Літва і NATO — супраць Беларусі і Расіі? Прапагандысты знайшлі новага «ворага»

Праўладныя СМІ і ТГ-каналы ўжо некалькі гадоў абвінавачваюць Польшчу ва ўсіх сваіх бедах, але ў апошнім часам у іх рыторыцы стаў праскокваць новы «вораг» — Літва.

Ілюстрацыйнае фота: delfi.lt

Ілюстрацыйнае фота: delfi.lt

Аналізуючы паток варожай інфармацыі, аналітыкі Узброеных сіл (УС) Літвы назіраюць спробы абвінаваціць Літву і NATO ў арганізацыі звяржэння аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. УС Літвы паведамілі, што ў лістападзе паток варожай інфармацыі захаваўся на ўзроўні кастрычніка, аднак аналітыкі адзначылі ўзмацненне прапагандысцкай актыўнасці Беларусі.

Паводле звестак літоўскіх вайскоўцаў, Беларусь і Расія ўзмацнілі рыторыку, накіраваную на абвінавачванні на адрас Літвы і NATO. Асноўны акцэнт рабіўся на сцвярджэннях, што гэтыя краіны ўяўляюць пагрозу бяспецы Беларусі, піша ltr.lt.

Прапагандысцкі фільм пра «пераварот»

Адным з яскравых прыкладаў дэзінфармацыі стаў фільм, паказаны на беларускім дзяржаўным тэлеканале. У ім сцвярджаецца, што спецслужбы нібыта прадухілілі спробу перавароту, арганізаванага апазіцыянерамі пры падтрымцы Літвы і Польшчы.


Глядзіце таксама

Паводле сюжэту фільма, апазіцыянераў нібыта фінансавалі і навучалі для ўзброеных дзеянняў, а на наступным этапе планавалася падключэнне сіл NATO. Гэтая гісторыя шырока распаўсюджвалася ў расійскіх і беларускіх СМІ, выклікаўшы рэакцыі з боку вядучых прапагандыстаў.

Уплыў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

Аналітыкі звязваюць узмацненне інфармацыйнага ціску з падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня. На думку экспертаў, дэзінфармацыя накіравана на кансалідацыю выбаршчыкаў унутры краіны і стварэнне вобраза знешняга ворага.

Асаблівая ўвага прапагандысцкіх СМІ прыцягнула рашэнне Захаду прадаставіць Украіне ракеты ATACMS. У паведамленнях сцвярджалася, што гэта стала «чырвонай лініяй», якую Расія расцэньвае як прамое ўцягванне NATO ў вайну.

Пасля гэтага ў інфармацыйнай прасторы ўзмацнілася рыторыка пра нібыта непазбежныя наступствы для Захаду, што суправаджалася паведамленнямі пра выпрабаванні расійскай гіпергукавой ракеты «Арэшнік».


Глядзіце таксама

Энергетычная палітыка пад прыцэлам

Прапагандысцкія СМІ таксама працягнулі ціск на Літву і краіны Балтыі, факусуючыся на энергетычнай палітыцы. Асаблівая ўвага надавалася планам адключэння краін Балтыі ад энергасістэмы БРЭЛЛ. У матэрыялах сцвярджалася, што гэта нібыта пагоршыць якасць жыцця жыхароў рэгіёну і з'яўляецца часткай русафобскай палітыкі.

Літоўскія ваенныя аналітыкі разглядаюць падобныя паведамленні як частку мэтанакіраванай кампаніі дэзінфармацыі, накіраванай на падрыў даверу да NATO, дыскрэдытацыю краін Балтыі і маніпуляцыю грамадскай думкай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.