца адвольныя затрыманні, выкраданні, катаванні, прымусовая праца вязняў (фактычна, рабская праца), карная псіхіятрыя і г. д. Праваабаронцы штодзень фіксуюць мноства злачынстваў — беспакараных злачынстваў, — учыненых дзяржавай ад імя закону.

Але тое адбываецца не толькі ў нас. Свет імкліва з'язджае з глузду, зноў уваходзіць у моду культ сілы, пачынаецца новая гонка ўзбраенняў, а паўсюдныя войны, якія быццам спаборнічаюць адна з адной у крывавасці і жорсткасці, рызыкуюць перарасці ў адну вялікую бойню, пасля якой не застанецца каменя на камені. Дзяржавы-агрэсары ўжо і не ўспамінаюць пра свае ж законы, канстытуцыі, міжнародныя пакты і дамовы, а правы чалавека для іх — як чырвоная ануча, якую яны рвуць наўмысна, назло так званаму «цывілізаванаму свету». Забойствы і катаванні сёння маюць мноства імёнаў: дэнацыфікацыя, вызваленне, джыхад, ачышчэнне... Як іх ні назаві, сутнасць застаецца той жа самай: людзі працягваюць вынішчаць адно аднаго, забыўшыся на сумныя ўрокі мінуўшчыны.

Я з жахам думаю: калі ў Другую сусветную дадумаліся да лагераў смерці, газавых камер і печаў, да чаго дадумаюцца цяпер? І што гэта будзе за свет пасля, дзе людзі, глянуўшы на тое, што нарабілі, вымушаныя будуць прыдумаць новыя правілы, каб жыць, пакуль памятаецца гора. Што нас яшчэ стрымае?